Понедельник, 23 ноября
  • Погода в Гродно
  • 6
  • EUR3,03
  • USD2,5522
  • RUB (100)3,3559
TOP

Шчучын стаў сталіцай беларускасці на адзін дзень

Шчучын даўно не чуў столькі беларускай мовы адначасова. Аднак, як высветлілася, змены датычылі толькі аднаго дня. У райцэнтры адзначылі Дзень беларускага пісьменства ў 22-гі раз.

Амаль усе выступоўцы прамаўлялі па-беларуску, са сцэны даляталі беларускамоўныя спевы і радкі з Багдановіча, Цёткі, Коласа. Як ніколі шмат майстроў, артыстаў і проста наведнікаў свята апрануліся ў вышыванкі. У цэнтры горада размясціліся выставы беларускамоўных кніг і прэсы. Аднак пачуць мову, якой прысвяцілі ўрачыстасць, сярод мінакоў атрымалася невыканальным заданнем. Акрамя таго, большасць выступоўцаў карысталіся з картак-падказак, каб не зрабіць памылак, але ўсё роўна дадавалі выразны рускі ці польскі акцэнт у вымаўленне і блыталі месца націску. Шмат хто “лупіў на трасянцы”.

Ніхто з запытаных гасцей свята не здолеў узгадаць апошнюю кнігу, якую яны прачыталі па-беларуску. Пераважная колькасць іх не збіраліся пераходзіць на беларускую мову на стала. Нават пры размове з журналістам не палічылі вартым прытрымлівацца мовы суразмоўцы. А некаторыя перапытвалі, не разумеючы пытанне па-беларуску з першай спробы.

Таццяна і Аляксандр, студэнты, маладыя бацькі

Па-беларуску не чытаем — няма часу, а па-руску чытаем. Не размаўляем, напэўна, таму, што ў нас асноўнай моваю становіцца руская. Моладзь ужо не тая. Час ідзе, і ўсё змяняецца. Хаця аднавіць беларускую мову варта было б.

Віталь, ваенны пенсіянер і Ірына, выхавацелька ў дзіцячым садку

Па-беларуску не чытаем і не размаўляем, бо паходзім з Украіны і скончылі ўкраінскую школу, але разумеем беларускую мову. Па-украінску чытаем і часам гаворым.

Ала, загадчыца бібліятэкі

Чытаю па-беларуску і пішу часам вершы. Па-беларуску штодня не размаўляю, хоць нічога гэтаму не перашкаджае.

Ала Віктараўна і Галіна Янаўна, настаўніцы

Чытаем па-беларуску абавязкова. Працуем у школе, і, напрыклад, першы ўрок мусіў ладзіцца па-беларуску. На любой мове можам чытаць, але на мастацкую літаратуру не маем часу. Выкладаем па-руску. Штодзённа па-беларуску не размаўляем з-за ўкладу жыцця – бо ўсе гутараць на рускай. А калі патрэбна пераходзім на беларускую. Калі б ў школе выкладалі на беларускай, то і ў штодзённасці хутчэй бы перайшлі на яе. Калі родныя прыязджаюць з Расіі, то просяць пагаварыць з імі па-беларуску, бо вельмі падабаецца мова. А нас адвучылі ад беларускай мовы. Хацелі б аднавіць яе, спачатку прымусова ў школе.

Юля і Маргарыта, васьмікласніцы

Чытаем па-беларуску. Апошнюю прачытаную па-беларуску кнігу не памятаем, штосьці з урока беларускай літаратуры. Размаўляем па-руску, то так прызвычаеныя, так размаўляюць бацькі.

Галіна, пенсіянерка

Я не чытаю па-беларуску, хоць ведаю некаторыя словы, пераклад. Размаўляю па-руску, бо паходжу з Магілёўшчыны, вучылася па-руску. Магу казаць на трасянцы. Дачка не вучыла родную мову, і пасля ёй цяжэй было паступіць.

Генадзь, будаўнік

Па-беларуску чытаю 50 на 50. То бок мову ведаю, але не чытаю і не размаўляю. Мне ўсё роўна, ці будзе яна адноўлена. А навошта? Калі б большасць размаўляла па-беларуску, тады можа не быў бы абыякавым.

Аляксандр, прадпрымальнік

Па-беларуску не чытаю. Аддаю перавагу рускай мове, як і ўсе беларусы. Родная мова павінна існаваць, але каму як зручней. Нашая культура не

прывівае беларускасці. А навошта пераходзіць на беларускую мову? Калі усе і усё перайдуць, то і я перайду — я мову добра ведаю.

Уладзіслаў і Дзмітрый, студэнты

Часам чытаем па-беларуску. Апошні раз гэта было штосьці са школьнай праграмы, не памятаем дакладна. Размаўлялі б па-беларуску, калі б часцей мова сустракалася навокал, у школе, у медыях. Не хочацца псаваць мову, размаўляць на трасянцы.

Андрэй, працаўнік сферы турызму

Апошні раз чытаў па-беларуску ў школе. Звычка ад Расіі пераймаць мову. У нас усё на рускай мове, толькі гісторыю Беларусі і мову выкладаюць па-беларуску. Хацеў бы аднавіць беларускую мову, але гэта мала верагодна, хаця было б прыгожа.


Упершыню на дні пісьменства ўручылі нацыянальную літаратурную прэмію за лепшыя кнігі, выдадзеныя ў мінулым годзе. Цікава, што многія пераможцы выдавалі кнігі на рускай мове і размаўлялі па-руску. Першае месца ў намінацыі “Проза” заняў Уладзімір Саламаха з кнігай “І няма шляху чужога”, лепшы зборнік вершаў “Встреча” належыў Тамары Красновай-Гусачэнка. Пераможцам сярод аўтараў-публіцыстаў журы назвала Міхаіла Шыманскага з творам “Мы этой памяти верны”. Самы цікавы зборнік дзіцячых казак “Надзейка-Чарадзейка” падрыхтавала Ганна Скаржынская-Савіцкая. Самым маладым намінантам стаў Дзяніс Марціновіч, які атрымаў першае месца ў намінацыі “Крытыка і літаратуразнаўства” з кнігай “Жанчыны Уладзіміра Караткевіча”.

Цымусам урачыстасці стала адкрыццё адноўленага палаца Друцкіх-Любецкіх. У ім размесцяцца цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, раённы музей і канферэнц-зала.

Самое читаемое

Разное