Віншаванні біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча на свята Божага Нараджэння і Новы год
Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры!
Дарагія вернікі дыяцэзіі!
Перад намі цудоўныя святы Божага Нараджэння, якія мы перажываем заўсёды ў асаблівай атмасферы цеплыні і сярод самых блізкіх людзей. Хоць сёлетнія святы, напэўна, будуць іншыя, чым усе, якія мы памятаем.
Аднак Божае Нараджэнне заўсёды прыносіць радасць і надзею. Надзею, што — з Божай дапамогай — мы пройдзем разам праз гэты цяжкі час і хутка зноў зможам нармальна жыць, функцыянаваць, арганізоўваць у тым жа фармаце, што і раней, усе нашы дыяцэзіяльныя ўрачыстасці і сустрэчы, якія ўзбагачаюць нашу веру і набліжаюць нас да Пана Бога і іншага чалавека.
Перш, чым гэта стане магчыма, жадаю ў гэты святы час Нараджэння Пана быць блізка да вашых сем’яў, парафіяльных супольнасцяў, чалавечых сэрцаў. Жадаю быць разам з вамі праз малітву, захоўванне нашых традыцый, праз веру і любоў.
У гэты выключны і адзіны на працягу ўсяго года вігілійны вечар жадаю падзяліцца аплаткай з усімі, каб гэтыя святы зблізілі нас яшчэ больш адзін з адным, нарадзілі ўзаемную зычлівасць і дабрыню, жаданы мір і прабачэнне, якія, як ніколі, патрэбныя нашаму грамадству і нашай краіне. Няхай гэтыя святы схіляюць нас усіх да чуласці ў дачыненні да хворых, бедных, самотных і церпячых.
Дарагія браты і сёстры!
Жадаю, каб святкаванне Божага Нараджэння было часам нараджэння і ўмацавання ў нас самага лепшага, прыгожага і высакароднага, а Новы 2021 год, які набліжаецца, быў поўны добрых хвілін, даў пачуццё бяспекі, а таксама ўпэўненасць, што Божая любоў спадарожнічае ўсім тым, хто ёй давярае.
Благаслаўлёных святаў Божага Нараджэння і шчаслівага Новага года!
З пастырскім бласлаўленнем
Аляксандр Кашкевіч, біскуп Гродзенскі