З парыжскіх архіваў — на радзіму. У Гродне пакажуць здымкі Пятра Шумава, а на Савецкай з’явіцца музей фатаграфіі

Больш года ажыццяўляўся праект па вяртанні з парыжскіх архіваў на радзіму часткі сусветнага значэння спадчыны малавядомага гродзенца — фатографа Пятра Шумава. І вось гэта выстава «Пётр Шумаў. Вяртанне дадому» рыхтуецца да адкрыцця ў Гродне.

Больш года ажыццяўляўся праект па вяртанні з парыжскіх архіваў на радзіму часткі сусветнага значэння спадчыны малавядомага гродзенца — фатографа Пятра Шумава. І вось гэта выстава «Пётр Шумаў. Вяртанне дадому» рыхтуецца да адкрыцця ў Гродне.

На фатаграфіях ключавыя фігуры сусветнага значэння стогадовай даўніны, так званага Сярэбранага веку: Марына Цвятаева і Уладзімір Маякоўскі, Сяргей Ясенін і Саша Чорны, Аляксей Талстой і Канстанцін Бальмонт, Ілья Эрэнбург, Тэффі, Аляксандр Купрын, Сяргей Пракоф’еў, Ігар Стравінскі, Анры Барбюс, Антон Чэхаў, Максім Горкі, Альберт Эйнштэйн, Марк Шагал. І Леў Бакст, наш знакаміты зямляк, бліскучы разнажанравы мастак.

Першы арышт i пераезд у Францыю

Пётр Шумаў нарадзіўся ў 1872 годзе ў Гродне ў дваранскай сям’і. 12 гадоў вучыўся ў Гродзенскай мужчынскай гімназіі, будынак якой і зараз стаіць на Савецкай вуліцы. Праз 34 будынкі на адной лініі з гімназіяй знаходзілася тытунёвая фабрыка Шарашэўскага, на якой больш за 1000 працаўнікоў за капейкі працавалі ў нечалавечых умовах па 15 гадзін у дзень. Гімназісты бачылі гэтых стомленых людзей пасля працы, некаторыя былі іх бацькамі. Усё гэта абмяркоўвалася ў вузкім коле сяброў, паўшэптам на вуліцы, на кватэрах. Фармаваліся групы аднадумцаў. Гімназіст Шумаў так захапіўся ідэямі марксізму, што гэта стала важней вучобы. У 1885 годзе ён стварыў першы гродзенскі сацыял-дэмакратычны гурток і адразу ж трапіў пад таемны нагляд паліцыі. У яго жыцці было ўсё: мітынгі, маёўкі, выпуск улётак, нататкі ў падпольнай газеце.

Таму ў Тэхналагічным інстытуце горада на Няве ён правучыўся ўсяго два гады і свядома далучыўся да гродзенскага рэвалюцыйнага гуртка. У 1894 годзе сярод арыштаваных быў і Пётр Шумаў. Гэта быў першы арышт Шумава, яму забаранілі пакідаць Гродна цягам трох гадоў, так што пра вучобу давялося забыць. Яго арыштоўвалі восем разоў, у гродзенскай турме ён правёў чатыры гады. Разрыў з бацькам, які не перанёс бунтарства сына, клопат пра хворую маці — Пётр быў страшна самотны ў жыцці.

Сярод паплечнікаў па змаганні былі і маладыя дзяўчаты. У 1904 годзе, пасля смерці маці, 22-гадовы Пётр Шумаў ажаніўся з Кэйлай (Кацярынай) Лапінай, сваёй памагатай па змаганні, дачкой багатага ўладальніка гродзенскай тыпалітаграфіі Саламона Лапіна (яму пад канец ХІХ стагоддзя належала шмат будынкаў у горадзе, а сам ён жыў з сям’ёй у выкупленай былой батаруўцы — каралеўскім палацы Стэфана Баторыя на сучаснай Савецкай плошчы). У гэтым жа годзе ў Пятра і Кэйлы нарадзілася дачка Марыя. Прайшло ўсяго тры гады, і пасля паражэння першай рускай рэвалюцыі, пад рэальнай пагрозай ссылкі ў Сібір на катаргу, Пётр Шумаў парваў з рэвалюцыйнай дзейнасцю і эміграваў за мяжу разам з жонкай і трохгадовай дачкой. Месцам жыхарства яны абралі Парыж. Шумаў, амаль не ведаючы французскай мовы, спадзяваўся на жонку, сродкі да існавання ў іх былі абмежаваныя, і жыццё даводзілася пачынаць з нуля.

Асабісты фатограф Радэна

З уладкаваннем у Парыжы Пятру Шумаву дапамог Ян Стражэцкі, з якім ён быў знаёмы яшчэ гімназістам па рэвалюцыйным змаганні ў Гродне. Стражэцкі параіў Шумаву асвоіць модную ў той час фотасправу, а гаспадар салона Фелікс Бонэ, у якім працаваў Стражэцкі, быў не супраць прыняць яшчэ аднаго памагатага.

Шумаў старанна і хутка асвоіў фотасправу і рабіў свае здымкі з добрым густам. Уплывовай была сустрэча са знакамітым скульптарам Радэнам, па заказе якога ён зрабіў аднойчы некалькі здымкаў, і яны вельмі спадабаліся майстру. Пётр Шумаў да канца жыцця Радэна быў яго асабістым фатографам з добрым заробкам. Ён здымаў яго падчас працы і з дамачадцамі. Шумаў зняў вяселле Радэна з яго шматгадовай спадарожніцай Руж Беру, а праз пятнаццаць дзён пасля вяселля захаваў на здымках яе пахаванне. 17 лістапада 1917 года яго аб’ектыў назаўжды пакінуў для нашчадкаў выяву геніяльнага скульптара на смяротным ложы. Усяго Шумаў зрабіў 149 здымкаў твораў Радэна і 58 прац, на якіх занатаваў вялікага француза ў розных сітуацыях. Разам яны былі шэсць гадоў.

Пётр Шумаў быў сапраўдным майстрам пачатку ХХ стагоддзя, у якога многія лічылі за гонар зрабіць свой партрэт. Дарэчы, у артыстычнае асяроддзе Парыжа Пятра Шумава прывёў яго знаёмы зямляк Леў Бакст. Ён параіў артыстам балета трупы Дзягілева, якую той прывёз у Парыж, заказваць фота ў сваіх знакамітых касцюмах толькі ў Пятра Шумава.
Інтэлігентнасць, камунікабельнасць і харызма зрабілі сваю справу — праз тры гады Пётр Шумаў стаў сваім у мастацкім і артыстычным асяроддзі. Яго кліенты — зоркі таго часу. І 5 кастрычніка 1911 года ён адкрыў уласны фотасалон на вуліцы дэ Фобур Сэн-Жак, 5, на знакамітым Манпарнасе — цэнтры мастацкага жыцця не толькі Парыжа, але і ўсёй Еўропы. Кніга папярэдніх заказаў на фатаграфіі была запоўнена ад першай літары да апошняй. Першым кліентам у ёй быў запісаны Анры Барбюс, завяршаў алфавіт Альберт Эйнштэйн.

Адкрыццi Шумава

Пётр Іванавіч заўсёды доўга працаваў са сваімі кліентамі, выбіраючы патрэбны ракурс і добра расстаўляючы святло, бо выбар асвятлення быў адным з яго галоўных прыёмаў, асабліва пры любімым цёмным фоне. Гледзячы на працы Шумава, што захоўваюцца ў музеі Радэна ў Парыжы, узнікае ўстойлівае адчуванне, што перад вачамі не фотаздымкі, а чорна-белыя карціны. Твары персанажаў выходзяць аднекуль здалёк і выглядаюць аб’ёмна, і здаецца, што іх можна кранаць, як скульптуры. Шумаў шмат рэтушаваў, выдаляючы маршчыны, або, наадварот, некаторыя месцы свядома зацямняў.

Заняткі па хіміі і фізіцы ў Тэхналагічным інстытуце не прайшлі дарэмна, у ім усё жыццё існаваў навуковец-практык, інжынер. Яго сын Серж, які жыў у Парыжы і шмат зрабіў для захавання памяці пра свайго бацьку, успамінаў, што той часта эксперыментаваў, выкарыстоўваў друкарскія чарнілы, якія наносіліся на адмысловую паперу, так званы спосаб брамойль. Але найбольшую вядомасць выклікала іншае адкрыццё Шумава — методыка, якую ён сам назваў «буашумаў». Гэта перанясенне выявы з фотаздымка на дрэва: на паверхню дрэва пераносяцца асноўныя лініі сілуэта і рысы твару, а потым доўга выразаецца драўляная мазаіка. Гэта была фатаграфія, увасобленая ў інкрустацыі. У гэтай тэхніцы Шумаў выканаў адзін з партрэтаў Радэна і партрэт англійскага прэм’ер-міністра Рамсэя Макдональда.

Сусветны фінансавы крызіс парушыў планы

У Пятра Шумава ў Парыжы было ўсё: і слава, і прызнанне — яго працы атрымвалі медалі на сусветных выставах. Але ўсе планы парушыў сусветны фінансавы крызіс. Асабліва моцна ён сказаўся на эмігрантах. Бізнес Шумава падкасіў яшчэ і бурны рост аматарскай фатаграфіі. Яна стала агульнадаступнай, і фотаапараты з’явіліся ва ўсіх. Разумеючы, што яго бізнес прыходзіць у заняпад, ён у ліпені 1933 года закрыў сваё атэлье, частку здымкаў перадаў агенцтву «Прэс Рап», а частку пакінуў у сябе дома. Менавіта апошнія здымкі яго сын Серж потым перадаў у Музей Радэна. У пачатку 1935 года па рэкамендацыі сяброў Шумаў пераехаў у Польшчу і пасяліўся ў горадзе Лодзі. Ён уладкаваўся на працу кансультантам на хімічным заводзе, які выпускаў фотаматэрыялы.

Памёр Пётр Іванавіч у Лодзі 25 чэрвеня 1936 года. Жонка Шумава, Кэйла Лапіна, пасля смерці мужа вярнулася ў Гродна, у дом, які застаўся ёй у спадчыну ад багатых бацькоў. Але спачатку ў горад уступілі савецкія войскі, якія экспрапрыявалі гэта раскошнае па тых часах палацавае жыллё на цэнтральнай плошчы, а потым Гродна быў акупаваны фашыстамі, і Кэйлу Шумаву напаткаў драматычны лёс тысяч яўрэяў горада: у 1941–1942 гадах яна бясследна знікла ў гета на Замкавай вуліцы.

На Савецкай вуліцы з’явіцца музей фатаграфіі

Сення ў парыжскім архіве, у агенцтве Roger-Viollet захоўваецца 250 фотаздымкаў Шумава, якія лічацца бясцэннымі. З дапамогай і пры актыўным удзеле пасольства Рэспублікі Беларусь у Французскай Рэспубліцы і асабіста Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла Паўла Латушкі (цяпер ён Генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага тэятра Янкі Купалы) мы разам вырашылі вярнуць дадому і ўспомніць гэтага парыжскага гродзенца.

Гродзенскія гісторыкі і краязнаўцы даўно пісалі пра Шумава як пра рэвалюцыянера — і гэта яркі факт хронікі горада. Спачатку ніхто не злучаў і нават не мог выказаць здагадку, што знакаміты парыжскі фатограф і малады гродзенскі змагар з царскім рэжымам пачатку ХХ стагоддзя — адзін і той жа чалавек. Ды і ў нашым гісторыка-археалагічным музеі некалькі яго арыгінальных фатаграфій — партрэты Агюста Радэна і англійскага прэм’ера Рамсэя Макдональда — доўгі час заставаліся незапатрабаванымі.

У рамках гарадской праграмы «Спадчына» па захаванні і аднаўленні гісторыка-культурнай спадчыны Гродна, раздзел «Музеефікацыя гістарычнага цэнтра», прадугледжана адкрыццё маленькіх музейчыкаў. Адзін з іх — «Музей фатаграфіі» — некалі з’явіцца на сучаснай пешаходнай Савецкай вуліцы. І будзе ў фотамузеі ўзноўлена атэлье старых гродзенскіх фатографаў Гельгора, Карасіка, Казлоўскага, Салавейчыка, Садоўскага, зала парыжскага гродзенца Пятра Шумава, галерэя для сучасных фотавыстаў і, можа, нават месца, дзе можна выпіць кавы і паглядзець фільм пра Шумава, створаны Уладзімірам Бокунам на АНТ. На будынку гімназіі на Савецкай вуліцы мы чакаем мемарыяльную шыльду настаўніку гісторыі Яўстафію Арлоўскаму, першаму, хто больш поўна на той час, у пачатку ХХ стагоддзя, апісаў старажытную гісторыю Гродна. І там жа з’явіцца памятная дошка ў гонар аднаго з яго вучняў, рэвалюцыянера і фотамастака, стаўшага чалавекам свету, — Пятра Шумава.

P. S. Дзякуй усім, хто рыхтаваў гэтае вяртанне. Асобая ўдзячнасць за фінансавую дапамогу Валянціну Байко, заснавальніку СТАА «Конте спа».