Віншаванне высокапраасвяшчэннейшага Арцемія, архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага, з нагоды свята Нараджэння Хрыстова

Узлюбленыя ў Госпадзе браты і сёстры! Шчыра вітаю вас і сардэчна віншую з надыходзячым святам Нараджэння Хрыстова, калі Сын Божы «пажадаў дзеля нашага збаўлення прыняць плоць ад Святой Багародзіцы і Вечнадзевы Марыі, і, не змяніўшыся, стаў чалавекам», ва ўсім падобным да нас, акрамя граху, якім была пашкоджана прырода чалавека і выправіць які і прыйшоў на зямлю Збавіцель.

Фото из архива

Свята Нараджэння Хрыстова — свята вялікай надзеі на выратаванне чалавека. Па словах апостала Паўла, Сам «Хрыстос — надзея наша» (1 Цім. 1:1). «Маючы такую надзею, мы дзейнічаем з вялікай адвагай» (2 Кар. 3:12), смела ўглядаючыся ў гістарычны далягляд падзей. У надыходзячым 2020 годзе мы будзем адзначаць 120-годдзе ўтварэння Гродзенскай епархіі. Час яе існавання — няпросты час суровых выпрабаванняў, якія вогненным віхрам прайшліся па нашай зямлі. Гэта і падзеі кастрычніка 1917 года, якія паклалі пачатак гвалтоўным пераўтварэнням у грамадскім жыцці дваццатых-трыццатых гадоў, што прывялі да ганенняў на веру і Царкву, калі многія з вернікаў зведалі жорсткія пакуты за Хрыста, і дзве сусветныя вайны, калі ўвесь цяжар ваеннага ліхалецця Царква падзяліла з народам, і часы так званых «адлігі» і «застою», калі з былых рэспублік Савецкага Саюза менавіта БССР павінна была стаць узорна-паказальнай атэістычнай рэспублікай. У мінулым ХХ стагоддзі Праваслаўнай Царквы Промыслам Божым наканавана было прайсці праз суровыя выпрабаванні: тысячы святароў і свецкіх зведалі жорсткія пакуты і прынялі лютую смерць за веру Хрыстову. Але, прайшоўшы праз усе выпрабаванні, Царква выстаяла, і зараз Праваслаўе з’яўляецца неад’емнай часткай жыцця Гарадзеншчыны. Мы бачым адноўленыя старажытныя і пабудаваныя новыя храмы, новыя пакаленні вернікаў і святарства, бачым унёсак Царквы ў духоўнае жыццё нашай краіны.

Хрыстос — надзея наша — з намі, як Ён Сам сказаў пра тое Сваім вучням (Мф. 28: 20). Ён з намі ў нашых радасцях і нягодах, ён са сваёй Царквой, якая ідзе па шляху любві да Бога і чалавека, які быў вызначаны Самім Збавіцелем. І зараз, на мяжы часу, на парозе другога дзесяцігоддзя другога тысячагоддзя хрысціянства на нашай зямлі, Гасподзь звяртае да нас праз апостала Паўла Свае словы: «Бог жа надзеі няхай напоўніць вас усякай радасцю і мірам у веры, каб вы, сілаю Духа Святога, узбагаціліся надзеяю» (Рым. 15,13).

Малітоўна жадаю ўсім у надыходзячым новым годзе добрага здароўя і радасці, дапамогі Божай і Божага благаслаўлення, плёну ў працы і дабрабыту, узаемаразумення і спакою.

Архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій