Адзіная рэальная каштоўнасць у чалавека на свеце — яго жыццё… Васіль Быкаў пра вайну
22 чэрвеня адзначаецца 80-ая гадавіна пачатку Вялікай Айчыннай вайны і 18 гадоў, як пайшоў з жыцця славуты беларускі пісьменнік Васіль Быкаў. У гэтую жалобную дату для беларускага народа мы ўспамінаем чалавека, які прайшоў дарогамі вайны і пакінуў вялікі след у гісторыі Гродна і сусветнай літаратуры.
Вайну 17-гадовы Быкаў сустрэў на Украіне. Потым ён адстаў ад сваёй калоны, быў арыштаваны і ледзь пазбегнуў растрэлу. Потым будаваў ваеныя аб’екты, вучыўся ў чыгуначнай школе і пяхотным вучылішчы Саратава. Пасля атрымаў званне малодшага лентэнанта і ваяваў на украінскіх франтах, быў паранены. Удзельнічаў у вызваленні Румыніі, прайшоў Балгарыю, Венгрыю, Югаславію, Аўстрыю.
З 1947 па 1978 год з перапынкам на вайсковую службу жыў у Гродна, дзе працаваў мастаком, літкансультантам, з’яўляўся сакратаром Гродзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР і, канешне, пісаў свае шматлікія творы пра вайну.
Вайна Быкава — гэта не гераізм і савецкая ідэалогія, гэта пакуты, гэта трагедыя і выпрабаванне чалавека на вайне. І Быкаў як ніхто іншы пра гэта ведаў.
У гадавіну смерці пісьменніка і пачатку Вялікай Айчыннай вайны мы ўспамінаем цытаты і выказванні Васіля Быкава пра вайну:
«Прадчуваю сакраментальнае пытанне пра страх: баяўся ці што? Вядома баяўся, а, можа, часам і збаяўся. Але страхаў на вайне шмат, і яны ўсе розныя. Страх перад немцамі — што маглі ўзяць у палон, застрэліць; страх з-за агню, асабліва артылерыйскага або бамбёжак. Калі выбух побач, так, знаецца, цела само, без удзелу розуму, гатова разарвацца на кавалкі ад дзікіх пакут. Але быў жа і страх, які ішоў з-за спіны — ад начальства, усіх тых карных органаў, якіх у вайну было не менш, чым у мірны час. Нават больш».
«Вайна бязлітасная да кожнага»
«Вайна надзіва сляпая ў адносінах да людзей і далёка не па іхніх заслугах распараджаецца жыццямі»
«Порахам чалавека ня выхаваеш»
«Пакуты робяць чалавека чалавекам. Чалавек без пакут ‒ трава»
«Адзіная рэальная каштоўнасць у чалавека на свеце — яго жыццё. Калі-небудзь у дасканалым людскім грамадстве яно стане катэгорыяй-абсалютам, мерай і цаною ўсяго. Кожнае такое жыццё, з’яўляючыся галоўным сэнсам чалавечага існавання, зробіцца не меншай каштоўнасцю для ўсяго грамадства наогул, сіла і гармонія якога будуць вызначацца шчасцем кожнага яго члена. А смерць што ж — смерці не мінуць нікому».
«Прайшло амаль дваццаць год. Шмат хто нічога ўжо і не памятае з таго, што было ў раннім дзяцінстве. Многія нарадзіліся пасля вайны. Вайна для такіх — абстракцыя».
«А жыць так хацелася — хоць як-небудзь: у сцюжы, голадзе, страху, хоць у такім жудасным пекле, якім была вайна, — усё роўна хацелася жыць».
Мы пісалі, што Васіль Быкаў пражыў у Гродне шмат гадоў. Кожны аматар творчасці пісьменнніка ведае гродзенскія будынкі на Парыжскай Камуны, Свярдлова і Кашавога, дзе ў розныя годы жыў Быкаў за сям’ёй.
Але да гэтага часу Гродна не аддзячыў славутаму пісьменніку: у горадзе няма ні вуліцы, ні мемарыяльнай дошкі, ні бюсту, ні поўнавартаснага музею, ні пасмяротнага звання Ганаровага грамадзяніна Гродна, а памяць пра гэтага чалавека існуе ў сэрцах неабыякавых да Беларусі, беларускай гісторыі і культуры людзей.
Гродно: репортаж из сорок первого