Аўтэнтычныя дзверы на Ажэшкі замянілі на пластыкавыя

Замена дзвераў у банку на вуліцы Ажэшкі ізноў падняла пытанне пра захаванне аўтэнтычнасці гістарычных будынкаў.

Цяжкія драўляныя дзверы ў будынку №4 на вуліцы Ажэшкі замянілі на пластыкавыя. Дакладна невядома, ці гэта аўтэнтычныя дзверы, ці зробленыя на ўзор першапачатковых. Але ж яны былі часткай ансамбля ў гэтым канструктывісцкім будынку, дзе вялікая роля адводзілася лініям, якія выразна прагледжваліся ў колішніх дзвярах, як патлумачыў гарадзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч. Акрамя таго, дзверы вылучаліся сваімі арыгінальнымі латуннымі ўстаўкамі.

Абараніць гэтыя дзверы ад знішчэння было цяжка, бо яны не ўключаны ў спіс культурнай спадчыны. Андрэй Вашкевіч адзначыў, што дамоў, дзе былі б прапісаныя ўсе элементы будынка, у Гродне вельмі мала. Таму асобныя элементы гістарычных пабудоваў лёгка замяніць. Гісторык мяркуе, што варта правесці інвентарызацыю дэталяў гістарычнай спадчыны і ўнесці «сталярку»  (дзверы, вокны) і балконную агароджу ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Дарэчы, пластыкавыя дзверы з’явіліся нядаўна і ў жылым доме №13 на вуліцы Кірава замест старых драўляных. У памяшканні на першым паверсе ўжо каля двух месяцаў вядзецца рэмонт. Суседзі кажуць, што там плануюць адкрыць турыстычную кампанію ці кампанію па арганізацыі вяселляў.