Ветэран, настаўнік і фалькарыст — лёс Апанаса Цыхуна

З нагоды 115 гадавіны з дня народзінаў, узгадаем пра культурны след нашай зямлі, пакінуты выдатным чалавекам, заслужаным настаўнікам Беларусі, ветэранам вайны, фалькларыстам, паэтам, краязнаўцам, грамадскім дзеячам Апанасам Цыхуном, піша сябра Беларускага геаграфічнага таварыства Аляксандр Крой.

Ваяваў супраць фашыстаў

Апанас Пятровіч Цыхун нарадзіўся ў Кунцаўшчыне Гродзенскага раёна ў простай сялянскай сям’і. Вучыўся ў Гродзенскай настаўніцкай семінарыі. Удзельнічаў у Другой Сусветнай вайне з 1939 года супраць нямецкіх захопнікаў. Атрымаў беларускія і замежныя ўзнагароды за ўдзел у вайне і мірны пасляваенны перыяд.

Пасля вайны скончыў Гродзенскі педынстытут, працаваў завучам Лашанскай сямігадовай школы, дырэктарам Капцёўскай сямігадовай школы, настаўнікам СШ №2 Гродна, дырэктарам Каўбасінскай пачатковай і Батароўскай васьмігадовай школ, інспектарам аддзела народнай асветы Гродзенскага райвыканкама.

Начаваў у вясковых хатах і запісваў цікавыя словы

З 1937 г. да канца жыцця жыў у нашым горадзе. За гэты час ён уздоўж і ўпоперак аб’ехаў Гродзенскі раён і занатоўваў цікавыя словы, пачутыя ад сваіх землякоў, якія адсутнічалі ў слоўніках, ці адрозніваліся ад літаратурных формаў, начаваў у вясковых хатах.

Яму дапамагалі настаўнік Вячаслаў Губар, заслужаны дзеяч культуры Аляксандр Шыдлоўскі, Сяргей Бандарэнка, паэт Міхась Васілёк, пісьменнік і удзельнік ІІ Сусветнай вайны Аляксей Карпюк, Валянцін Корбут — бацька чатырохразовай алімпійскай чэмпіёнкі Вольгі Корбут, інспектар РАНА Іван Буднік (які пасля смерці Апанаса Цыхуна дапоўніў і выдаў две кнігі на ягоных матэрыялах), бацька Яўгена Петрашэвіча і Яўген Петрашэвіч, вучоныя Аляксей Пяткевіч, Павел Сцяцко, Іван Лепешаў, Мікалай Даніловіч, пісьменнікі і паэты Данута Бічэль, Юрка Голуб і шмат іншых.

Скарбы і спадчына Карскага

На працягу дзесяткаў гадоў ён вывучаў сабранае лексічнае багацце Гродзеншчыны і выдаў унікальны для Беларусі слоўнік «Скарбы народнай мовы», працу над якім Ніл Гілевіч назваў подзвігам настаўніка.

Апанас Пятровіч выдаў зборнік «Песні з народных глыбіняў», але яго самая важная справа жыцця — «адкрыццё» для беларусаў свайго славутага земляка Яўхіма Карскага. Дзясяткі гадоў ён даследаваў і прапагандаваў навуковую спадчыну акадэміка і стварыў першы і адзіны ў СССР музей Я. Ф. Карскага на радзіме вучонага ў вёсцы Лаша, які на працягу амаль 30 гадоў наведвалі экскурсанты і вучоныя Беларусі і іншых краін.

Пасля закрыцця ў 90-я гады мінулага стагоддзя школы і музея ў Лашы Цыхун быў запрошаны каардынатарам і сябрам аргкамітэта па стварэнні музея акадэміка Карскага ў гімназіі № 1 г. Гродна. Ён заўсёды заставаўся актыўным папулярызатарам роднай мовы і культуры. Нават быў першым ініцыятарам усталявання помніка-валуна князю Давыду Гарадзенскаму і рэканструкцыі помніка роду Карскіх у Лашы.

На прэзентацыі аўтабіяграфічнай кнігі А.Цыхуна “Пройдзеныя шляхі-пуцявіны” у бібліятэцы Новага каралеўскага замку

Спяваў і садзіў бульбу ў 90 год

Апанас Цыхун ліставаўся з самымі вядомымі беларускімі пісьменнікамі і вучонымі: Быкавым, Брылём, Гілевічам, Кітам. Ён займаўся пчалярствам, граў на скрыпцы і меў добра пастаўлены голас. Нават у 90 гадоў Апанас Пятровіч садзіў на сваіх сотках бульбу і зеляніну. Першую кнігу выдаў у 82 гады, пятую — ў 93 гады.

Ён аўтар шасці кніг, шматлікіх артыкулаў і вершаў пра знакамітых беларусаў: наркама асветы БССР Баліцкага, вучоных і дзеячаў культуры Скарыну, Карскага, Кавалеўскага, Пачобута-Адляніцкага, Легатовіча, Зянкевіча, свайго стрыечнага брата рэвалюцыянера-падпольшчыка Рагачэўскага, генерала Грыгаровіча, Гуліду, партызанку Соламаву і восем скідзельскіх герояў-падпольшчыкаў.

Шматгадовыя сябры А.Цыхун і А.Шыдлоўскі

Яго імём названа вуліца

Дзесяць гадоў таму ў памяць да 105 годдзя Апанаса Цыхуна тапанімічная камісія пры гарвыканкаме Гродна прапанавала ў мікрараёне «Забалаць-2» назваць вуліцу яго імём.

У музеі Карскага ў гімназіі №1, які Цыхун дапамагаў ствараць, ёсць стэнд, прысвечаны славутаму гродзенцу. Дарэчы, новаму музею 4 лютага 2025 года споўнілася 30 гадоў! Ён па ўзросту старэйшы за першы музей Карскага ў Лашы, які праіснаваў 28 гадоў.

Апанас Цыхун меў шматгранны талент і вялікі аўтарытэт сярод настаўнікаў, краязнаўцаў, пісьменнікаў, ён пакінуў нашчадкам гісторыка-культурную спадчыну ў фондзе бібліятэкі імя Я. Карскага.

Ён зрабіў вялікую асветніцкую і патрыятычна-выхаваўчую работу ў навучальных установах Гродзеншчыны, актыўна папулярызаваў беларускую мову і мясцовыя геаграфічныя назвы, таму назаўсёды застанецца ў памяці жыхароў Гродна.