Караткевіч на зубры, а Колас на ровары — як прайшоў фэст вышыванкі ў Гродне

Убачыць нататнікі з Караткевічам на зубры і Коласам на ровары, адшукаць Гродна на мапе Вялікага княства Літоўскага, пагартаць яскравыя коміксы па-беларуску і набыць вышыванае адзенне маглі наведнікі першага гарадзенскага фэста вышыванкі. Ён прайшоў у дворыку Цэнтра гарадскога жыцця (Савецкая вуліца, 1) у нядзелю, 10 верасня.

— Глядзі, раней людзі вышывалі на сваім адзенні вось такія сімвалы, — тлумачыла мама малому сыну значэнні розных арнаментаў. — Давай пашукаем, які з іх ёсць на гэтай кашулі.

Менш за ўсё на першым гарадзенскім фэсце вышыванак было… ўласна вышыванак, як традыцыйнага адзення. Кашулі з машыннай вышыўкай каштавалі ад 77 да 120 рублёў. Затое хапала цішотак як з сапраўднай вышыўкай, так і з прынтамі. Апрача арнамента на цішотцы можна было выбраць малюнак з зубром або надпісам, напрыклад, “Мой родны кут, як ты мне мілы”. Такі больш бюджэтны варыянт аддавалі за 20-25 рублёў.

“Вышываным” было не толькі адзенне. Прадаўцы прапаноўвалі кубкі, магніцікі, вокладкі на пашпарт з нацыянальнымі сімваламі. Цікавосткай стаў драўляны “вечны” календар, у якім можна перастаўляць кубікі з лічбамі і месяцамі і ўсталёўваць патрэбную дату. Да фэсту нават вырабілі і прадавалі магніцік з гербам новай выдуманай краіны Вейшнорыі. Прывезлі шмат літаратуры беларускіх класікаў з серыі “Мая беларуская кніга” у мягкай вокладцы.

— Усе гэтыя кнігі аб’ядноўвае тое, што іх аўтары ўжо памерлі, — ці то пажартаваў, ці то сур’ёзна патлумачыў гандляр.

Арыгінальныя нататнікі да 500-годдзя кнігадруку прэзентаваў кіраўнік праекта infagrafer.by з Мінска Кірыл Стаселька. У серыі з’явіліся шэсць нататнікаў з пісьменнікам, яго выявай і адной матывацыйнай цытатай на вокладцы. Узялі найбольш вядомых творцаў: Францішка Скарыну, Янку Купалу, Якуба Коласа, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Васіля Быкава і Уладзіміра Караткевiча. Пазнавальныя людзі паказаныя ў нечаканым выглядзе. Так, Якуб Колас едзе на ровары, Уладзімір Караткевіч асядлаў зубра, а першадрукар карыстаецца сучасным прынтарам. Наклад серыі — больш за 200 асобнікаў.

— Праз “Талаку” мы сабралі 126% патрэбнай сумы. Мне падаецца, што ў Беларусі не хапае добрай канцэлярыі, а з нацыянальнымі элементамі па гісторыі або літаратуры яшчэ цяжэй нешта знайсці, кажа Кірыл Стаселька.

Ён прывез таксама дзве свае кнігі. Адна з іх — Marginalis увайшла ў “Рэкорды Куфара”, пабіўшы рэкорд па колькасці персанажаў. У рамане, па розных падліках, ад 120 да 150 герояў.

— У гэтага філасоўскага рамана ёсць цэлая канцэпцыя, — тлумачыць аўтар. — Нататкі на палях часам становяцца больш важнымі, чым сюжэт кнігі. Маргіналіі, палі становяцца самадастатковымі. Гэта ўкладзена і на ўзроўні сюжэтнай лініі, структуры. Ёсць сюжэт, але больш важнае тое, што знаходзіцца на палях. Структура больш сеткавая, не лінейная. Тут няма галоўнага героя, месца і часу дзеяння. Раман ахоплівае каля 400 гадоў і дзесяткі геаграфічных лакацый. Але чытаецца лёгка і тут нельга не заблытацца. Адна з ідэяў — месца чалавека ў гісторыі, тых, хто знаходзіцца на палях гісторыі, якім чынам расстаўляюцца акцэнты, што ёсць у цэнтры і што ёсць на палях.

Са сваімі чытачамі сустрэлася паэтка з Рагачова Наста Кудасава, якая летась атрымала прэмію “Кніга года” за зборнік вершаў “Маё невымаўля”. Пераможца тады выклікала шмат абмеркаванняў і абурэнняў на тэму яе справядлівасці.

— Для мяне была нечаканая і прэмія, і, пагатоў, абмеркаванне пасля яго, — апавядае Наста. — Я чалавек неканфліктны, і была вельмі ўражаная, што такое бывае. Але тое, што нас не забівае, робіць нас мацнейшымі. Проста буду больш асцярожна ставіцца да такога ў будучым. Пасля прэміі да мяне сталі больш звяртацца з прапановамі недзе выступіць, ставяцца, як да аўтара “з адзнакай” (смяецца). Хаця гэтыя прэміі вельмі хутка забываюцца. Праз некалькі месяцаў пра гэтую кніжку ніхто болей не ўзгадвае. Мне здаецца, вельмі маленькая аўдыторыя чытае беларускія кнігі. Нібы мы асобна жывем у сваім маленькім свеце. Хочацца гэта пашыраць, каб было не толькі для сваіх, а для ўсіх. Калі мяне запрашаюць, напрыклад, у школу, у масавыя ўстановы, я ахвотна туды іду, бо там, можа, ніколі не бачылі беларускамоўнага чалавека.

Мастак Ян прэзентаваў гістарычныя мапы і коміксы для дзяцей. У яго восем мапаў розных перыядаў, пачынаючы ад стварэння Вялікага княства Літоўскага. Свае мапы аўтар насычае не толькі назвамі з кропачкамі замест гарадоў, але і пазначае найбольш значныя будынкі таго перыяду, адлюстроўвае строі людзей або выгляд чаўноў. Ян Мяльніцкі прывёз таксама коміксы для дзяцей па матывах беларускіх народных казак: яскравыя, на якаснай паперы, з прамалёўкай дэталяў, як выглядала вясковая хата або якая абстаноўка была ў каралеўскім палацы.

На фэсце выступілі таксама пісьменнік Павел Севярынец з прамовай пра беларускіх святароў, заспяваў свае творы музыка Алесь Дзянісаў. Увечары ўсе ахвотныя маглі паскакаць беларускія народныя танцы пад гармонік ды дуду.