Пажаданні біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча на свята Божага Нараджэння і Новы год
У святы Божага Нараджэння з глыбіні нашых сэрцаў мы ўзносім да Нябеснага Айца гімн удзячнасці і любові: «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі!» (Лк 2, 14) Мы праслаўляем Бога, бо ў таямніцы Уцелаўлення свайго Адзінароднага Сына, Езуса Хрыста, аб’явіў нам бязмежнасць сваёй айцоўскай любові.
Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры!
У святы Божага Нараджэння з глыбіні нашых сэрцаў мы ўзносім да Нябеснага Айца гімн удзячнасці і любові: «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі!» (Лк 2, 14) Мы праслаўляем Бога, бо ў таямніцы Уцелаўлення свайго Адзінароднага Сына, Езуса Хрыста, аб’явіў нам бязмежнасць сваёй айцоўскай любові.
Гледзячы на Божае Дзіцятка, пакладзенае ва ўбогіх бэтлеемскіх яслях, мы бачым у Ім Эмануэля — «Бога з намі». Езус Хрыстус прыходзіць у гэты свет, прымае чалавечую прыроду і становіцца адным з нас, каб мы паверылі, што Бог сапраўды блізка, што Яго любоў не ведае межаў і што Яго найвялікшае жаданне — адарыць нас усіх паўнатой збаўлення.
Няхай святы Божага Нараджэння прамаўляюць да нас усёй моцай надзеі і радасці. Няхай у нашых сэрцах паселяцца мір і радасць, дабрыня і міласэрнасць, цярплівасць і чуласць. Няхай Божая любоў, аб’яўленая ў Асобе Дзіцяткі Езуса, абудзіць у нас самыя высакародныя жаданні дзялення любоўю з бліжнімі, аказання дапамогі патрабуючым, сведчання словам і чынам аб веры, якая надае сэнс усяму нашаму жыццю.
У гэты святочны час складаю вам, дарагія браты і сёстры, мае самыя сардэчныя віншаванні. Няхай радасць святаў Божага Нараджэння паселіцца ў кожным сэрцы, у кожнай сям’і і супольнасці, няхай будзе ўдзелена ўсяму нашаму грамадству і ўсім людзям добрай волі. Няхай Нованароджаны Сын Божы адорвае кожнага шчодрым благаслаўленнем, добрым здароўем і ўсялякімі патрэбнымі ласкамі.
Запэўніваю вас усіх, дарагія дыяцэзіяне, у маёй малітве, жадаю вясёлых, радасных, поўных надзеі і аптымізму святаў Божага Нараджэння, а таксама шчаслівага, паспяховага, багатага Божым благаслаўленнем Новага 2018 года!
З пастырскім благаслаўленнем,
Аляксандр Кашкевіч, біскуп Гродзенскі