З надзеямі на лепшае — анекдот i вынiкi года ад Вiктара Шалкевiча

Нарэшце ён канчаецца! Бесталковы, крыважэрны,абсалютна ненармальны па ўсіх параметрах! А нібы так хораша і дастаткова нейтральна ўсё пачыналася год таму. Традыцыйна, можна сказаць. Надзеямі на лепшае,разнастайнымі аптымістычнымі палітычнымі прагнозамі, салютамі, фейерверкамі і усялякай таннай кітайскай ўсялячынай…

Скончылася тым, што маем. Што ў руках трымаем…

І адзінае, чым можа пахваліцца галава сям’і, седзячы пры калядным альбо навагоднім-святочным стале і падымаючы першую чарку: «Дзякуй Богу, што мы ўсе дайшлі да гэтае апошняе хвіліны жывыя і здаровыя, што нашую сям’ю абмінула  няшчасьце, ніхто з нас не ляжыць на могілках ці не сядзіць у турме!»

Праўда, кладучы руку на сэрца, скажу, што не кожны галава сям’і можа гэтым пахваліцца…

Фото из архива

Прыпамінаецца стары анекдот.

Царская Расія, пачатак дваццатага стагоддзя.

Адзін Ізраэліт, перажыўшы не вельмі прыемныя хвіліны, звязаныя з яго паходжаннем, вырашыў з’ехаць кудысці туды, дзе неба чысцейшае і трава зелянейшая. Дзеля гэтага ён прыйшоў у нейкі аналаг сённяшняга турагенства і пачаў распытваць дасьведчанага супрацоўніка, як і што…

Той намалёўвае яму розныя варыянты. Адбываецца дыялог:

-Ну вось я магу вам прапанаваць з’ехаць у Злучаныя Штаты Амэрыкі!

-Не, ну што вы, там жывуць яшчэ тыя антысеміты, горшыя за нашых! Не, у Амэрыку мне не трэба!

— Ну тады магу вам прапанаваць эміграцыю ў Аргентыну! Прыгожая краіна!

— Не! Там  адныя голыя стэпы з каровамі і пастухамі! Там няма цывілізацыі, няма адзінаверцаў. Што мне там рабіць?

-А што вы скажаце за Аўстралію?

-Не, ну вы прапаноўваеце такія варыянты, што адзін горшы за другі! Каб мяне зарэзалі англійскія катаржнікі, ці забілі бумерангам абарыгены, ці задзяўблі галодныя страусы?

-Тады паедзьце ва Ўганду! Цудоўная, багатая афрыканская краіна! Азалоціцеся на працягу трох месяцаў!

-Што вы гаворыце? Там жа жыве муха цэцэ, якая кусае бэз разбору і абрэзаных і неабрэзаных!

Размова паволі зайшла ў тупік. Тады дасьведчаны супрацоўнік здымае з паліцы глобус, уручае яго Ізраэліту і кажа”:Вось вам глобус! Шукайце на ім тое месца, якое вам падабаецца, і едзьце сабе!”

Ізраэліт доўга круціць глобус у руках, мармычучы нешта сабе пад нос, уздыхае, аддае  яго дасьведчанаму супрацоўніку і пытаецца:

“Скажэце, а ў вас няма іншага, другога, лепшага глобуса?”

Другога, іншага, лепшага глобуса ў турагенстве не было.

І для нас з вамі не будзе іншага глобуса.Мусіма  жыць, дзе жылі!

Гэтым аптымістычным анекдотам я хачу разьвітацца з вамі ў адыходзячым 2021 годзе.

Маю надзею, што сустрэнемся жывымі і здаровымі ў 2022!