Віншаванне высокапраасвяшчэннейшага архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Арцемія з нагоды свята Хрыстовага Нараджэння

Сардэчна вітаю ўсіх вас і ад усёй душы віншую са святам Хрыстовага Нараджэння!

Фото из архива

Мы зноў становімся перад абліччам вялікай таямніцы Богаўцялеснення, калі абяцаны старажытнаму народу Месія прыходзіць у свет як Сын Божы, Які стаў Сынам Чалавечым. Сам Бог ва ўсёй Сваёй Боскай велічы вырашыў як Чалавек пражыць наша чалавечае жыццё і як Чалавек увайсці і ў нашу чалавечую смерць. Каб апынуцца там, у гэтым пекле, і, здзейсніўшы над ім Сваю Пасхальную перамогу, адкрыць чалавеку шлях да збаўлення і жыцця вечнага.

Такі выбар Бога — зрабіць крок да чалавека, увайсці ў яго знявечаны лёс і прапанаваць яму Збаўленне праз Сваю Любоў і Свой Крыж. А выбар чалавека — прыняць і адгукнуцца, адкрыць у сабе веру і любоў або застацца безуважным, халодным, нячулым.

Мы жывём у свеце, дзе існуе шмат супярэчнасцяў. Але сапраўднае вырашэнне гэтых праблем, сямейных, грамадскіх, нават царкоўных, існуе толькі ў Хрысце. Яны вырашаюцца тады, калі краевугольным каменем усяго становіцца Хрыстос.

Ці атрымліваецца ў нас, сучасных хрысціянаў, слухацца гэтага закліку? Ці ён даўно адхілены намі і адсунуты на перыферыю нашага жыцця? Ці гатовыя мы служыць Богу і Яго праўдзе, або пры першым жа сутыкненні са светам, «які ляжыць у зле», мы становімся на шлях канфармізму і лаяльнасці граху і крывадушнасці?

Даводзіцца нярэдка чуць: «Ну, дзе ж той Бог? Куды ж Ён глядзіць? Чаму няма справядлівасці?» Адказ на гэта пытанне і даецца нам у падзеі Хрыстовага Нараджэння. Дакладней, у тым, якую ролю ў ім адыгралі менавіта людзі.

Бог прыходзіць у свет у якасці кволага, безабароннага Немаўляці. Збаўленне ў гэты свет прыходзіць ад Бога, але Бог настолькі давярае чалавеку, што аддае Сябе ў яго рукі. І вось у гэтым выдатным супрацоўніцтве Бога і чалавека заключаецца сэнс збаўлення. І толькі тое, што кожны чалавек змог верыць і любіць больш, чым сумнявацца і баяцца, паспрыяла набліжэнню Бога да чалавека, сцвярджэнню праўды, умацаванню любові і аднаўленню справядлівасці. На працягу чалавечай гісторыі Хрыстос дзейнічае гэтаксама: чакае нашай любові, мужнасці, сумленнасці. Чакае ад нас адказнага выбару і ўчынкаў паводле сумлення. І калі мы робім так, Ён зноў уцелясняецца ў вузкіх пячорах нашых сэрцаў. Робячы нас «людзьмі добрай волі» і даруючы «зямлі мір»! Ён з намі, калі мы — з Ім!

Вось шлях, па якім нам усім трэба ісці насустрач Хрыстоваму Нараджэнню! Не будзем чакаць, пакуль хтосьці замест нас зробіць наш выбар і прынясе Хрысту нашы дары. Не будзем баяцца прызнаць у сыне Дзевы — Сына Божага і паслужым Яму, здзяйсняючы ўчынкі праўды! І тады, са слоў апостала, у «сэрцах нашых стане валадарыць мір Божы, да якога мы і пакліканы» (Кал. ІІІ, 15). І ў гэтым міры няхай будзем усе мы! Са святам, з Хрыстовым Нараджэннем!