Эксперыменты апошняга кароля — Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, якога мы не ведалі

Іншы кароль Рэчы Паспалітай Панятоўскі, які глядзеў на зоркі, вырабляў газаваную воду і верыў у навуку. Пiша Аляксандр Перагудаў, настаўнік гісторыі гімназіі № 1 імя Я. Карскага.

Філосаф, які тлумачыць мадэль Сонечнай сістэмы. Джозэф Райт, 1765 г. Алей.

Хто цяпер ўспамінае караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, даволі шмат звязанага з нашым горадам? Без перабольшвання амаль ніхто. А калі нехта і  ўспомніць гэтае імя, то, пэўна, выключна з падзеламі Рэчы Паспалітай, Новым замкам, магчыма, з назвамі ягоных рэзідэнцый «Станіславова» і «Аўгустова».

Між тым Панятоўскі — цікавая і неадназначная постаць, прыхільнік Асветніцтва, аматар мастацтва, навукі і тэхнікі. У Гродне, у трэцім горадзе краіны, манарх праводзіў немала часу. У перапынках паміж паседжаннямі сейма і інспекцыяй каралеўскіх мануфактур знаходзіў час для заняткаў навукай. Дык чым жа цікавіўся апошні кароль падчас свайго побыту ў Гродне? Знаёмства з некаторымі яго захапленнямі дэманструюць іншага Панятоўскага.

Назіраў сонечнае зацьменне

Перыяд праўлення Станіслава Аўгуста (1764–1795) прыпаў на эпоху Асветніцтва, калі інтэнсіўна развіваліся адукацыя і мастацтва, філасофія і дакладныя навукі. Кароль адпавядаў свайму часу: меў вялікі кнігазбор і нярэдка браў кнігі ў паездкі. Ён быў не проста добра азнаёмлены з тагачаснай філасофскай думкай, ён кіраваўся ёй падчас распрацоўкі дзяржаўных рэформ.

Дзейным быў яго інтарэс да навуковай практыкі. Станіслаў Панятоўскі самастойна прымаў удзел у навуковых эксперыментах, каб на свае вочы назіраць сонечнае зацьменне альбо зразумець з’яву электрычнасці

Каралеўская рэзідэнцыя Аўгустова. Напалеон Орда, паміж 1861-1869 гг. Акварэль.

Наведаў батанічны сад і медакадэмію 

Вядома, што асобнае месца ў рэформах аднадумцы, старасты Гродна Антонія Тызенгаўза, было адведзена першай медыцынскай навучальнай установе краіны — Гродзенскай акадэміі, адчыненай у 1776 годзе. Яе дырэктарам быў прызначаны французскі біолаг і педагог з Ліона Жан Эмануэль Жылібер, намаганнямі якога пры школе былі заснаваны батанічны сад, навуковая бібліятэка і анатамічны тэатр, а да выкладання запрошаны навукоўцы і педагогі з-за мяжы.

Кароль шчыра цікавіўся лёсам шматлікіх праектаў графа Тызенгаўза, таму падчас знаходжання ў Гродне ў верасні 1777 года наведаў некалькі ўстаноў.

Інспекцыя медыцынскай акадэміі, батанічнага саду, рыцарскай школы, мануфактуры Гарадніцы і Ласосна каралём і яе вынікі знайшлі падрабязнае адлюстраванне ў лісце Жана Жылібера да калегі з Ліона. Як піша француз, падчас агляду школы і саду кароль актыўна задаваў пытанні суразмоўцам, у тым ліку садоўніку, а па завяршэнні знаёмства з аранжырэяй і школай перадаў ў бібліятэку каштоўнае шматтомнае выданне па батаніцы.

Летам – восенню 1793 года ў Новым замку ў Гродне праходзіў апошні ў гісторыі Рэчы Паспалітай сейм, на якім быў зацверджаны другі падзел краіны паміж Расіяй і Прусіяй. Неверагодна, аднак драматычныя падзеі не перашкаджалі каралю займацца адукацыяй.

«Швэпс па-гродзенскі»

У Гродна дэманстрацыі вопытаў ў галіне фізікі і хіміі адбываліся ў школе пры дамініканскім кляштары (цяпер гэта будынак па адрасе Савецкая, 6), а таксама ў Новым замку: кароль не заўжды меў час наведваць школу, таму часам эксперыменты паўтараліся адмыслова для яго ў каралеўскім палацы. Эксперыменты праводзіліся пад кіраўніцтвам выкладчыкаў дамініканскай школы, якія агулам арганізавалі для Станіслава Панятоўскага 18 сустрэч.

Першы з запланаваных паказаў адбыўся ў ліпені 1793 года — у той самы дзень, калі дэпутаты сейму зацвердзілі другі падзел краіны! Мажліва, кароль шукаў уратаванне ў навуцы пасля балючай паразы на палітычнай арэне?

Дамініканцы прадэманстравалі пнеўматычную машыну — двухцыліндровую помпу, створаную ў Вільні па англійскім узоры. У кабінеце таксама знаходзіўся прыбор па вытворчасці газаванай вады. Спробы вынайсці зручны спосаб штучна загазаваць ваду прадпрымаліся ўсю другую палову XVIII стагоддзя, пакуль нямецкі ювелір і прадпрымальнік Якаб Швэп нарэшце не ўдасканаліў у 1783 годзе існуючы метад і праз пару год першым ў свеце распачаў прамысловую вытворчасць газавагай вады з сіропам у Жэневе.

Пакуль напой «Швэпс» скараў падчас спёкі жыхароў Швейцарыі і Германіі, гарадзенцы займелі шанец паспрабаваць на густ содавую ад дамініканцаў.

Электрычная машына Хоксбі. Жан-Антуан Нале, 1767 год. Гравюра з кнігі «Leçons de Physique».

Эксперыменты ў цяжкія для краіны часы

Кароль пазнаёміўся з сонечнымі, начнымі гадзіннікамі і іншымі вынаходніцтвамі, якія былі прадстаўлены ў кабінеце школы. У жніўні манахі-навукоўцы растлумачылі Панятоўскаму выкарыстанне двух начных компасаў для вызначэння часу з улікам становішча зорак і Луны.

У верасні 1793 года паказы працягнуліся, частка з іх была прысвечана малавывучанай тады з’яве электрычнасці. Большасць розных вопытаў былі дастаткова эфектнымі, паколькі асноўным інструментам была электрычная машына, або прыстасаванне для атрымання электрычнага зараду. Каралю дэманстравалася гэтак жа электрычны канденсатар і мадэль громаадводу і шматлікія эксперыменты, звязаныя з імі.

Іншая частка эксперыментаў была звязана з фізікай газаў. Дамініканцы валодалі апаратурай для сінтэзу такiх газаў, як вадарод, хлор, кісларод, вуглякіслы газ, аксід азоту. Манарх назіраў уплыў газу на падтрыманне агню падчас наступнага эксперыменту: свечка, усталяваная ў ёмкасці, напоўненай кіслародам, гарэла ў чатыры разы хутчэй, чым свечка такога ж памеру ў атмасферы. Кароль звярнуў увагу на начных матылькоў, якія кружылі найперш вакол ёмкасці, у якой запальвалася гэтая свечка, хаця побач было запалена шмат іншых свечак.

Станіслаў Аўгуст Панятоўскі не абыходзіў увагай астраномію. У Варшаўскім каралеўскім палацы ён абсталяваў абсерваторыю з апаратурай з Англіі. Вядома, што некалькі разоў асабіста назіраў за астранамічнымі з’явамі.

Аднойчы назіранне праходзіла ў ваколіцах Гродна. 5 верасня 1793 года падчас перапынку ў працы сейма кароль назіраў сонечнае зацьменне ў Аўгустове з астраномамі Марцінам Пачобутам-Адляніцкім і Янам Снядзецкім. Неабходнае абсталяванне было прывезена з Вільні. Назіранне дазволіла ўдакладніць геаграфічныя каардынаты Гродна.

Усе гэтыя падзеі адбываліся ў драматычныя для краіны хвіліны. Свае намаганні і інтэлектуальную моц Панятоўскі павінен быў накіроўваць на яе ратаванне. Днём ён абмяркоўваў палітычныя пытанні з сенатарамі, а ўвечары апантана слухаў лекцыі пра хімічныя элементы ці назіраў працэс стварэння «газіроўкі». Калі навуковыя паводзіны манарха не мелі якіх-колечы наступстваў, то палітычныя захады зрабілі яго апошнім манархам Рэчы Паспалітай, адрачэнне якога памятаюць сцены Новага замку.