У Гродне запалілі ханукальныя свечы
Гарадзенскія габрэі ўрачыста адсвяткавалі Хануку. У нядзелю ўвечары на верхняй пляцоўцы сінагогі пад дажджом і моцным ветрам раввін і старшыня габрэйскай супольнасці запалілі ханукальныя свечы.
Ханука – гэта свята святла, а запаленыя свечы – яго абавязковы элемент. Раввін Іцхак Кофман распавёў, што Хануку святкуюць тады, калі холадна, цёмна і кепска. А святочныя свечы з’яўляюцца сімвалам надзеі на святло, на лепшае. Своеасаблівы сэнс гэтае святкаванне набыло пасля нядаўняга пажара ў сінагозе. Раввін заклікаў габрэяў наведваць сінагогу часцей і прычыніцца да яе аднаўлення.
Святочны канцэрт забяспечылі гурт “Барух-бэнд” і Барыс Ідзельчык. Арганізаваць свята дапамагло Прадстаўніцтва Праграмы Іудэя-Хрысціянскага Дыялогу “Шомер Інтэрнешнл” уБеларусі.