Птушкі, якія зрабіліся дамашнімі. Пра буслоў, варон и галубоў Гродна пiша Віктар Шалкевіч

У чарговым выпуску блога музыкант и пісьменнік Віктар Шалкевіч разважае пра птушак, якія зрабіліся зусім як людзі. Ці вельмі блізка падыйшлі да таго, каб «людзьмі звацца».

Чайкі, зразумеўшы, што рыбы ў моры штогод плодзіцца і множыцца меней,вырашылі перамяніць месца жыхарства, збіліся ў зграі, зрабілі развітальнае кола над збяднелым Балтыйскім морам – і прымай нас, новая зямля, атрымалі сталую прапіску ў ваколіцах нашага з вамі гораду.

Нікога ўжо не здзіўляе, калі іх стоэкзэмплярная галосная кампанія махае крыламі над Дзевятоўкамі альбо Пярэсялкамі. Гэтыя-та знойдуць сабе сякі-такі харч ці на гарадскім сметніку за Баранавічамі, ці на беразе Нёмана, ці на ўскрайку лесу, дзе невядомы прадпрымальнік-саматужнік высыпаў, азіраючыся, пару мяхоў сапсаванай прадукцыі.

Яны прывыклі гадзінамі вісець у паветры над морам, пільна ўглядаючыся ў глыбіню і высочваючы малавопытную неасцярожную салаку ці сялёдку, а тут ежа проста пад лапамі ляжыць і чакае, толькі сядай і дзяўбі.

Буслоў раней можна было ўбачыць на лузе ці ля возера, дзе яны, годна ступаючы па зялёнай мураве, доўгаю дзюбаю па-майстэрску вымалі з супляценняў вясновых раслінаў і кветак сваю чарговую земнаводную ахвяру і неслі яе ў гняздо той адзінай, што цярпліва грэла сваім целам будучае патомства…

Рамантычная гэтая сітуацыя стварала нагоду для напісання чулымі рыфмаклетамі і песеннікамі розных шчымлівых паэтычна-музычных твораў, буслы аб’яўляліся высакароднаю птушкаю і сімвалам нашае старонкі!

Была нават гарэлка, якая называлася «Два буслы»!

Зараз буслы не саромеюцца лазіць за плугам па сьвежаўзаранай глебе калгаснага поля паміж Абуховічамі і Скідлем у кампаніі вялікіх і трохі меншых варонаў. Розныя чэрві і кузуркі таксама дапамагаюць буслінай сям’і перажыць не самыя спрыяльныя часы…

Галубы— гэта гарадскія жабракі. Гэта сваеасаблівыя сацыяльныя птушыныя нізы.Іх вечна забіваюць нейкія хваробы,косяць інфекцыі, яны страшэнна дурныя і даверлівыя! Харчуюцца чым Бог пашле, ці што кіне на прыпынку які малодшы школьнік з блізкай гімназіі.

Галадаюць, мёрзнуць каля вакзалаў,іх душаць і жаруць бадзяжныя каты! Не жыццё, словам, а ланцуг няшчасцяў!

Падчас апошняй вайны згаладнелыя людзі ў Менску іх пералавілі і пераелі ўсіх, так што па вайне ўладам прышлося завозіць у горад галубоў ажно з Рыгі – і гэта факт, апісаны ў кнігах.

У нашым горадзе такога не было, і не будзе, я маю надзею!

Сарокі, каторыя прыляталі з лесу бліжэй да людскога жытла толькі ўзімку і толькі падчас лютых маразоў, зараз наведваюцца на якую вуліцу Пушкіна ці Горкага ў любую гадзіну і, сеўшы на абляцелую з лістоў бярозку, стракочуць там пра што ўздумаецца!

І нарэшце-вароны! Гэта – птушыная шляхта, гэта – інтэлектуалы! Толькі яны могуць, скаапераваўшыся ўтрох,ганяць па гарадскім надворку сытага, хатняга ката, і той будзе хавацца ах іх пад лаўкамі.

Фото: ivblagochinie.ru

Толькі вароны, сеўшы на бляшаны сметнік, дастаюць адтуль пачак з чыпсамі «Лэйс»!

Толькі варона здагадаецца кінуць чалавеку пад ногі грэцкі гарэх, што будзе чалавекам успрынята адназначна! Ён гарэх раздушыць чаравікам, а варона будзе сідзець на блізкім плоце, хітра паблёскваючы вокам.Яна так прыдумала!

Вароны жывуць дастаткова камфортна і зладжана. Па-мойму, яны лічаць,што навакольны сьвет створаны пад іх і дзеля іх! На людзей яны глядзяць, як на памагатых.

А што сказаць пра вераб’ёў?

Вераб’і – яны і ў Злучаных Штатах Амэрыкі вераб’і! Яны – незнішчальныя! Яны – вечныя!