Замяніць бетон на пясок і вывезці атракцыёны – пяць ідэй, як палепшыць парк Жылібера
Пяць ідэй для паляпшэння парка Жылібера прапанавала ландшафтны архітэктар Яна Марчук. Гарадзенка выступіла з прэзентацыяй у Цэнтры гарадскога жыцця ў суботу, 16 верасня.
1. Зрабіць археалагічныя раскопкі, каб аднавіць батанічны сад
Батанічны сад, які рос на тэрыторыі сучаснага парка, быў адным з лепшых і самых вялікіх у тагачаснай Еўропе. Ён налічваў 1500-2000 відаў раслін. Яго заклаў прафесар-батанік з французскага Ліёну Жан Эмануіл Жылібер у 1776 годзе. Сад быў патрэбны медычнай акадэміі, якую ён адначасова заснаваў. Французскі прафесар праводзіў тут навуковыя даследванні раслін. Дарэчы, яго запрасіў у наш горад паплечнік гарадзенскага старасты Антонія Тызенгаўза. Калі праз год горад наведаў кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, у першую чаргу яго павялі ў батанічны сад. Паводле гістарчыных звестак, манарх застаўся задаволеным.
Ад таго сада сёння над зямлёй нічога не засталося. У 1950-я годы спілавалі перадапошняе дрэва тых часоў – коркавы дуб, а некалькі год таму – засохлы ясень. Страчаная трасіроўка сцежак, якая на старых мапах выглядала зусім па-іншаму, чым цяпер. Аднак Яна Марчук упэўненая, што пад зямлёй сляды старога сада захаваліся. Яна мяркуе, што варта выдаткаваць грошы на археалагічныя садовыя раскопкі парка Жылібера і аднавіць яго паводле старых схемаў.
2. Вярнуць зеляніну
Параўноўваючы старыя здымкі парка з сучаснымі, бачна, як моцна ён парадзеў у апошні час. Яшчэ ў савецкія часы ён заставаўся цяністым. Аднак пасля рэканструкцыі 2005 года парк згубіў шмат раслінаў, асабліва ў Швейцарскай даліне. У той час медыі пісалі пра рэзкае падзенне грунтовых водаў пасля добраўпарадкавання гэтай тэрыторыі, з-за чаго хутка засохлі перад усім старыя дрэвы.
Выбраць варыянт азелянення ёсць з чаго. За 250 год рашэнні змяняліся: дрэвы высаджвалі строга паабапал алей, стваралі з іх паркавыя замалёўкі, высаджвалі імі “сняжынку” або выразныя квадраты. У другой палове ХІХ стагоддзя дрэвы здзіўляюць кантрастамі: побач з пышнай кронай расце стромкі вузкі, як страла, ствол, на фоне цёмнага лісця пасадзілі дрэвы са светлым лісцем. На здымку пачатку ХХ стагоддзя бачна як хмызнякі паўтаралі і падкрэслівалі форму сцежак. Цікавае варыянт знайшлі польскія рэканструктары ў 1930-х гадах. Яны пакінулі адну частку парка густа засаджанай дрэвамі, а на другой, паабапал тэатра ўладкавалі разлеглыя партэры з геаметрычнымі кветнікамі. Гэтую сонечную палову ўтваралі плоскія партэры з зялёных газонаў і невялікіх клумбаў, дрэваў жа было менш.
3. Зрабіць акцэнт на гісторыі
У межах парка захаваліся асобныя будынкі Гарадніцы – раёна мануфактур, асветніцкага і культурнага жыцця, які стварыў Антоні Тызенгаўз. Адзін з іх – былая медычная акадэмія, некалі палац Чацвярцінскіх, у нядаўнім мінулым – ваенная камендатура, а цяпер – пусты будынак, які чакае на інвестара.
На прэзентацыі прагучала прапанова перанесці сюды ўсе кавярні з парку. Прысутныя паўтарылі мару гісторыка Наталлі Канюк адчыніць там музей Чацвярцінскіх, “зялярню” – кавярню з лекавымі гарбатамі, біялагічную лабараторыю. Быў нават варыянт – стварыць там яшчэ адзін ЗАГС. Удзельнікі сыходзіліся ў думцы аб неабходнасці аднаўлення старога будынка.
4. Пераўтварыць сквер у парк
– Цяпер парк Жылібера хутчэй нагадвае сквер, – падзялілася меркаваннем Яна Марчук. – У ім не хочацца спыняцца. Сквер адрозніваецца ад парка ты, што не вызначаны для доўгага затрымання там, гэта месца перахода паміж пунктам А ў пукнт Б. У парка ж іншая функцыя – рэкрэацыйная, у першую чаргу.
Паводле думкі ландшафтнага дызайнера, змяніць атмасферу можна некалькімі крокамі.
А) Звузіць уваходы ў парк, як гэта было раней. Тады яны створаць закрытую пляцоўку, куды можна празлізнуць і апынуцца ў іншай прасторы ў адрозненні ад шумнага цэнтра горада.
Б) Замяніць пакрыццё з пліткі на ўтрамбаваны пясок, як было раней.
– Я проста дзіву даюся, чаму ў нас забыліся на гэтае пакрыццё, – прызнаецца Яна. – Гэта вельмі зручны матэрыял. На пяску не чутны крокі іншых людзей. Можна ціха шпацыраваць, прыемна спружынячы па зямлі. Акрамя таго пясок добра прапускае вільгаць і паветра, таму дрэвам лепей расці побач з такімі сцежкамі.
В) Паставіць больш якасную паркавую мэблю, магчымая невялікая дзіцячая пляцоўка, аздобіць сучаснай скульптурай.
5. Вывезці атракцыёны
Парк занадта маленькі, каб яго перагружаць на выходныя натоўпамі людзей, з якімі ён не спраўляецца. Забаўляльную функцыю парк набыў толькі ў савецкі час. У 1950-я гады там з’явіліся першыя атракцыёны: конікі і самалёт. Старэйшыя гарадзенцы памятаюць таксама більярдную, пакой смеху, павільён “Лета” на месцы сучасных “Калабкоў”. Дагэтуль жа парк больш выконваў эстэтычную, навуковую, экалагічную фукцыі, а таксама быў прызначаны для спакойнага адпачынку. Сюды прыходзілі на шпацыры, паразмаўляць, схавацца ад гарадской мітусні. Яшчэ ў ХХ стагоддзі на месцы атракцыёнаў стаяла аранжарэя з рэдкімі раслінамі Яна Каханоўскага, як працяг справы Жілібера.
– Я думаю, гэта таксама пытанне для абмеркавання, куды можна перанесці атракцыёны, якія занадта вялікія і гучныя для такога маленькага парка. Можа, варта стварыць у зусім іншым месцы “Дрымлэнд” на пустой пляцоўцы?