Бітва за народнае адзінства. Піша Віктар Шалкевіч

У год народнага адзінства хранічна абвастрылася барацьба за гэтае самае народнае адзінства. Прычым змагаюцца за адзінства ўсюды: і на старонках газет і часопісаў, і на экранах тэлевізараў, у радыёэфиры, і на вуліцах і плошчах, і ў дварах. Хто як і дзе можа, той так і там змагаецца.

Все свободы должны умолкнуть и потонуть в общем и для всех одинаково обязательном единомыслии! »

                                                                                            М.Е Салтыков- Щедрин. «Пошехонские рассказы»

Гутаркаю, справаю, перакананнем, учынкамі, нарэшце!

Адныя, дэманструючы адзінства, завязалі на рулі ровара каляровую стужачку — другія не паленаваліся, прыехалі і яе зрэзалі! Але яшчэ доўга разьбіраліся, як пакараць вінавайцу!

Адныя павесілі на балконе сушыцца інтымную жаночую бялізну акрэсленых колераў у акрэсленай паслядоўнасці, другія прыехалі са спецыяльнай тэхнікай і пачалі яе здымаць Здымалі прычым доўга, з гадзіну.

А праца тэхнікі немалых грошай каштуе!

Адныя выйшлі прадэманстраваць сваё адзінства, другія прадэманстравалі сваё,валячы ім па плячах дручкамі! Відаць,тыя, каторыя выйшлі, яны няправільнае адзінства прапагандуюць!

Але ўсе шчыра змагаюцца нібы за! Адныя і другія! Застаецца толькі высветліць, за якое адзінства трэба змагацца, якое адзінства патрэбнае, а якое не!

Бо адзінства павіннае быць адно — і правільнае!

І хай хто разумны падрабязна распавядзе, у які бок трэба разам грамадзянам ісці, каб, нарэшце спаткаць доўгачаканае шчасьце у выглядзе пяці стодаляравых паперак кожнаму.

Ці лепей іншы разумны хай выдаcьць адпаведні рэскрыпт: якіх колераў шкарпеткі можна апранаць, а якія – не!

Я разумею, што можна не любіць кагосьці персанальна, але як можна не любіць колеры? Тым больш такія прыгожыя, як белы і чырвоны? Канешне, можна перафарбаваць усе лаўкі і сьметніцы перад чыгуначным вакзалам у зялёны і чырвоны колеры, але пытаннечка — ці абудзяць лаўкі і сьметніцы ў такім выглядзе патрыятычныя пачуцці ў душах грамадзянаў?

Апрача трусікаў і шкарпетак з’явіліся яшчэ і іншыя праблемы.

Актывізаваліся унутраныя ворагі. Аказалася, што іх многа. Нават зашмат. Не усе здолелі ўцячы на Ўсход ці Захад перад пачаткам закрыцця межаў. Відаць, планавалі нейкія каварныя планы, змарыліся,выпілі па чарцы і паснулі, а калі папрачыналіся, то не пасьпелі ў пору выскачыць, цяпер сядзяць тут, псуюць чыстае паветра атрутаю сваіх аналітычных артыкулаў і выказванняў.

Кажуць, што нейкія знешнія ворагі таксама точаць зубы і збіраюцца адцяпаць добры кусок ворнай зямлі Сінявокай з тым, каб там аднавіць дарэвалюцыйныя парадкі і эксплуатацыю чалавека чалавекам.

Але жыхары памежных з Літвою і Польшчаю вёсак нешта не абоньваюць смуроду матораў танкаў «Леапард». У паветры не лётаюць самалёты «Ф-16», таксама не відаць актывізацыі элітных варожых дывізіяў, дымаў паходных вогнішчаў, не перабягаюць з таго боку на гэты перабежчыкі з весткамі, а якой гадзіне ворагі пачнуць бліцкрыг…

Традыцыйнай еўрапейскай салдафонскай мацершчыны кшталту «Kurwa-mać!» таксама пакуль што не чутно. Хіба атрыманы загад зачыніць рот на замок? Ці добра замаскіравацца? Ці капаць падземныя хады?

Адно непрыкметныя кантрабандысты, загрыміраваныя пад мурашнік ці горбу гнілога лісця, несучы за плячыма клункі з папяросамі і гарэлкаю, азіраючыся і палохаючы дзікіх жывёлаў, адкрываюць сезон і пачынаюць пратоптваць першыя сьцяжыны па зялёным моху.