Пра рэальныя сьцены і невідочныя масты
Цікава, чаго ў нас апошні час будуецца болей — “сьценаў” ці “мастоў”? Проста “сьцены” бываюць розныя, і “масты” таксама…
«Зараз людзі занадта многа будуюць сьценаў, а занадта мала мастоў» — Ісаак Ньютан
Цікава, чаго ў нас апошні час будуецца болей — “сьценаў” ці “мастоў”?
Проста “сьцены” бываюць розныя, і “масты” таксама…
Вырашыў я па адной пільнай справе наведаць райвыканкам, што на вуліцы Горкага. Адчыніў дзьверы, зайшоў — і непрыемна здзівіўся: сідзіць за столікам дзяжурны міліцыянт, а побач з ім — такая тыповая электрабрамка, каторая сьвеціцца зялёным ды чырвоным і прапушчае туды і назад. І яшчэ абавязкова патрэбны пашпарт!
Вось так, шаноўныя мае! Як быццам на ганку душацца ў чарзе сотнямі прадстаўнікі Ісламскай Дзяржавы з кілаграмамі тратылу пад пахаю, жадаючыя адпомсціць за сваіх шматлікіх дзяцей, каторых не прынялі на вучобу ў аграрны ўніверсытэт.
Здаецца мне, што ў нашыя шчасьлівыя часы ніхто са звыклых грамадзянаў проста так у райвыканкам не папрэцца, толькі па справе! А каб хоць і проста так бы прыпёрліся, то што? Памятаю, у горадзе Вроцлаве , стоячы у фае тамтэйшага аблвыканкама, бачыў я, як людзі падыходзілі да пані, каторая дыжурыла пры інфармацыйным стале, і пыталіся пра самыя розныя рэчы! І, што дзіва, нікаторыя нават задарма карысталіся прыбіральняй на першым паверсе, ні ў кога не пытаючы дазволу!
Гэта НАРМАЛЬНА! Улада створаная была грамадствам дзеля ўласных патрэбаў, яна — яго неад’ёмная частка, а не нешта такое захмарнае і недасяжнае, пыхліва пазіраючае на шэры натоўп з-за зацемненых шыбаў “Мерсэдэса”.
У цяперашнія часы, невядома чаму, імкліва брамка мантуецца за брамкай, і чым далей, тым іх болей робіцца!
І на ёлачку на Высокі Рынак з бутэлькай шампанскага ў навагоднюю ноч ісці няма ахвоты — сталёвыя бар’еркі паўсюль, і суворыя хлопцы пры іх правяраюць цябе, каб чаго там не пранёс і не падпаліў, быццам бы ў нашым старым горадзе палова жыхароў — шыіты, а іншая палова — суніты.
А асабліва дабівае, калі мудрыя абласныя дэпутаты на чарговым паседжанні вырашаюць: гарэлку ў крамах у першую суботу лютага, калі адбываюцца вечары сустрэчы выпускнікоў, не прадаваць! Незразумела, што гэта азначае — ці чарговую, сто першую спробу распачаць канчатковае змаганне з п’янствам і алкагалізмам, ці сігнал зацікаўленым асобам: ”Хлопцы, закупайцеся ў пятніцу, бо ў суботу не зможаце!”
А давайце тады ў чацьвер не будзем гандляваць мясам, а ў нядзелю — аспірынам!
То не прасцей бы было дэпутатам сабрацца разам, выпрацаваць праграму і праехаць па рэгіёнах з практычнымі лекцыямі ці проста з сустрэчамі на тэму: “Што такое алкаголь і як яго трэба піць, каб не выгналі з работы”? Дарэчы, менавіта жыхары Гарадзеншчыны і Берасцейшчыны распачалі ў 1858 годзе усерасійскі рух барацьбы за цьвярозы лад жыцця, не ўспамінаючы ужо пра шматлікія Таварыствы і Брацтвы цьвярозасці пры цэрквах і касьцёлах у дваццатыя і трыццатыя гады дваццатага стагоддзя! Традыцыя ёсць, нічога новага выдумляць не трэба!
Наколькі вам, шаноўны чытач, удалося заўважыць, ва ўсіх пералічаных трох выпадках няма аніводнага збудаванага “маста“ — толькі суцэльныя “сцены”!
А цяпер, на фінал, пра яшчэ адну “сцяну,” нібыта якую толькі зьбіраюцца ўзводзіць…
Нядаўна мой адукаваны сусед, дастаткова каторы пажыў і пабачыў, прыйшоў і з таямніча-сур’ёзным тварам заявіў мне, прачытаўшы недзе, што ў гэтым годзе з грыбнікоў ды ягаднікаў зьбіраюцца браць грошы за права ўваходу ў лес і збору гэтых жа ягад і грыбоў! Мае аргументы ў адказ былі такія — перш чым браць за што-небудзь грошы, трэба гэтае што-небудзь пасадзіць і давесці да кандыцыі!
Адна справа, калі чалавек у сваім садзе вырошчвае яблыкі ці слівы, а потым пускае туды жадаючых назбіраць іх сабе, пускае за грошы…
Ці зарыбляе сажалку карпамі ды асятрамі і запрашае рыбакоў палавіць, выстаўляючы рахунак альбо за гадзіны, альбо за кілаграмы злоўленага…
А тут? Нешта я не бачыў ніколі ў сваім жыцці лесьніка, каторы ўвесну хадзіў бы з рашатом па лесе і сеяў падбярозавікі з чарніцамі…
Словам, трэба пачакаць да вясны, потым да лета, а потым паглядзім, якія чарговыя сюрпрызы нам наступны дзень паднясе! Можа, зарплату ў пяцьсот даляраў, а можа, і атрады лесьнікоў з сабакамі, якія будуць бегаць па лясах, фіксаваць грыбы ды ягады паштучна пад дрэвамі ды правяраць колькасць баравікоў і лісічак у кошыку выбраных грамадзянаў — і абавязкова квітанцыю з “Беларусьбанка”!
Усё яшчэ можа быць!