Прайшоў сотні вёсак, палацаў і сядзіб — Анатоль Федарук і яго мастацкая спадчына Гродзенскай зямлі
Без кніг Анатоля Федарука нашых ведаў пра мінуўшчыну і сучаснасць асобных мясцін Гродзенскай вобласці, якімі з’яўляюцца садова-паркавыя рэшткі былых шляхецкіх сядзібаў, была бы значна менш, піша гісторык і краявед Віталь Карнялюк.
Цягам больш чвэрці стагоддзя прафесар МПДУ імя Максіма Танка Анатоль Тарасавіч Федарук (1939-2022) рупліва вывучаў, па-большасці, забытую спадчыну садова-паркавага мастацтва Беларусі.
Літаральна пешшу ён абыйшоў сотні населеных пунктаў, ваколіц, сажалак, ручаёў, прысадаў і гаяў. У розныя паравіны году апісаў і зафіксаваў на фотакамеру тысячы захаваных больш ці менш фрагментаў былых палацавых і сядзібных пабудоў.
А паміж непасрэдным знаёмствам на мясцовасці з помнікамі садова-паркавага мастацтва былі дні і месяцы працы ў архівах і бібліятэках. Там на старонках архіўных спраў ён знаходзіў падцверджанне сваім палявым знаходкам, альбо складаў планы чарговых адкрыццяў.
А тое, што вывучэнне былых шляхецкіх і магнатцкіх сядзібаў вяло да адкрыццяў, сведчыць амаль кожная вылазка ў той ці іншы раён нашай краіны. Вось напрыклад, як ён знайўшоў палацавы комплекс былой гродзенскай сядзібы Аўгустовак” у раёне вуліц Л. Чайкінай і Рэпіна. Сведкаю гэтага адкрыцця мне пашчасціла быць.
Вядома, што Анатоль Федарук, дзякуючы сваім здольнасцям і свайму досведу, па ледзь заўважных прыкметах расліннасці: дрэў, кустоўя, падросту,мог бачыць сляды планіроўкі былой сядзібы.
Ён натуральным чынам «чытаў» змененую амаль цалкам прастору населенага пункта і бачыў зусім іншыя дэталі ўшчэнт знішчанага садова-паркавага комплексу. Адчуванне гістарычнай крыніцы, якімі для Анатоля Тарасавіча былі і матэрыяльныя аб’екты, пабудаваныя або спланаваныя чалавекам, і раслінны свет, які спалучае мясцовыя пароды і экзоты для нашай мясцовасці, заўважалася ў ім на кожным кроку нашых палявых выхадаў.
Гэта якасць навукоўцы выразна, у чарговы раз выявілася падчас чарговага знаёмства з быццам бы вядомай мясцовасцю — раёнам вуліцы Рэпіна ў Гродне.
Усім вядома, што дадзены куток горада звязаны з былым месцазнаходжаннем адной з сядзіб Станіслава Аўгуста Панятоўскага – Аўгустоўкам. Цяпер ад яе толькі капліца і гаспадарчая пабудова, а таксама рэшткі алеі ўздоўж самой вуліцы.
Хаджэнне з Федаруком па тых месцах у кампаніі з гродзенскім біёлагам і краязнаўцам Віталём Станіслававічам Гуменным дазволіла паглядзець на гэтую абсалютна змененую з часоў XVIII ст. прастору, іншымі вачыма.
Анатоль Тарасавіч свае «трэцім вокам» заўважыў чараду кустоў і паказаў на яе, як на былую лінію дрэў, якія вялі да месцазнаходжання сядзібы манарха Рэчы Паспалітай. Адзначым, што на тым месцы, на якое паказваў прафесар, быў кальцавы прыпынак аўтобуса, і нішто, нават, самым малым чынам не нагадвала кульмінацыйнае месца сядзібы.
Тым не менш, пералічваючы яшчэ шэраг ускосных прыкмет, Анатоль Тарасавіч даволі доказна абгрунтаваў былы цэнтр сядзібнага комплексу. Вось так мы прысутнічалі пры чарговым адкрыцці свайго горада.
У выніку шматгадовага захаплення садова-паркавай спадчынай Беларусі з-пад пяра навукоўцы склаліся кнігі: “Садово-парковое искусство Белоруссии”(1989), “Старинные усадьбы Минского края” (2000), “Старинные усадьбы Берестейщины” (2006).
С 2013 г. Анатоль Федарук прыступіў да выдання вынікаў сваіх даследаванняў па Гродзеншчыне. Менавіта ў нашай вобласці помнікаў такой архітэктуры захавалася найбольш.
Спачатку, дзякуючы дапамозе тагачаснага дырэктара Мірскага замка В. М. Папко, убачыла свет кніга “Старинные усадьбы Беларуси: Кореличский район” (2013). Потым у выдавецтве “Беларусь” выйшла кніга “Старинные усадьбы Гродненщины (2014).
Там знайшлося месца ўнікальным звесткам пра сады і паркі Бераставіцкага, Ваўкавысскага, Воранаўскага, Гродзенскага, Дзятлаўскага, Зельвенскага і Іўеўскага раёнаў.
Варта падкрэсліць, што гэта былі звесткі як пра гісторыю людзей: гаспадароў і ставаральнікаў сядзібнай і паркавай прыгажосці, дэталёвы аповяд пра раслінны свет і адметнасці ландшафтаў, і, безумоўна, пра разнастайныя архітэктурныя пабудовы.
На вялікі жаль цяжкая хвароба з 2014 года прыпыніла, па-добраму, апантаную і неверагодна плённую дзейнасць навукоўцы.
І ўжо ў 2020 г. свет убачыла чарговая кніга серыі “Старинные усадьбы Гродненщины” з матэрыяламі пра Лідскі, Мастоўскі, Навагрудскі, Астравецкі і Ашмянскія раёны.
Кніга была складзена дзякуючы намаганнямі аднадумцаў А.Т. Федарука – дачкі Н.А. Федарук, гісторыкаў В.М. Папко і Д.У. Мурашка і шмат іншых памагатых у гэтай справе. У кнізе – тэксты А.Т. Федарука. А вось наконт ілюстрацый – кравугольнай часткі кожнай кнігі гэтага аўтара, то выдаўцы дадзенага тома, з сума адзначылі, што “архівам Анатоля Тарасавіча здолелі скарыстацца толькі часткова: архіў не сістэматызаваны і без удзела самога аўтара. Разабрацца ў ім было немагчыма”.
Але чарговая кніга А.Т. Федарука пра Гродзенскую вобласць ўбачыла свет. А з цягам часу – у 2022 і 2023 гг. вышлі яшчэ две кнігі — “Старинные усадьбы Гродненщины. Свислочский район, Слонимский район» (2022) і “Старинные усадьбы Гродненщины. Сморгоньский район, Щучинский район» (2023).
Апошняя кніга змяшчае асобны раздзел – успаміны пра Анатоля. Федарука тых, каму ў жыцці пашчасціла бачыць, працаваць, супрацоўнічаць з гэтым выбітным беларускім навукоўцам і асветнікам.
Слова “асветнік” тут не лішняе: кнігі Федарука істотна пашыраюць нашу свядомасць пра Гарадзенскі край, вучаць разумець прастору і мінушчыну нашай краіны, арганічна спалучаючы веды пра багацце беларускай нацыянальнай культуры і багацце нашай прыроды.
Без сумневу, новыя кнігі Анатоля Федарука, як і ранейшыя, не затрымаюцца на паліцах кнігарняў.