«Адсутнасць глыбіні мяне дастала»: Святлана Куль пра пазёрства ў вершах і містычны гадзіннік

Пра прыгоды з гадзіннікамі, глыбіню і плыткасць сучаснай паэзіі, сакрэты гарбузоў і баклажанаў, а таксама пра жыццё за мяжой мы паразмаўлялі з гісторыкам і паэтам Сввятланай Куль.

Са спадарыняй Святланай сустракаемся ў яе дома.

— Дом велізарны. Вы яго не прапусціце, — тлумачыць гаспадыня, як не заблукаць.

У прыватным сектары на бачным месцы стаіць чатырохпавярховы асабняк з вялікім садам. Першай за дзвярыма сустракае… лабрадор Айса, з брэхам і запрашэннем пагуляцца. Ля ног у хату просіцца чорны кот.

— Сабака дурная, як бот, разбэшчаная, — кажа гаспадыня. — Але, калі дома нікога няма, чужога парве.

Спадарыня Святлана выходзіць у хатнім адзенні. За размовай раскладае па палічках прадукты з крамы. Пералічвае, што нагатавала сыну. Большую частку года яна цяпер жыве ў Польшчы, займаецца навукай. За мяжой гатаваць няма каму. А гатаваць любіць. Сама накрывае стол на сямейныя ўрачыстасці, часам для 50 чалавек. Планавала ў 1990-х адкрыць кавярню беларускіх страваў на Савецкай вуліцы. Аднак перадумала.

— У мяне бзік на гатоўцы. Я вельмі добра гатую, — без фальшывай сціпласці кажа гаспадыня. — Магу зрабіць проста, але яно будзе такое, што вы яго з’ясцё. Я не люблю многа вазіцца з прадуктам. Трэба 2-3 аперацыі і ўсё. Але маю свае сакрэцікі.

Сакрэты з кухні

У боршч варта кінуць дробны парэзаны абсмажаны часнык, у соус з памідораў — дадаць цынамон, а ў гарбузовы суп-крэм — базілік. Найлепшыя дранікі атрымаюцца з крухмалістай бульбы, без дадавання куркумы або шафрана. Кабачкі-цукіні любяць эстрагон. Курыныя крыльцы атрымаюцца незвычайнымі, як іх нацерці мёдам з чорным перцам перад запяканнем. Каб знішчыць горыч баклажанаў і пакінуць іх сакавітымі, іх можна вымачыць у малацэ. Соль таксама забірае горыч, але пазбаўляе плады пругкасці.

Каб прыгатаваць мяса «па-дацэнтску», трэба свініну парубіць буйнымі кавалкамі памерам з дзіцячы кулак. Паперчыць, але не саліць. Дадаць буйна парубленую цыбулю і патушыць на алеі. Калі цыбуля стане кашай, мяса гатовае.

«Свароўскі» ў мяне на кожным паверсе

Гаспадыня праводзіць па пакоях. Планавался, што тут будзе жыць вялікая сям’я. Але цяпер жыве толькі сын.

— Я гэты дом абажаю. Я ў ім раствараюся, — кажа спадарыня Святлана.

Дом пачыналі будаваць яшчэ яе бацькі. Амаль усё самі — ад дызайну да будаўнічых працаў.

— Я малявала, клеіла, фарбавала, шліфавала падлогу, пакрывала лакам, шыла шторы. Тут шмат коўкі і дрэва.

На першым паверсе — каралеўская зала, як для баляў. Белыя сцены з пазалотай, камін, люстэрка, піяніна, пазалочаныя карнізы з цяжкімі шторамі, вялікая прастора для танцаў з драўлянай падлогай, жырандолі — «сапраўдны Свароўскі». На піяніна — аркестр анёлкаў.

— «Свароўскі» ў мяне на кожным паверсе. Я на іх забіла тры дні, але перамыла, — кажа гаспадыня.

У зале сустракаюць гасцей, ладзяць канцэрты, запрашаюць музыкаў. Святлана навучылася граць сама ў дарослым узросце, як і бацька. Пасля Уладзімір Захараў захапіў гітарай. У госці прыязджаюць родныя, студэнты, сябры. Яшчэ адно месца для пасядзелак — у садзе пад грэцкім арэхам.

Дома на верхнія паверхі вядуць шырокія драўляныя сходы з каванымі парэнчамі. Святло на сходы падае праз бельгійскае палярызаванае, нібы крыштальнае, шкло.

— Усяго ў доме 27 вокнаў, тры я яшчэ не памыла, — усміхаецца гаспадыня.

Наверсе месцяцца тры невялікія спальні, бібліятэка ў пяціметровым камандоры з дзесяці тысяч кніг. Яшчэ ў адным пакоі плануюць паставіць більярд. Копій гравюры Цюндта з выявай Гродна дома ажно дзве — у спальні і ў пакойчыку ўнізе.

«Вершы — мой пабочны прадукт»

На стале ляжыць свежая кніга вершаў: «Вершы, байкі, паэмы. Кніга другая». Аўтарка вырашыла быць арыгінальнай і пакінула зборнік без паэтычнай назвы. Дагэтуль была «Кніга першая», пасля будзе — трэцяя… Падобная адсутнасць назвы была ў баладах і рамансах Адама Міцкевіча.

— Вершы — мой пабочны прадукт. Па-першае, я навуковец. Па-другое, паэт. Мне трэба дакладнасць. Вершы не пішуцца знянацку. Звычайна я над імі шмат працую. Гэта такая пакута. Каб было па-майстэрску, каб не кульгаў радок. За што я сябе хвалю ў гэтай кніжцы, гэта тры нізкі вершаў–«вясёлкі». У кожнага колера — свая семантыка, а ў чалавека — свае асацыяцыі. У «вясёлцы» «Музыка» на кожны колер я ўзяла кампазітара, які для мяне ўвасабляе гэты колер: Бетховен аранжавы, Маллер зялёны, Дворжак жоўты. Таксама там зашыфраваныя апошнія творы кампазітараў. Над кожнай «вясёлкай» я тыдзень думала, перш, чым пісаць першы верш.

у цябе за акном – змрок,
у мяне за акном – сад,
твой ружовы адзінарог
п,е ваду ля чужых хат.
У цябе пад нагой – карніз
І самота ў глыбі воч,
Калі доўга глядзець ўніз
Пазаве праз акно ноч.
Даганяе зара зару,
Зіхаціць за садам жніво.
Хочаш – сонейка падару?
Або зорачку на Раство?
18.09.17

«Прачытаў — і што засталося?»

Святлана Куль чытае многіх сучасных паэтаў.

— Люблю чытаць Міхася Скоблу. Не прапускаю ніводнага яго верша. Над імі можна сядзець, думаць, аналізаваць. Ён вельмі сціплы чалавек. Высокая культура, філасофія. Абалдзеннае пачуццё слова, няма пазёрства, выпячванне свайго «я». Бачыш за гэтым жывога чалавека.

Да моцнай прозы адносіць творы Андрэя Федарэнкі, Ганны Севярынец. Але да паэзіі агулам у літаратаркі ёсць прэтэнзіі.

— Апошнія 10 год у нас стаў папулярны постмадэрнізм. Пішуць белымі, або «структураванымі» вершамі. Стараюцца быць арыгінальнымі, вобраз настолькі перакручаны. Нагрувашчаваюць цікавыя вобразы, алітэрацыі, гукапіс. Пакуль чытаеш, здаецца, прыгожа. Прачытаў — і што засталося? Усё можна было сказаць адной фразай. Але дараслець трэба. Перарастаць постмадэрнізм. Аўтару часта кляскаюць за сарказм, алюзію да нечага, гульню з нечым. Адсутнасць глыбіні мяне дастала. Барадуліна прачытаеш — гэта постаць, гэта мой любімы паэт, космас. Адзін сказ, напрыклад: «Апоўначы вяртаюся з карчмы, з карчмы жыцця, не п’яны, не цвярозы». Сядзіш і думаеш. Ёсць, над чым.

Пісаць пачала пасля смерці лепшага сябра

Вершы спадарыня Святлана піша з трэцяга класа, але па-сур’ёзнаму пачала пасля смерці лепшага сябра паэта Эдзіка Мазько.

— Я была апошняй, хто яго бачыў тым вечарам. Дагэтуль у сябе не магу прыйсці. Трэба часам ведаць, што такі сябар ёсць. Можаш яго месяцамі не бачыць, а пасля прыйсці і размаўляць, як з люстэркам. Мы выезжалі разам у экспедыцыі, спалі побач у спальніках. Ён быў геніяльны. У вершах нібы вузел завязаны, іншае слова не ўставіш. Там ёсць рытміка, гукапіс, хоць рыфмы няма. Эдзік быў філосаф.

Прыгоды з гадзіннікамі

— Запытайце яшчэ пра навуку, пра праблематыку часу. Там я адпачываю, — падказвае сама суразмоўца.

Святлана Куль доўгі час даследуе летазлічэнне. Апошняя яе публікацыя — пра выкарыстанне дат Францішкам Скарынай. Апынулася, ён не пісаў індыкты (адмысловыя перыяды часу па 15 год), як праваслаўныя, і не згадвае рэлігійныя святы, як каталікі. Па гіпотэзе навукоўца, наш першадрукар быў пратэстантам.

Наступная задумка — параўнаць летазлічэнне Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай і давесці, што ВКЛ праз выкарыстанне адрознай сістэмы часу адстойвала сваю аўтаномнасць. Напрыклад, у Польшчы даты адлічваліся ад рэлігійных святаў, у ВКЛ календар меў месяцы і нумары дзён. Там пачатак года быў студзеньскі, у нас да XV стагоддзя — вераснёўскі. Да ХVІІІ стагоддзя для праваслаўных у княстве захоўвалі Юльянскі календар.

— А хто ці што ў Гродне захоўвае час?

— Гадзіннік на катэдральным касцёле. Не толькі ў Гродне, але і ў Беларусі. Гэта найстарэйшы гадзіннік. Думаю, толькі каб ён не спыніўся. Механізм ішоў столькі стагоддзяў. Яго спынялі пры саветах і 25 гадоў не чысцілі, не рамантавалі, закрылі да яго доступ. Ён там проста ржавеў.

Прыгодаў з гадзіннікамі ў даследчыцы часу хапала.

— У нас дома ў зале стаіць гадзіннік. Яму болей за 40 год. Мой бацька, хірург, нічога не браў ад пацыентаў. І ўсе пра гэта ведалі. Маглі суседзям пакінуць ведро вішань і папрасіць перадаць. Аднойчы ён узяўся лячыць габрэйку, якую выпісвалі дадому паміраць. А ён яе выцягнуў з таго свету. Я тады была ў 8 класе. Да нас прыйшла кабета, дачка той габрэйкі, прынесла нейкі пакунак і кажа: «Бацька папрасіў завезці». Я ўзяла скрыню. Апынулася, яна падарыла гадзіннік. Бацька, як прыехаў, хацеў ёй аддаць. Але яна адмовілася, маўляў, пакуль будзе ісці гэты гадзіннік, будзе жыць яе маці. Гадзіннік ламаўся тры разы: калі памерла гэтая Цыля, другі — калі памёр бацька, трэці — калі адыйшла маці. Я цяпер баюся. Брат увесь час яго змазвае, даглядае, рамантуе.

Беларусь па-над усё

Не ўсе разумеюць выбар гісторыка жыць у Польшчы.

— Я там займаюся навуковай дзейнасцю і таксама на Беларусь працую. Мае калегі ведаюць, што для мяне Беларусь па-над усё. Напрыклад, зрабіла эканамічны аналіз пра сітуацыю на Аўгустоўскім канале. Артыкул выйдзе ў Еўрапейскім эканамічным журнале. Сваё пакаленне мы ўжо ў Гродне падрыхтавалі. Мае выпускнікі сталі вядомымі гісторыкамі, журналістамі. Ёсць тыя, каго я люблю і кім ганаруся: Юра Гардзееў, Воля Сабалеўская, Саша Хацко, Іна Соркіна, Андруша Чэрнякевіч, Сяргей Токць, Іра Мілінкевіч, Паша Мажэйка, Валера Руселік, Андрэй Мялешка, Андрэй Ціхаміраў, Таня Шыбаева, Іра Кітурка, Юрка Гуменюк, Слава Селіцкі. Баюся, што кагосьці не назаву.

— Але я мару пра тое, каб хутчэй скончыць усе даследванні ў Польшчы і вярнуцца ў Гродна, асесці, сустракацца з сябрамі і займацца творчасцю.

Даведка «ВГ»

Святлане Куль 57 год. Выдала восем кніг: шэсць па гісторыі і два зборнікі вершаў. Як літаратар, падпісваецца дзявочым прозвішчам Куль, як навуковец — падвойным Куль-Сяльверстава. У Гродзенскім універсітэце імя Янкі Купалы адпрацавала 33 гады. Доктар гістарычных навук. Займаецца гістарычнай храналогіяй і палеаграфіяй, гісторыяй сусветнай і беларускай культуры, эканамічнымі даследваннямі.