Паўсотні выцінанак прэзентуюць гарадзенцам

Выцінанкі майстроў з Мінску ды Віцебску паказваюць у музеі гісторыі рэлігіі. У паперы адлюстраваныя сімвал рэфармацыі, культавая архітэктура ды паганскія элементы.

Старэйшы навуковы супрацоўнік музею гісторыі рэлігіі Галіна Хамко расказала, што на выставе прадстаўленыя 54 працы майстроў пяці аўтараў з Мінску і Віцебску. Усе творы аб’яднаныя агульнай тэматыкай — “Вера праз мастацтва нажніц і паперы”. Выцінанкі адлюстроўваюць як хрысціянскія, так і iудэйскія і паганскія матывы. Наведвальнікі змогуць убачыць сімвал рэфармацыі — кветку шыпшыны, каталіцкія ды праваслаўныя храмы, сімвалы Калядаў ці Вялікадня.

Цікава, што выцінанкі зніклі ў 50-я гады ХХ стагоддзя і вярнуліся толькі ў 90-я. За гэты час яны змяніліся — іх змясцілі ў раму ды пад шкло. Менавіта ў такім выглядзе яны прадстаўленыя ў музеі.

Выстава працягнецца да 29 чэрвеня.