«Шцірліц» з роду Карскіх — лёс разведчыка-нелегала
Генетычная спадчына рознымі жменямі раскідваецца па прастаўніках кожнага роду, стварая прадумовы, а то і вызначаючы іх лёс. І гісторыкам потым застаецца толькі здагадвацца, спалучаючы самыя розныя якасці продкаў знакамітага чалавека, адкуль і што ўзялося ў яго здольнасцях, піша гісторык Віталь КАРНЯЛЮК.

Славуты беларускі род
Беларускі род Карскіх даў нашай навуцы і культуры акадэміка Яўхіма Фёдаравіча Карскага (1861-1931). Гэта даследчык энцыклапедычных ведаў, а ў сваёй шматтомнай працы «Беларусы» пакінуў фундаментальны навуковы ўнёсак ў беларускае мовазнаўства.
Акрамя таго, сучасная славянская палеаграфія, фалькларыстыка, этнаграфія і сёння выкарыстоўваюць дасягненні нашага земляка. Таму ў Гродна імя Я.Ф. Карскага носіць і бібліятэка, і гімназія, і вуліца. Даўно патрэбны помнік і памятная дошка.
У родзе Карскіх вядомыя і іншыя прадстаўнікі, якія па меры сваіх здольнасцяў рупіліся на ніве беларускай культуры і навукі. Гэта дзядзька Яўхіма Карскага Іван Ануфрыевіч Карскі (1837-1908) і стрыечны брат Сяргей Ігнацьевіч Карскі.
Да гэтай кагорты смела можна аднесці і праўнука акадэміка Аляксандра Аляксандравіча Карскага, які цяпер жыве ў Санкт-Пецярбургу і з’яўляецца аўтарам грунтоўнай біяграфічнай працы пра свайго прадзеда «Академик Е.Ф. Карский. Биография» (2019).
Працяглая архіўная праца па-свойму зацікаўленых даследчыкаў розных часоў і розных мясцін: краязнаўцаў з Гродна Цыхуна, Кроя, Карнелюка, музейнага работніка з Нясвіжа Блінца, таго ж праўнука Карскага і нашчадкаў з роду Карскіх з Іркуцка і Ангарска — адпаведна Пагрэбінскага і Сушанцова, дазволіла скласці шырокае генеалагічнага дрэва Карскіх з васьмі каленаў. Гэтае дрэва аб’ядноўвае каля сотні прадстаўнікоў роду Карскіх ад другой паловы XVIII да пачатку ХХІ стагоддзя.
Іван Ануфрыевіч Карскі з жонкай Феафаніяй Восіпаўнай
Хто такі Шпак? І як ён стаў Базаравым
Сярод генеалагічных знаходак, якіх ужо нямала, адна звяртае на сябе ўвагу асобна. Гэтай знаходкай, прынамсі, для гродзенскіх даследчыкаў гісторыі роду Карскіх, стала постаць Барыса Якаўлевіча Шпака (1893-1939).
У літаратуры па гісторыі савецкай разведкі гэта прозвішча больш чым вядомае. Але вядома яно пад імянем Барыса Якаўлевіча Базарава — легендарнага савецкага разведчыка-нелегала 1920-1930-х гадоў. Менавіта такая кансператыўная мянушка была ў гэтага рэзідэнта.
Гісторыя жыцця Барыса Шпака сапраўды вартая мастацкага твора і прыгодніцкага фільма. Ён нарадзіўся ў сям’і Марыі Іванаўны Карскай — дачцы мясцовага псаломшчыка І.А. Карскага і Якава Шпака, паштовага служачага ў мястэчку Цітаўляны (цяпер – Цітувенай) Ковенскай губерніі.
Рэзідэнт на Балканах
Барыс, пляменнік Яўхіма Фёдаравіча Карскага, атрымаў добрую адукацыю ў віленскай рэальнай, а потым у Віленскай ваеннай вучэльні. Як кадравы ваенны, ён удзельнічае ў баявых дзеяннях Першай сусветнай вайны у якасці падпаручыка і паручыка 105 палка.
Быў неаднойчы кантужаны ў баях, але зноў і зноў вяртаўся на фронт. У 1915 годзе Барыс трапляе ў нямецкі палон на цэлыя тры гады, змяняючы розныя лагеры ваеннапалоных. Так адбывалася да падзей Брэсцкага міру. Пазней шалёныя шляхі грамадзянскай вайны прыводзяць ужо штабс-капітана, Барыса Шпака ў армію Дзянікіна, а потым да Врангеля.
Ён апынуўся ў Канстанцінопалі разам з уцекачамі белай арміі. Тут варта адзначыць, што асабістая справа Барыса Базарава (Шпака) дасюль не рассакрэчана ў архівах Лубянкі. І шмат чаго з акалічнасцяў рашучага павароту жыцця царскага афіцэра ў бок супрацоўніцтва з органамі ВЧК застаецца пакуль не вядомым. Аднак факт застаецца фактам: Барыс Шпак з 1921 па 1927 год становіцца савецкім рэзідэнтам на Балканах.
Даслужыўся да маёра НКУС
Яшчэ ў нямецкім палоне, дзякуючы сваім прыродным здольнасцям да замежных моў (вось гены Карскіх!), Барыс Шпак моцна ўдасканаліў нямецкую і англійскую мовы (французскую ведаў з вучэльні). Цяпер у Балгарыіі навучыўся яшчэ добра гутарыць на балгарскай і сербахарвацкай мовах.
Шпіёнскія дасягненні Шпака былі высока ацэнены кіраўніцтвам НКУС. Яму на працягу кар’еры разведчыка двойчы надавалі званне «Ганаровага чэкіста». Урэшце Барыс Шпак даслужыўся да звання маёра НКУС, што раўнялася генеральскаму ў звычайнай савецкай армейскай іерархіі.
Стаў ворагам народу
Пасля Балгарыі і Вены ў службе разведчыка-нелегала Базарава з канца 1920-х да 1938 года былі Германія і ЗША. Берлін у тыя часы быў цэнтрам савецкай рэзідынтуры ў Еўропе.
Менавіта Барысу Якаўлевічу атрымалася завербаваць супрацоўніка брытанскага ўрада і атрымліваць праз яго найкаштоўныя сакрэтныя звесткі для савецкага кіраўніцтва.
Пазней, у ЗША разведчыка чакала праца па каардынацыі там савецкай рэзедзентуры. Менавіта адтуль яго ў 1938 годзе. раптам паклікалі ў СССР. Напэўна, можна было здагадацца, навошта. Бо тады было шмат такіх прэцэдэнтаў. Але Шпак вярнуўся і быў арыштаваны як вораг народу. Далей — хуткі прыгавор і расстрэл 21 лютага 1939 года.
Пахаваны слынны савецкі разведчык з роду Карскіх разам з іншымі тысячамі сталінскіх ахвяраў на могілках Данскога манастыра ў Маскве. Рэабілітавалі разведчыка ў часы «адлігі» у 1956 годзе.
Пра жыццё і дзейнасць Барыса Базарава (Шпака) можна прачытаць у кнізе Антонава «100 вялікіх разведчыкаў Расіі» (2018). Аднак і там няма згадкі, што гэты разведчык мае кроўную сувязь са знакамітым беларускім родам Карскіх, які паходзіць з нашай Гродзеншчыны.