Жывы арганізм у цэнтры горада. Румлёўскі парк: чвэрць стагоддзя ў статусе помніка прыроды

Кожны жыхар нашага горада ведае пра Румлёўскі парк. Шмат хто ў ім быў — адпачываў ці займаўся фізкультурай, проста праходзіў цэраз яго ці бачыў перад сабой, праязжаючы па Румлёўскаму масту. Румлёва, як тое звыклае, не заўважанае ў штодзённай беганіне жыцця, успрымаецца часткаю жыццёвага гарадскога асяродку.

Але так было не заўжды. І той статус помніка прыроды, які мае парк, і тое ўспрыняцце, якое мае сённяшняе пакаленне пра Румлёва, — гэта вынік канкрэтнай працы і асобных намаганняў.

Лесамасіў Румлёва змянiла гімназія

Для таго, каб нагадаць і ацаніць гэтыя высілкі, варта вярнуцца думкамі ў пачатак 90-х гадоў мінулага стагоддзя. 1990 год — час «перабудовы» ды «галоснасці». Вярнулі да ўжытку паняцце «гімназіі», што стала падставаю для з’яўлення ў Гродне першай у Беларусі установы, як тады казалі, «новага тыпу» — школы-гімназіі № 30. З’явілася першая гродзенская гімназія найноўшага часу намаганнямі шэрагу чыноўнікаў горада і добрай няўрымслівасццю Р. І. Можджар, якая і стане яе першым дырэктарам.

Месцам, ў якім «пасадзілі» новаствораны гімназічны будынак, стаў лесамасіў мікрараёна Румлёва. Рыхтык за сценамі гімназіі знаходзілася тая частка румлёўскага парка, дзе да канца 80-х гадоў, цягам некалькіх дзесяцігоддзяў дзейнічаў дзіцячы лагер адпачынку з назваю «Юны сябар Савецкай Арміі» (лагер належаў ваеннаму ведамству і збіраў дзяцей найперш з сем’яў ваеннаслужачых). На самы пачатак 90-х лагер быў зачынены, а яго гаспадарка фактычна расцягвалася. Капітальныя пабудовы лагеру спачатку разглядаліся кіраўніцтвам гімназіі як магчымы патэнцыял для пансіянату або іпадрому. Аднак час узяў сваё: гімназія пачала адукацыйную дзейнасць, а прырода Румлёва год за годам зацягвала чарговыя шрамы, нанесеныя ёй людзьмі, у які ўжо раз за некалькі стагоддзяў яго паркавай гісторыі.

Цуд прыроды разгледзілі настаўнікі і вучні

У хуткім часе настаўнікі і вучні гімназіі разгледзілі цуд прыроды Румлёва. У ім пачалі праводзіць экскурсіі і прагулкі, ажыццяўляліся мэтанакіраваныя назіранні за прыроднымі з’явамі, птушкамі і жывёламі. Парк ператварыўся ў сапраўдную экалагічную лабараторыю і стаў працягам гімназічных класаў па біялогіі, геаграфіі, выяўленчаму мастацтву, па працоўнаму навучанню малодшых класаў і месцам для фізічнай культуры вучняў.

Аднак адметнасцю гэтага моманту гісторыі Румлёўскага парку стала іншае. З ініцыятывы

Р. І. Можджар настаўніца-метадыст біялогіі Т. М. Солтан занялася вывучэннем біялагічнай адметнасці Румлёва з мэтаю надання зялёнай зоне горада статуса асобнай ахоўнай тэрыторыі. Па выніку яе намаганняў у 1993 годзе рашэннем Гродзенскага выканкама такі статус старажытны Румлёўскі парк, былая сядзіба некалькіх памешчыцкіх родаў XVIII–ХІХ стагоддзяў, атрымаў. Ён стаў помнікам прыроды мясцовага прызначэння батанічнага профілю. Апошняе падкрэслівала захаваную на тэрыторыі парка выключна багатую раслінную разнастнайнасць.

Вакол вырас цэлы горад

Цяпер, здавалася бы, парк мог «дыхаць спакойна»: ён быў пад аховай асобнага статуса. Толькі жыццё заўсёды складаней нарматыўных дакументаў.

За чвэрць стагоддзя парк паспеў спазнаць рознае. Вакол яго вырас цэлы горад, спланаваны яшчэ да надання ахоўнага статуса. У вакольных шматпавярхоўках пасяліліся тысячы людзей. Антрапагеннае ўздзеянне на парк узрасло ў разы. У парку змяняліся адміністратыўныя гаспадары, яго тэрыторыя і ваколіцы ўносіліся ў розныя планы забудовы (тэнісных кортаў, кафэ і г. д.), якія, дзякуй Богу, не здзейсніваліся, хаця і турбавалі абаронцаў яго зялёнага свету.

У 2010 годзе па парку была пракладзена асфальтавая дарожка. Праўда, большага будаўнічага ўздзеяння на прыроду рабіць не сталі, і нават у 2011 годзе сукупнымі намаганнямі гарадскога ЖКХ, гарадской архітэктуры, ГрДУ імя Янкі Купалы на падставе разнастайных даследаванняў (біялагічных, гістарычных, археалагічных) быў падрыхтаваны праект комплекснага добраўпарадкавання парку.

Месца пленэраў i пазнавальных экскурсій

Пакуль праект чакае свайго часу, а парк радуе прыродным багаццем у кожную паравіну года. Румлёўскі парк — 25 гадоў пад аховаю гарадской улады, хаця ягоныя біяразнастайнасць і захаваныя элементы садова-паркавай архітэктуры ХІХ стагоддзя дазваляюць, на думку лепшага беларускага знаўцы паркаў А. Т. Федарука, атрымаць статус рэспубліканскага помніка прыроды.

Парк знаходзіцца на балансе зеленгасу, а галоўнымі ахоўнікамі з’яўляюцца яго неабыякавыя наведвальнікі, якія, як сапраўдныя гаспадары, пільна сочаць за станам парку, рэагуючы на ўсе хвалюючыя з’явы і падзеі ў ім. Румлёўскі парк, як і раней, прыцягвае гімназістаў, ягоныя прасторы раз ад разу становяцца месцам правядзення турыстычных мерапрыемстваў, разнастайных пленэраў, пазнавальных экскурсій. Адначасова ўсю апошнюю чвэрць стагоддзя гродзенскія гісторыкі і краязнаўцы вывучаюць мінулае Румлёва. З’яўляюцца ўсё новыя персанажы, выяўляюцца артыфакты, якія патрабуюць тлумачэння.

Румлёва — вялікі жывы арганізім у цэнтры вялізарнага гарадскога масіва. Ён неабходны кожнаму гарадзенцу. Страта і нават істотнае пашкоджанне парку будзе адчувальным. Беражыце Румлёўскі парк і прыходзьце ў яго.