Частавалі пірагамі, садзіліся на шпагат і чыталі вершы — як у Гародні беларусачку выбіралі

«Калі б я была супергероем, то ператварылася б у матылька, лётала па ўсяму свету і распавядала пра беларусаў і Беларусь», — гаворыць Анастасія Трафімчык, адна з сямі ўдзельніц конкурсу «Гарадзенская беларусачка». Фінал прайшоў у пятніцу, 28 красавіка, на сцэне Цэнтра культуры.

Да глядачоў дзяўчаты выйшлі ў шляхетным адзенні. Арганізатары потым патлумачылі: беларусачка ў гістарычным разуменні — гэта не толькі сялянка ці жыхарка вёскі, але і знатная дзяўчына, якая быццам толькі сышла з партрэтаў вядомых мастакоў.

Каб стварыць добры настрой у журы, якое складалася толькі з мужчын — музыкаў, рэжысёраў ды культурных дзеячаў, удзельніцы загадзя зрабілі нацыянальная стравы: дэсерты ды напоі — і пачаставалі суддзяў. Тыя выставілі свае першыя адзнакі: ніжэй за чатыры ніхто не атрымаў.

У конкурсе ўдзельнічалі сем дзяўчат: студэнтак, вучаніц гарадзенскіх каледжаў, нават адна настаўніца пачатковых класаў. Журы пыталася ў іх пра любімую кнігу, любімы беларускі гурт, што б яны сказалі турыстам, які б фільм хацелі зняць і якой здольнасцю павінна валодаць беларуская супергеройка.

— Яшчэ са школьных часоў мне вельмі падабаецца «Людзі на балоце», — адказвае Ліза Тарасевіч, студэнтка ГрДМУ. — Люблю яе за душэўнасць і апісанне цяжкага лёсу.

— Шчыра кажучы, я ведаю не шмат беларускіх музыкаў, але ў апошні час палюбіла Navi, якія хутка выступяць на «Еўрабачанні», — з шармам Мэрылін Манро распавядае 17-гадовая Вольга Ахраменя, якая вучыцца ў тэхналагічным каледжы, чым зрывае апладысменты і усмешкі залы.

Удзельніцы падрыхтавалі відэа-эсэ «Мроі Гародня» — пра тое, як ўяўляюць сябе ў нашым горадзе. Дзяўчаты расказвалі пра сваіх родных, любімыя гарадзенскія мясціны, свае хобі. У конкурсе талентаў прыгажуні чыталі вершы пра матулю, танчылі, спявалі, рабілі сцэнкі з мімамі.

— Ганна! Карына! — крычалі ў зале групы падтрымкі: сябры, родзічы і аднагрупнікі дзяўчат. Некаторыя глядачы зрабілі з бумагі нумары, як у журы, і пасля выступленняў падымалі лічбу «шэсць» — максімальны бал.

Калі дзяўчатам трэба было ўзяць паўзу, каб перапрануцца, на сцэну выходзілі гарадзенскія знакамітасці: танцор Яўген Якуш, лідар гурта HURMA Мікіта Найдзёнаў.
Канкурсанткі прадэфелірывалі ў беларускіх нацыянальных строях і сучасным стылізаванным адзенні ад вядомага беларускага мадэльера Анастасіі Фальковіч. Напрыканцы шоў яны паказалі харэаграфічны нумар з элементамі чэрлідынгу.

Карону «Гарадзенскай Беларусачкі — 2017» атрымала школьная настаўніца Анастасія Трафімчык. Ёй 23 гады, родам яна са Слоніму. Да таго ж дзяўчына паспрабуе сябе тэлеведучай на гарадзенскім канале. Другое месца атрымала студэнтка ГрДУ Ганна Шаматовіч. Трэцяе — студэнтка ГрДУ Аляксандра Радковіч. Па выніках анлайн-галасавання лепшай стала Вольга Ахраменя. Прыз глядацкіх сімпатый атрымала Алёна Корс.