Фатаграфіі дзяўчат у бабуліных сукенках пакажуць у Гродне

Здымкі дзяўчат, якія прымерылі сукенкі сваіх бабляў, пакажуць у «Цэнтры гарадскога жыцця» (Савецкая вуліца, 3). Выстава, прсвечаная Міжнароднаму дню сталых людзей, адкрыецца 1 кастрычніка а 12:00.

Выстава арганізаваная ўдзельнікамі праграмы «Універсітэт Залатога Веку». На ёй будуць прадстаўлены два творчыя фотапраекты — «РэтраСукенка» і «Анатомія цела», у якіх бралі ўдзел студэнткі, выкладчыцы і валанцёркі праграмы «УЗВ». Гераіні першай выставы — маладыя гарадзенкі, якія сфатаграфаваліся ў сукенках сваіх матуль і бабуляў. Частку сукенак прынеслі сталыя людзі. Гераінямі «Анатоміі цела» сталі ўжо самі слухачкі «Універсітэту Залатога Веку». Уваход вольны. Наведаць выставу можна да 10 кастрычніка з 10 да 17 гадзін.

Праграма «Універсітэт Залатога Веку» была заснавана ў Гродне ў красавіку 2010 года. Мэта праграмы — павышэнне якасці жыцця сталых людзей праз іх інтэлектуальную, фізічную, сацыяльную актывізацыю і адстойванне іх інтэрэсаў.

Даведка «ВГ»

Міжнародны дзень сталых людзей адзначаецца 1 кастрычніка з 1991 года. Па ўсім свеце ў гэты дзень адбываюцца розныя мерапрыемствы і імпрэзы, якія звяртаюць увагу на стан сталых людзей у грамадстве.