Віктар Шалкевіч і яго сакавіцкая святочная байка пра тое, як знайсці выйсце з цяжкай сітуацыі

Было гэта ну вельмі даўно. У былой БССР, у шэсцідзесятыя гады мінулага стагоддзя. Адзіным і вялікім горадам, дзе можна было ўсё знайсці, купіць і прывесьці дахаты ў маё Поразава, з’яўляўся Ваўкавыск. Туды ездзілі, па-мойму, нават жыхары раённай Свіслачы, Бераставіцы і, па чутках, гарадзенцы.

Фото носит иллюстративный характер

Дык вось, выправілі мяне бацькі ў Ваўкавыск з мэтаю — знайсці і купіць ва ўнівермазе тэлевізійную лямпу: 6П36Ф- часта яна гарэла. Прыехаў я ў гэны цудоўны горад, пайшоў вельмі доўгаю старасьвецкаю вуліцаю ў цэнтар, зайшоў ва ўнівермаг…

Як раз гэтая лямпа там была, купіў яе і пайшоў сабе назад ў накірунку аўтастанцыі. А было мне тады гадоў можа з адзінаццаць ці дванаццаць, хлопец я быў спрытны, але яшчэ не ва ўсім. Памятаваў, што трэба ісці цэлы час проста, але на  чарговым скрыжаванні чамусьці ўзяў управа — ёсць там такая вулічка, і пайшоў па ёй…

Іду і дзіўлюся — нешта не відаць знаёмых сілуэтаў крамаў, нібы тая вуліца, а не тая. Словам, заблудзіў я ў Ваўкавыску, і то сур’ёзна. Інтэрнэтаў і сотавых тэлефонаў не было, а мне толькі 12 год, і неяк трэба вярнуцца дахаты, лямпу прывезьці.

Паглядзеў я за сябе — а насустрач мне ідзе сьветлавалосая, ну вельмі прыгожая дзяўчына, старэйшая напэўна за мяне, у беленькіх паўкедах, несучы на плячы паштальёнскую сумку. Можа сама ўжо працавала, а можа дапамагала бацьку ці маці разносіць пошту. Я неяк перамог устыд і кажу: «Добры дзень, прабачце! Заблудзіў я, шаноўная Паненка, як мне тут бліжэй ды лепей выйсці да аўтавакзала». Яна толькі засмяялася, гледзячы на мяне, і сказала: «Ну нічога страшнага няма тут, якраз мне па дарозе, пойдзем, завяду».

Я цяпер уяўляю, як я перапалохаўся і што ў мяне было на твары намалявана. Пайшлі мы па вуліцы, аб нечым размаўляючы, і я, памятаю, на яе наўзірацца не мог. Ваўкавыскі павет увогуле, разам з Лідскім, заўсёды быў наперадзе ўсіх па колькасці прыгожых дзяўчат на душу насельніцтва.

Яна была сапраўды як расквітлая кветка, гаварыла вельмі прыемна, усміхалася, і што мне запала назаўсёды ў памяць — яе беленькія паўкеды. Да таго ж на двары стаяла цёплае, з ветрыкам, лета…

Аўтавакзал  быў сапраўды недалёка, на суседняй вуліцы. Мы прыемна развіталіся, яна панесла свае газеты і часопісы падпісчыкам па хатах, а я пабег на аўтобус да Поразава.

Якія высновы трэба зрабіць з гэтага нібы банальнага здарэння? Калі ты, хлопец ці мужчына, трапіў у цяжкую жыццёвую сітуацыю, проста азірніся — побач заўсёды знойдзецца дзяўчына, альбо жанчына, якая табе абавязкова дапаможа. І не трэба саромецца, трэба проста папрасіць ці папытацца!

Віншую з даўгачаканаю ВЯСНОЮ!!!