Віктар Шалкевіч пра крыніцу ведаў або куды дзець старыя кнігі
Славуты бард, музыкант и пiсьменiк Вiктар Шалкевiч разважае, ці можна ў Гродна здаць у кніжную краму непатрэбныя кнігі, і якія творы пападаюцца на паліцу, узяць каторыя можна за адзін рубель.
Любите книгу — источник знаний! (нехта разумны сказаў)
Наколькі можна верыць працаўніцы адной з гарадзенскіх кніжных крамаў — у нашым горадзе не засталося ў кнігарнях букіністычных аддзелаў, дзе прымаюць ад насельніцтва і потым прадаюць розныя кнігі. Між тым у суседнім горадзе Мінску для некаторых грамадзянаў здача сямейных кнігазбораў у краму-важная,калі не адзіная крыніца ўтрымання.
Працэдура прыняцця кнігаў у скупку- вельмі доўгая і складаная, трэба запісвацца ў чаргу амаль што не за месяц- я гэта чую з размоваў, якія дзяўчаты штохвілінна праводзяць па тэлефоне з кліентамі. У дзень ІКС ля крамы на скрыжаванні Маркса і Энгельса выстойваецца дастаткова ўнушальная чарга, у асноўным людзей за добрых шэсцьдзесят год з прычэпам.
Што здаюць? Тое, што стаяла дзесяцігоддзямі і пылілася на паліцах за шклом , што ніколі не бралася ў рукі, не чыталася, нават не перагортвалася.Усякія падпісныя зборы твораў Льва Талстога, Мікалая Гогаля, Аляксандра Астроўскага. Яны, канешне, прыгожа і салідна выглядалі звонку, наяўнасць такіх кнігаў стварала пра гаспадара кватэры ўражанне, што ён адукаваны і разумны чалавек, ледзь не акадэмік.
Але надрукаваныя былі гэтыя Талстыя і Астроўскія на шэрай дрэннай тыпаграфскай паперы нумар адзін альбо два дробным шрыфтам, і нават стоячы за шклом, яны , як людзі, старэлі, шарэлі і выцвіталі.Стаялі так, на ўсялякі выпадак.
От, можа калі гаспадар цішком даставаў з паліцы сёмы том, каб схаваць у ім ад гаспадыні якіх пару рублёў ці чырвонец на гарэлку,а потым забываўся пра заначку, і яна ляжала незапатрабаваная, і даляжала да дваццаць першага стагоддзя.
І потым прывандравала разам з кнігай у букіністычную краму, Кнігі, якія шукаюць новых гаспадароў і чытачоў, стаяць на паліцах розны час. Больш цікавыя, кшталту аўтарства нябожчыкаў Вайновіча ці Даўлатава, нават месца не награваюць. З усякімі сацрэалістычнымі творамі прыходзіцца цяжэй— калі Сіманавы, Дзям’яны Бедныя альбо Максімы Горкія доўга не прадаюцца, іх пераводзяць у ніжэйшую катэгорыю, аднарублёвую.
Існуюць асобныя паліцы, на якіх вісіць ліст паперы А-4 з надпісам «Усё за 1 рубель».
Божа, колькі ўсякага папяровага смецця там назбіралася!!! На што толькі выдаткоўваліся ў гады разьвітога сацыялізму грошы пралетароў, сялян і інтэлігенцыі?
Хоць, з паўгадзіны пакорпаўшыся, таксама можна там знайсці нешта цалкам прыстойнае: харошы англійскі дэтэктыў, нядрэнны зборнік вершаў паэтаў дзевятнаццатага стагоддзя,папулярны даведнік-песеннік з нотамі і тэкстамі «Аббы», «Боні Эм» ці Поля Саймана.
Але ў асноўным пералапачванне гэтай макулатуры ў эфекце аніякае.Мала, амаль што нічога путнага ад мінулага не засталося.
Мінулае- гэта больш пра класавую барацьбу,пра індустрыалізацыю, пра кулакоў і ворагаў існуючага ладу, пра барацьбу харошага з яшчэ больш лепшым, пра кіруючую ролю партыі.
Некаторыя грамадзяне нават прыносяць і здаюць біяграфію Сталіна ці выбраныя творы Леніна, ці ў свой час папулярную «Лицом к лицу с Америкой» пра ваяж Мікіты Сяргеевіча «Кукурузнага» Хрушчова ў ЗША.
Я, арыенуючыся неяк у літаратуры, вельмі люблю ў гэтую краму заходзіць і выходзіць адтуль не з пустымі рукамі.Прачытаўшы тую ці іншую кнігу, можна аб нечым дазнацца.Так , у трохтомніку слыннага ў свой час савецкага журналіста Міхаіла Кальцова я даведаўся з прадмовы, што ён загінуў у сталінскіх засценках таму, што яго агаварылі замежная шпіёны!
Леў Нікулін, таксама модны і вядомы ў 30-я-50-е гады пісьменнік,успамінаў, што да 1917 года на Чырвоным Пляцы ў Маскве штогод перад Вялікаднем праводзіліся шумныя святочныя базары і парады конных экіпажаў. Харошая была традыцыя, вясёлая і ўрачыстая, але, на жаль, занікла і прапала.
А што тычыцца папулярных (чамусьці) ў 70-я гады ў колах савецкай інтэлігенцыі мемуараў Іллі Эрэнбурга «Люди, годы, жизнь», то гэта, канешне, не кожны можа дачытаць хоць да сярэдзіны.Калі я запытаўся знаёмага мінскага літаратуразнаўцу, чаму яна была папулярнай, той мне растлумачыў, што Эрэнбург амаль паўжыцця правёў за мяжой і пісаў пра гэта, а савецкія людзі за мяжой не бывалі, і ім гэтыя мемуары былі як глыток паветра…
Не з’есці цукерак, дык хоць паперку палізаць…
Тым не менш, нават самая найгоршая і найнуднейшая кніга – гэта якая-ніякая, а крыніца ведаў!
Так што людзі, купляйце і чытайце кнігі!