Спець на мове і зрабіць мядовы напой – хто з гарадзенак сапраўдная беларусачка?

Лепшую беларуску абяруць на юбілейным, дваццатым, фолк-конкурсе «Гарадзенская беларусачка-2017». Фінал адбудзецца ў канцэртнай зале Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры, у пятніцу, 28 красавіка а 18.30.

Фото: Сергей Banifacyj Морозов

Упершыню за дваццаць гадоў існавання конкурсу арганізатары зладзілі кастынг. Галоўным крытэрыем было свабоднае валоданне беларускай мовай. Сярод дваццаці чаторых дзяўчат, што прыйшлі на кастынг «Гарадзенскай беларусачкі» адабралі дзесяць. У фінал выйдуць сем дзяўчат з трох ВНУ, двух каледжаў, а таксама настаўніца адной са школ Гродна.

Журы складаецца выключна з мужчын. Канкурсанткам трэба будзе прадэманстраваць журы свабоднае валоданне беларускай мовай і веданне нацыянальных традыцый, эрудыцыю, кемлівасць і шырокі кругагляд. На сцэну дзяўчаты будуць выходзіць у беларускіх нацыянальных строях, гістарычных сукенках і сучасным стылізаванным адзенні ад вядомага беларускага мадэльера. Прыгажуні прыгатуюць беларускія стравы ды напоі. У фінале гледачоў чакае некалькі навінак: харэаграфічны нумар з элементамі чырлідынгу і гістарычная пастанова замест звычайнага дэфіле.

На фотасесіі дзяўчаты прымерылі сукенкі і вобразы сапраўдных шляхетных асоб. Арганізатары тлумачаць: беларусачка ў гістарычным разуменні – гэта не толькі сялянка ці жыхарка вёскі, але і знаная дзяўчына, якая быццам толькі сышла з партрэтаў вядомых мастакоў.