Пасхальнае віншаванне высокапраасвяшчэннейшага Арцемія, архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага

Дарагія браты і сёстры, ад усёй душы віншую вас з вялікай і радаснай падзеяй — са святам Светлага Хрыстова Уваскрасення!

Хрыстос уваскрэс!

Дарагія браты і сёстры, ад усёй душы віншую вас з вялікай і радаснай падзеяй — са святам Светлага Хрыстова Уваскрасення!

Пасха Гасподня, якую мы адзначаем, ёсць свята перамогі Жыцця над смерцю. Калі каля дзвюх тысяч гадоў таму Сын Божы «дзеля нас, людзей, і дзеля нашага збаўлення сышоў з нябёс і ўцялесніўся ад Духа Святога і Марыі Дзевы і стаў чалавекам», — зрабіў Ён гэта па Сваёй вялікай міласці і выратавальнай любві да чалавечага роду. Любві настолькі дасканалай, што, далучыўшыся да нашай чалавечай прыроды, Гасподзь далучыўся і да смерці, якая ўладарыла над гэтай прыродай. Той, Хто ёсць Само Жыццё, аддаў Сябе ў халодныя абдымкі смерці, апусціўся ў змрочныя глыбіні пекла дзеля таго, каб знайсці там чалавека і вызваліць яго ад улады граху і дыявала. Смерць паглынула Жыццё, але сама аказалася пераможаная Жыццём, не здолеўшы ўтрымаць Таго, Хто даў быццё ўсяму існаму.

Такім чынам, Уваскрасенне Хрыста — гэта фундамент нашай веры, краевугольны камень, пакладзены ў падмурак нашай надзеі на збаўленне, гэта крыніца моцы і перамянення нашага жыцця. Яно напаўняе наша існаванне ў гэтым свеце сэнсам, дае веру ў будучае.

У гэты Вялікі Дзень шчыра жадаю ўсім вам дапамогі Божай і Божага благаславення, здароўя, спакою і дастатку, шчасця і дабрабыту. Няхай у нашых сем’ях заўсёды пануе любоў і ўзаемаразуменне, а ў душах — неўміручая пасхальная радасць. Няхай гэта радасць умацоўвае ў нашых сэрцах і веру, і надзею, і любоў і да Бога, і да ўсіх людзей, якія вакол нас. З Пасхай Гасподняй вас, праваслаўныя!

Сапраўды Хрыстос уваскрэс!