Гісторык Андрэй Чарнякевіч прэзентаваў кнігу пра «кепскага беларуса»
Біяграфію аднаго з самых непрывабных беларускіх дзеячаў пачатку мінулага стагоддзя цяпер можна пачытаць. Кнігу «Чужы сярод чужых» прэзентавалі з этнакраме «Цудоўня» у аўторак, 5 верасня.
Галоўны герой кнігі — палітычны дзеяч Павел Аляксюк. Звесткі аб ягоным жыцці поўныя супярэчнасцяў. Ён нарадзіўся па адных узгадках у Вільні, па іншых — у Гродне. Даты нараджэння таксама разыходзяцца. Крыніцы сыходзяцца ў адным — у стаўленні да яго, поўным негатыва і чорных фарбаў. «Кар’ерыст», «авантурыст», «мерзавец, якога шкадаваць няма чаго», «беларускі вырадак» — так выказваліся пра яго людзі і пісалі газеты. Яго называлі «бацькам беларускіх паланафілаў» і адначасова «антыгероем беларускай гістарычнай літаратуры». Яго негатыўна ацэньвалі як прыхільнікі, так і праціўнікі беларускасці.
— Я вельмі не люблю ярлыкі, — кажа Андрэй Чарнякевіч. — Калі я сустрэў постаць, якая цалкам падпадае пад ярлык «кепскага беларуса», мне стала цікава.
Адначасова Павел Аляксюк быў шчыра закаханы ў беларускі нацыянальны рух. Яго можна назваць першым вядомым беларускім гарадзенцам. Захаваўся ягоны ліст у Віленскую польскамоўную гімназію 1909 года. Унутры ліста (звонку яго б не прапусцілі) ён пакінуў зваротны адрас «Беларусь, Горадня». У той час Гродна ўваходзіў у тэрыторыю Расійскай імперыі.
Вёў вельмі актыўнае палітычнае жыццё па адраджэнні беларускасці. Адыграў сваю ролю ў першай пастаноўцы спектакля «Паўлінка». Стаў першым перакладчыкам з літоўскай мовы на беларускую. Ладзіў першыя мітынгі. Стаў адным з ініцыятараў абвяшчэння Беларускай народнай рэспублікі ў 1918 годзе. Быў намеснікам упраўляючага Таварыства беларускай школы. За ягоную дзейнасць Паўла Алексюка пачалі цкаваць усе газеты. Застаўся выключна негатыўны ягоны вобраз. Яго не раз саджалі, але ён хутка выходзіў, магчыма, дзякуючы сувязям.
Апошняй гучнай навіной пра яго стала падпальванне ўласнага дома, які ён напярэдадні застрахаваў. Гэтае злачынства выкрылі і кінулі яго ў вязніцу. Пасля сляды пра актыўнага дзеяча губляюцца. Падаецца, што ён свядома сыйшоў з вачэй прэсы і гісторыкаў. Магчыма, такім крокам ён падоўжыў сабе жыццё. Месца і час смерці Алексюка невядомы.
На прэзентацыю кнігі прыйшлі гісторыкі, сябры аўтара, журналісты. Акцёр і бард Віктар Шалкевіч падарыў гісторыку белую лілію.
Набыць кнігу можна ў этнакраме «Цудоўня» (Вялікая Траецкая, 14).