«Маленькага прынца» пакажуць яшчэ раз
«Маленькага прынца» па-беларуску можна будзе паглядзець у кінатэатры «Чырвоная зорка» яшчэ раз 4–6 жніўня. Паказ мультфільма па матывах твора Антуана дэ Сэнт-Экзюперы працягнулі пасля аншлагаў у мінулы ўікэнд.
У тры дні першых паказаў у канцы ліпеня мультфільм збіраў поўныя залы. Мудрую і глыбокую гісторыю сяброўства дзяўчынкі і старога лётчыка паглядзелі больш за 400 гарадзенцаў. Аднак ахвотных было больш, чым месцаў, таму паказы вырашылі працягнуць. Кінапрагляды будуць пачынацца а 19:50 у пятніцу, а 15:50 у суботу і 16:00 у нядзелю, расказаў выконваючы абавязкі галоўнага адміністратара кінатэатра «Чырвоная зорка» Аляксандр Давыдаў. Французскі мультфільм 2015 года агучылі на беларускую мову вядомыя акцёры Ганна Хітрык, Павал Харланчук, Святлана Цімохіна, Зміцер Бейнарт-Саладуха, Сяргей Жбанкоў, Уладзімiр Глотаў. Пераклад адбыўся дзякуючы кампаніі «Кінаконг» пры падтрымцы «Атлант Тэлекам» і velcom у межах праекта «Беларускія ўікэнды».