Жыць па-чалавечы. Лёс і песні 85-гадовай бабулі з вёскі Погіры

У вёсках, раскіданых па нашай чароўнай гродзенскай зямлі, жывуць цудоўныя людзі. Нягледзячы на цяжкія выпрабаванні, у свае мудрыя гады яны не губляюць жыццёвага настрою.

У вёсцы Погіры Дзятлаўскага раёна жыве 85-гадовая юбілярка Марыя Мікалаеўна Шыдла. У рамках сацыяльна-культурнага праекта «Глыбінкай жыве Беларусь» творчы калектыў сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва павіншаваў жанчыну з днём нараджэння.

Пра моцнае каханне, вячоркі і фальклорны калектыў Марыі Шыдла піша метадыст сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Святлана ВЕНСКАЯ.

Бацьку не памятае

Сустрэла нас жанчына на сваім надворку з радаснай усмешкай і гасцінна запрасіла ў хату. Нарадзілася Марыя Мікалаеўна ў вёсцы Погіры ў 1940 годзе ў сям’і простых сялян Мікалая Міхайлавіча і Ганефы Станіславаўны. Акрамя Марыі ў сям’і гадавалася старэйшая сястра Алена.

Бацьку свайго дзяўчынка не памятае: калі ён загінуў, ёй быў толькі годзік. А бацька загінуў ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

— Ён з дзевяццю аднавяскоўцамі стварыў партызанскі атрад, і калі партызаны сабраліся ў хаце суседа на сход, то іх там немцы і арыштавалі, завялі ў Шаркутоў лес і расстралялі. А прадаў партызан малады хлопец-сусед, — распавядае Марыя Мікалаеўна. — Пазней на гэтым месцы быў пастаўлены помнік.

Потым немцы хацелі расстраляць маці, сястру і Марыю, але іх уратавала ад смерці маці гэтага здрадніка, сказаўшы немцам, што маці Марыі — гэта яе нявестка.

Пакінуць родных не дало сумленне

З тых пор пачалося цяжкае сіроцкае жыццё дзяўчынкі.

— Вядома, у тыя часы трэба было неяк выжываць. Ішоў час, маці са старэйшай сястрой выконвалі гаспадарчыя справы, завіхаліся ў полі, гадавалі скаціну, а я гаспадарыла ў хаце: прыбірала, мыла посуд і выконвала іншыя хатнія справы, — расказвае бабуля.

Калі дзяўчынка крышку падросла, яна пайшла ў школу і скончыла 7 класаў. Хоць і вучылася добра, магла б стаць больш адукаванай, набыць добрую прафесію, але працягваць сваю вучобу далей яна не магла таму, што паехаць ад матулі і сястры, пакінуць іх адных не дазваляла сумленне.

Дзяўчына пайшла ў калгас на розныя работы. Працавала і даяркай, і цялятніцай пакуль не захварэла на поліартрыт і вымушана была лячыцца шмат гадоў. Але працалюбівую, таленавітую Марыю хвароба не спыніла, яна тады займалася рукадзеллем: вышывала, вязала і шыла адзенне не толькі сабе, але і на заказ.

Знаёмства з гарманістам

Хоць жыццё было няпростым, Марыя вельмі любіла спяваць і танцаваць. Бегала з сястрою і сяброўкамі на вячоркі. Вельмі спрытна і прыгожа рухалася пад музыку, таму на яе звярнуў увагу местачковы гарманіст Пятро.

— Гэта быў прыгожы, зухаваты, таленавіты і вясёлы хлопец. Ён запаў мне ў душу, — успамінае Марыя. — Пакахалі мы адзін аднаго, пажаніліся. Усяго ў сумесным жыцці хапала, але адзіныя інтарэсы ды моцнае каханне дало нам магчымасць пражыць у шчаслівым шлюбе амаль 47 гадоў. Нарадзіліся ў нас двое дзетак — Пятро і Аксана. Маем чацвёра ўнукаў і пяць праўнукаў.

Ужо 18 гадоў яна жыве адна, памёр яе каханы Пятро, але жанчына з цеплынёй і пашанай успамінае свайго мужа. А Пятро Лявонцьевіч Шыдла і сапраўды быў мясцовай легендай. Ён актыўны ўдзельнік фальклорнага калектыва, бо добра граў на гармоніку і хораша спяваў, а таксама з’яўляўся аўтарам знакамітай Погірскай кадрылі.

Марыя Шыдла паказала сваю вялікую калекцыю хустак-тарновак. Менавіта гэтыя шматлікія хусткі ўпрыгожвалі юбілярку на кожным выступленні.

Разам спявалі і танчылі

Марыя Мікалаеўна і Пятро Лявонцьевіч з’яўляліся на працягу шматлікіх гадоў актыўнымі ўдзельнікамі мясцовага фальклорнага калектыва, які быў створаны загадчыцай Погірскага сельскага клуба Аляксандрай Віктараўнай Шыдла ў далёкім 1969 годзе.

Гэты фальклорны калектыў — носьбіт аўтэнтычных песень і танцаў, ён з’яўляецца неаднаразовым удзельнікам фальклорных фестываляў, аглядаў-конкурсаў, святаў.

— І хачу сказаць, што наш калектыў добра вядомы не толькі ў раёне, але і далёка за яго межамі, — усміхаецца Марыя Мікалаеўна. — Не палічыць тых канцэртаў, на якіх мы выступалі разам з мужам!

Мае пачуццё гумару

— Вера ў Бога, каханне да маіх родных і да народнай песні — гэта тое, што дазваляе мне лічыць сябе шчаслівай. У народны калектыў ужо я не магу хадзіць, хварэю, але песня з мяне ільецца сама. Каб спатоліць сваю душу часта спяваю, — прызнаецца Марыя Мікалаеўна.

У сваім сталым узросце яна не губляе тонкага пачуцця гумару. Жанчына прыняла нашу просьбу праспяваць вясёлыя прыпеўкі:

— Стара баба, як халера,

І тая мае кавалера.

Стара баба без зубоў,

Усё гаворыць пра любоў.

Пасмяяўшыся разам, ужо сур’ёзна Марыя Мікалаеўна працягвае:

— Пражыла я нямала гадоў і ведаю, што трэба жыць па-чалавечы, быць адказным за свае ўчынкі, ніколі нікога не абражаць, а, наадварот, паважаць людзей. Нават калі чалавек у цябе кіне каменем, то ты на яго — хлебам, тады і злосці не будзе ці то сярод родных, ці то сярод знаёмых, ці то сярод суседзяў.

15