Паэт Андрэй Хадановіч: «Я адказаў шведам партрэтам мужчыны-беларуса»
Мінскі паэт і бард Андрэй Хадановіч завітаў у госці на заняткі курсаў беларускай мовы «Мова нанова: Гародня» у панядзелак, 4 мая. Ён прадставіў свае «скрадзеныя» творы і дапамог скласці Канстытуцыю курсаў мовы.
Заняткі ладзіліся па тэме «Чалавек і закон». Таму госць прадстаўляў сваю творчасць з пункту гледжання правапарушэнняў. Напрыклад, прапанаваў палічыць, колькі злачынстваў пералічваецца ў яго вершах, ды расказваў, як «скраў» верш у Рыгора Барадуліна пра школьнае каханне, напісаўшы «кавер» на яго. Твораў пра каханне, любоў, інтымнасць увогуле не бракавала. Часам творца бянтэжыў шчырымі радкамі, часцей — прымушаў усміхнуцца, як, напрыклад, адвольным перакладам вядомай песні Bésame mucho — «Бэз сама рву пад акном я», ці перапеўшы знакамітага Леанарда Коэна.
— Мне кінулі выклік швецкія паэты, якія склалі партрэт швецкага мужчыны. Той ведае, як карыстацца пралькай, сядзіць з дзіцём частку дэкрэтнага адпачынку, трымае сябе ў добрай фізічнай форме… Пасля чарговай рысы ў мяне выступілі слёзы. І я вырашыў адказаць партрэтам мужчыны-беларуса, — заінтрыгаваў спадар Андрэй.
Рэпам пад рытмічныя пстрычкі слухачоў паэт расказаў пра канапу, шкарпэткі і вечаровы футбол сапраўднага беларуса, падсумоўваючы стаўленнем жонкі да яго: «Мужчына — аб’ект чыстага кахання».
Разам са студэнтамі-«мовананоўцамі» ён пазнаёміўся з Канстытуцыяй Зарачанскай Рэспублікі, якую склалі мастакі і паэты літоўскага Ужупіса, аднаго з раёнаў Вільнюса. З яе вынікае, напрыклад, што: «Чалавек мае права жыць побач з Вілейкай, а Вілейка — цекчы каля чалавека», або «Чалавек мае права памерці, але не абавязаны», ці «Чалавек мае права любіць котку і апекавацца ёю», а таксама «Чалавек мае права, калі стане халодна, вылецець разам з дзікімі гусямі ў вырай».
На падставе жартаўліва-паважнага дакумента студэнты натхніліся на напісанне ўласнай Канстытуцыі курсаў «Мова нанова: Гародня». Атрымалася, што кожны «мовамэн» і кожная «мовавумэн» маюць права мець правы і абавязак мець абавязкі, маюць права размаўляць або маўчаць па-беларуску, размаўляць («разгаварываць») на трасянцы, есці дранікі са смятанай, без смятаны або нават смятану без дранікаў. Кожны студэнт мусіў выконваць усе 18 пунктаў прынятага закона. Цікава, што падчас яго складання з’явіліся такія новатворы, як «мовамэн», «мовавумэн», «мовапан», «мовапанк» і нават «мовабанк».
Госць прызнаўся, што наведвае моўныя заняткі ў розных гарадах, але нідзе так не смяяўся і не чуў такой зараджанай атмасферы, як у Гродне. Напрыканцы студэнты разам з бардам заспявалі пра муры турмы і непачутых паэтаў.
Даведка «ВГ»
Паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч нарадзіўся ў Мінску. Выкладае гісторыю французскай літаратуры ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Уваходзіць у Саюз беларускіх пісьменнікаў, узначальвае Беларускі ПЭН-цэнтр — прадстаўніцтва міжнароднага аб’яднання пісьменнікаў (сярод былых старшыняў — Рыгор Барадулін і Васіль Быкаў). Перакладае з французскай, украінскай і польскай моваў. Аўтар некалькіх зборнікаў вершаў з перакладам іх на сем іншых моваў. Творчасць адрозніваецца разнастайнасцю мовы, стылістычнымі эксперыментамі, іранічнасцю, спалучэннем «кніжнай» паэзіі з нізавой культурай.