Велікодныя віншаванні біскупа Аляксандра Кашкевіча вернікам Гродзенскай дыяцэзіі

Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры! Дарагія вернікі дыяцэзіі! Кожны год у велікодную раніцу мы з вялікай надзеяй чакаем тых словаў, якія абвяшчаюць нам вялікую радасць, што Хрыстус сапраўды ўваскрос.

Хрыстус сярод нас, нягледзячы на тое, што мы перажываем: радасць ці смутак. Ён заўсёды побач. Таму няхай замест непакою і страху, замест цемры і няўпэўненасці, якія ў апошні час агарнулі наша жыццё, прыйдзе сёння радасная вестка: «Пан уваскрос, Ён з намі».

Дарагія браты і сёстры!

Так цудоўна склалася, што ўжо праз некалькі дзён мы будзем дзякаваць Пану Богу за 30 гадоў існавання нашай дыяцэзіі. За гэты час адбылося вельмі шмат. З’явіліся новыя парафіі, было адноўлена шмат святыняў, а наш мясцовы Касцёл атрымаў шмат маладых святароў. Новыя малітоўныя групы і душпастырствы вядуць актыўную дзейнасць. Усё гэта здзейснілася дзякуючы вялікаму ўнёску свецкіх і духоўных асобаў, за што сёння ім вельмі ўдзячны. Вельмі хацеў бы, каб гэтая гадавіна была для нас усіх нагодай да падзякі Пану Богу, а таксама нагодай, каб адчуць сябе больш з’яднанымі. Будзем адзін для аднаго сведкамі ўваскрасення.

Сёлетнія віншаванні, якія жадаю выказаць і якія прыносім адзін аднаму, вельмі адрозніваюцца ад віншаванняў мінулых гадоў. Эпідэмія, выкліканая каранавірусам, з’яўляецца вялікай нечаканасцю для свету і кожнага з нас. Таму сёння, як ніколі дагэтуль, нам патрэбная ласка веры, дзякуючы якой мы знойдзем шляхі да Бога і да чалавека. Нам патрэбнае ўмацаванне надзеяй, якая падтрымае нашыя слабыя сілы, і моц любові, каб мы не паддаліся пачуццю страху, станавіліся больш чулымі на патрэбы іншых і — кажучы мовай св. Францішка — маглі не столькі шукаць суцяшэння, колькі даваць яго; не столькі шукаць разумення, колькі разумець; не столькі шукаць любові, колькі любіць.

У час, калі перажываем радасць Велікодных святаў, жадаю вам, каб Хрыстус Уваскрослы адорваў добрым здароўем і сіламі для прыняцця штодзённых выклікаў. Няхай Ён умацуе салідарнасць і сувязі паміж усімі членамі нашай дыяцэзіяльнай сям’і, няхай дасць цярплівасць у цяжкасцях і павялічыць надзею. Няхай Пан аддаліць ад нас хваробы і дасць ласку жыцця велікодным пасланнем, што Любоў усё перамагае.

На час радаснага перажывання святаў Уваскрасення Пана і давання сведчання пра Уваскрослага Хрыста запэўніваю вас у сваёй малітве і ад усяго сэрца благаслаўляю.

Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

Aляксандр Кашкевіч, біскуп Гродзенскі