На могілках на вуліцы Антонава памаліліся за Максіма Багдановіча і яго сям’ю
Сёння, 9 снежня, споўнілася 125 гадоў са дня нараджэння славутага беларускага паэта Максіма Багдановіча.
Днём ля магілы Марыі, маці паэта, якая пахавана ў Гродна, гродзенскія святары правялі паніхіду.
— Мы маліліся за спачын душы Максіма Багдановіча і яго бацькоў: Адама і Марыі, — звярнуўся да прысутных клірык Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора Павел Касперовіч. — Гонар нацыі ствараюць паэты, творчыя людзі, а таксама мы з вамі, звычайныя людзі. Уявіце Гародню сто гадоў таму. Уявіце працесію, якая хавала Марыю Багдановіч. Можа, сярод тых людзей быў і маленькі Максім, які маліўся за спачын душы і якога гэты боль пераследваў усе жыццё.
Нагадаем, Максіму Багдановічу было пяць гадоў, калі ў 1896 годзе ад сухотаў памерла яго маці. У творчасці паэт прысвяціў ей свае вершы, якія аб’ядналіся пад назвай «Мадонна».
Жыццё самаго паэта таксама атрымалася нядоўгім. Ён, як і маці, памер ад сухотаў, ва ўзросце 25 гадоў.