Дзесяць трубачак для капучына — як на Каляды ў кавярнях казу падымалі
Казу ратавалі кубкам капучына, шакаладам ды піцай. А з Мішкам саромеліся патанчыць амаль усе. Разынкай сёлетняга калядавання ў Гродне стала наведванне кавярняў.
— А хто з Мішкам патанцуе, таму ў новым годзе пашанцуе! — прапаноўвалі калядоўшчыкі.
Словы, якія нават сталых вяскоўцаў прымушалі падхапіцца ды вадзіць карагоды, падавалася, мацней прыціскалі да крэслаў наведнікаў кавярняў. Хоць Мішак было ажно два, абаяльны і брутальны, большасць кліентаў не выбіралі нікога. Заставаліся на месцах і толькі сарамліва ўсміхаліся: «Мы проста паглядзім». На шчасце, былі і тыя, хто напоўніцу «адрываўся», можа, ўпершыню скачучы пад «Гэй да каляды», а не пад клубную музыку.
Калі Каза памірала, традыцыйныя «прасілкі» сала, каўбасы і хлеба не падыходзілі. Выхад знайшоўся:
— А яшчэ таго мала, наліце кубак кавы!
— Каб было ўсяго ў дастатку, даставайце шакаладку!
— Век жывіце без ангіны — нам зрабіце капучына!
Некалькі бармэнаў налівалі Казе кубак капучына.
— І дзесяць трубачак, калі ласка, — дадавалі астатнія.
У адной піцэрыі падаравалі дзве піцы «на вынас». Частавалі шакаладкамі.
Калядоўшчыкі завіталі ў пяць кавярняў у цэнтры горада: «Раскоша», «Наша кава», Starlight café, Nesterka bar, «Пицца&кофе». З гаспадарамі дамаўляліся загадзя, але некаторыя зачыніліся яшчэ да прыходу Каляды.
Цікава, што некалькі ўласнікаў папрасілі не прыходзіць да іх, каб абараніць кліентаў ад навязлівага шуму. Па традыцыі, заўжды лічылася, што не прыняць калядоўшчыкаў пагражае адсутнасцю дабрабыту і здароўя на цэлы год. Таму звычайна не адмаўлялі. Яшчэ больш цікава іншае. Калі каляда праходзіла паблізу тых самых кавярняў, кліенты, што выйшлі на паветра, усміхаліся, віталі, махалі рукамі. Гэтаксама рэагавалі і мінакі на вуліцах, многія кіроўцы сігналілі.
Але агулам ад кавярняў засталося ўражанне, што людзям цікава, але яны не прызвычаеныя да інтэрактыву, баяцца выглядаць няёмка ў карагодах або няправільна адказаць на загадкі. Частка ўвогуле рабіла выгляд, што нічога не адбываецца, і нават не падымалі галавы на выступоўцаў. Прыемна, што паўсюль былі і тыя, хто захапляўся, уцягваўся ў дыялог. Падыходзілі і казалі: «Вы такія класныя! Малайцы, што гэта робіце!».
У хатах, як і раней, прымалі цёпла, запрашалі за стол, нават дарылі гарэхі і кнігі.
Гістарычна калядоўшчыкі наведвалі хаты ў калядны час: канцы снежня — пачатку студзеня. Яны благаслаўлялі жыхароў, зычылі здароўя, добрага ураджаю, багацця, маладым сем’ям дзетак. Асноўны персанаж — Каза, сімвал дабрабыту, багацця і ўсяго добрага, — падчас выступу страчвае прытомнасць ад голаду. Усе просяць гаспадароў падняць Казу рознымі пачастункамі. Пасля адорвання складаюць шчодрыя пажаданні. Каляда спявае, танчыць, водзіць карагоды, загадвае загадкі, паказвае пантаміму, кажа мудрыя прыказкі. Акрамя Казы абавязковы элемент — калядная зорка. Яе носіць Зорканош. Іншыя персанажы могуць змяняцца. Сёлета да гарадзенцаў прыходзілі Мішкі, Дзед з Бабай, Цыган, Беларусачка, Габрэй, Бусел.