Пасхальнае пасланне архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Антонія верным дзецям Гродзенскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы
Усе мы любім жыццё і хочам жыць. Гэта норма для чалавека — даражыць сваім жыццём і супраціўляцца смерці. Як тонка заўважыў свяціцель Нікалай Сербскі, людзі любяць жыццё «нават болей за ісціну, хоць без ісціны і няма жыцця. Смерць ненатуральная, яна ідзе не ад прыроды, а супраць прыроды».
Дарагія айцы, браты і сёстры!
Хрыстос уваскрэс!
Сапраўды ўваскрэс Хрыстос!
Тым больш дзівосны феномен самаахвярнасці, калі чалавек добраахвотна абірае смерць, каб іншы чалавек застаўся ў жывых.
Увесну 1945 года у канцлагеры Равэнсбрук у Германіі прыняла пакутніцкую гібель руская манахіня, маці Марыя (Скабцова). Згодна са сведчаннямі біёграфаў, яна сама прайшла на кару замест іншай жанчыны, апрануўшы сукенку з яе нумарам. Менш чым праз месяц лагер пры ўдзеле войск 2-га Беларускага фронту быў вызвалены, і гэтая гісторыя стала вядомай.
Як маці Марыя пайшла ў газавую камеру, каб жыла жанчына, імя якой мы не ведаем, так і Гасподзь наш Іісус Хрыстос пайшоў на крыж, каб жыў кожны з нас. З’яўляючыся ісцінным Богам, але таксама і ісцінным Чалавекам, Ён замяніў Сабою чалавека, асуджанага на смерць. З’яўляючыся бязгрэшным, Ён аддаў Сябе ў ахвяру за грэшны род людскі. У асобе Хрыста Бог падзяліў з чалавекам усе наступствы граху: фізічны і душэўны боль, смяротную пакуту, пякельную пасмяротную цемру. На думку свяціцеля Іаана Залатавуста, тое месца прадоння, куды спусціўся Гасподзь, «было самае змрочнае і бязрадаснае і ніколі не мела дачынення да прыроды святла, <…> пакуль не сышло туды Сонца праўды, не асвятліла і не зрабіла пекла небам, — бо дзе Хрыстос, там і неба». Хрыстос з’явіўся туды, дзе Бога няма — і, як кажа мітрапаліт Антоній Суражскі, «Сваім Боствам, Жыццём вечным, Святлом неўміручым запоўніў усё».
Прайшоўшы шляхам пакут да канца, Спасіцель падараваў чалавеку жыццё бясконцае! Менавіта падараваў, як падкрэслівае свяціцель Іаан Залатавуст: «Мы не крывавілі зброю, не стаялі ў страі, не атрымлівалі ран і не бачылі бітвы, а перамогу атрымалі; подзвіг — Уладара, а вянок — наш».
Здавалася б, але дзе ж тады перамога Божая і наша, калі людзі ўсё яшчэ паміраюць? Дзе гэтая перамога, калі людзі ўсё яшчэ грашаць?
Свяціцель Нікалай Сербскі адказвае на гэтыя пытанні так: «Кожны, хто ўваходзіць у гэтае жыццё праз матчына ўлонне, выходзіць з гэтага жыцця праз смерць і дамавіну. Такое правіла. Але толькі для нас, якія паміраюць у Хрысце, смерць ёсць ужо не змрочнай безданню, а нараджэннем у новае жыццё і вяртаннем на айчыну сваю». Мы па-чалавечы баімся смерці — але Хрыстос, Які паўстаў з мёртвых, даў нам магчымасць не быць рабамі гэтага страху, узняцца над ім і спакойна ўзірацца ў далягляд зямнога быцця, ведаючы, што шмат што праходзіць, але любоў ніколі не перастае (1 Кар. 13:8).
«Сапраўды Гасподзь перамог грэх, — сцвярджае далей свяціцель Нікалай. — Хрыстос — гэта непараўнальны і найвялікшы Лекар у гісторыі чалавецтва, бо Ён даў людзям лякарства ад хваробы ўсіх хвароб, то бок ад граху, з якога нараджаюцца ўсе іншыя хваробы і ўсе іншыя пакуты чалавечыя, і душэўныя, і цялесныя. Гэтае лякарства — Ён Сам, уваскрэслы і жывы Гасподзь. Ён ёсць адзіным і толькі адным надзейным сродкам ад граху». Так вобразна святы развівае словы Спасіцеля: Хто есць Маю Плоць і п’е Маю Кроў, той мaе жыццё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень (Ін. 6:54).
Лякарства ад граху прапануецца нам за кожнай Літургіяй пад выглядам хлеба і віна. У нашай уладзе ўжыць яго — і калі мы, ужо прычасціўшыся Хрыстовых Тайнаў, працягваем грашыць, то гэта таму, што самі зноў і зноў выбіраем грэх. Але Бог не робіць замах на нашу свабоду, а цярпліва чакае побач і ў адказ на шчырае раскаянне зноў і зноў нам даруе — да сямідзесяці разоў па сем (Мф. 18:22) і яшчэ больш.
Як нам рэагаваць, чым адгукнуцца на гэтую любоў? Няхай нашы сэрцы закране бескампрамісны адказ мітрапаліта Антонія Суражскага: «Так любіць кожнага чалавека, як яго ўзлюбіў Бог: любой цаной і да конца. І калі мы так навучымся любіць, то свет наш стане новым, іншым светам; тады прыйдзе да нас Царства Божае, Уваскрасенне, новае жыццё. Але для гэтага кожны з нас павінны памерці — не цялеснай смерцю <…>, а адмовай ад усяго сябелюбства, ад шукання свайго, адкрыцца Богу, адкрыцца іншым, жыць для іншых».
Малітоўна жадаю, каб светлыя велікодныя дні сталі для ўсіх нас часам, калі мы зможам пажыць для іншых: абагрэць сваёй цеплынёй бліжніх, прабачыць нашых асабістых крыўдзіцеляў, дапамагчы слабым і ўразлівым, падзяліцца самай актуальнай навінай пра тое, што ў далёкім Іерусаліме дзеля нас уваскрэс Хрыстос.
Гэта мой першы Вялікдзень у Гродна — і я з хваляваннем і любоўю звяртаю да вас, родныя, заклік аб’яднацца ў радасці аб Госпадзе. Радуйся, зямля Гарадзенская, слаўная традыцыямі, прыўкрасная годнасцю, багатая людзьмі! Радуйся, бо
Хрыстос уваскрэс!
Сапраўды ўваскрэс Хрыстос!
Благаславенне Гасподняе няхай будзе з вамі і вашымі сем’ямі!