З надзеямі на лепшае — анекдот i вынiкi года ад Вiктара Шалкевiча
Нарэшце ён канчаецца! Бесталковы, крыважэрны,абсалютна ненармальны па ўсіх параметрах! А нібы так хораша і дастаткова нейтральна ўсё пачыналася год таму. Традыцыйна, можна сказаць. Надзеямі на лепшае,разнастайнымі аптымістычнымі палітычнымі прагнозамі, салютамі, фейерверкамі і усялякай таннай кітайскай ўсялячынай…
Скончылася тым, што маем. Што ў руках трымаем…
І адзінае, чым можа пахваліцца галава сям’і, седзячы пры калядным альбо навагоднім-святочным стале і падымаючы першую чарку: «Дзякуй Богу, што мы ўсе дайшлі да гэтае апошняе хвіліны жывыя і здаровыя, што нашую сям’ю абмінула няшчасьце, ніхто з нас не ляжыць на могілках ці не сядзіць у турме!»
Праўда, кладучы руку на сэрца, скажу, што не кожны галава сям’і можа гэтым пахваліцца…
Прыпамінаецца стары анекдот.
Царская Расія, пачатак дваццатага стагоддзя.
Адзін Ізраэліт, перажыўшы не вельмі прыемныя хвіліны, звязаныя з яго паходжаннем, вырашыў з’ехаць кудысці туды, дзе неба чысцейшае і трава зелянейшая. Дзеля гэтага ён прыйшоў у нейкі аналаг сённяшняга турагенства і пачаў распытваць дасьведчанага супрацоўніка, як і што…
Той намалёўвае яму розныя варыянты. Адбываецца дыялог:
-Ну вось я магу вам прапанаваць з’ехаць у Злучаныя Штаты Амэрыкі!
-Не, ну што вы, там жывуць яшчэ тыя антысеміты, горшыя за нашых! Не, у Амэрыку мне не трэба!
— Ну тады магу вам прапанаваць эміграцыю ў Аргентыну! Прыгожая краіна!
— Не! Там адныя голыя стэпы з каровамі і пастухамі! Там няма цывілізацыі, няма адзінаверцаў. Што мне там рабіць?
-А што вы скажаце за Аўстралію?
-Не, ну вы прапаноўваеце такія варыянты, што адзін горшы за другі! Каб мяне зарэзалі англійскія катаржнікі, ці забілі бумерангам абарыгены, ці задзяўблі галодныя страусы?
-Тады паедзьце ва Ўганду! Цудоўная, багатая афрыканская краіна! Азалоціцеся на працягу трох месяцаў!
-Што вы гаворыце? Там жа жыве муха цэцэ, якая кусае бэз разбору і абрэзаных і неабрэзаных!
Размова паволі зайшла ў тупік. Тады дасьведчаны супрацоўнік здымае з паліцы глобус, уручае яго Ізраэліту і кажа”:Вось вам глобус! Шукайце на ім тое месца, якое вам падабаецца, і едзьце сабе!”
Ізраэліт доўга круціць глобус у руках, мармычучы нешта сабе пад нос, уздыхае, аддае яго дасьведчанаму супрацоўніку і пытаецца:
“Скажэце, а ў вас няма іншага, другога, лепшага глобуса?”
Другога, іншага, лепшага глобуса ў турагенстве не было.
І для нас з вамі не будзе іншага глобуса.Мусіма жыць, дзе жылі!
Гэтым аптымістычным анекдотам я хачу разьвітацца з вамі ў адыходзячым 2021 годзе.
Маю надзею, што сустрэнемся жывымі і здаровымі ў 2022!