«Я такі, а не ніякі!»: «Лёля» запрашае за незабыўнымі рэчамі для душы

Сядай, я раскажу табе адну гісторыю. У цэнтры нашага горада пасялілася дзяўчо Лёля, рухавае ды спрытнае, ладнае ды бялявае. У кутах лёлінай хаты жывуць анёлкі, а ў сенцах зімуюць пахкія яблыкі. Сама Лёля захапляецца ўсім светам, варыць смачную каву і любіць дарыць незабыўныя падарункі. Больш за ўсё малая цешыцца гасцям. А вечарамі кладзе свае лялькі спаць ды вяжа для іх шкарпэткі…

Лёля прапануе рэчы з настроем

— Ідэя крамы «Лёля» з’явілася пяць год таму. Мы хацелі, каб гэта быў матэрыяльны асяродак, куды чалавек зойдзе і ўбачыць, як шмат у нас класных майстроў, — кажа гаспадыня крамы «Лёля» Дар’я Вановіч-Фядотава. — Ты прыходзіш і разумееш: вось мы такія. Гэта вельмі файна. Праз посуд, вопратку, упрыгожванні чалавек можа сказаць: «Я вось такі, а не ніякі». Хацелася прыгожых рэчаў. У сучасным жыцці шмат стала рэчаў, якія не нясуць сэнсавай нагрузкі. Рэчы, рэчы, рэчы, за якімі трэба даглядаць. Але заўважаеш, што сярод іх вылучаюцца тыя асаблівыя, на якія вока само падае, якія прыносяць напоўненасць у жыццё. Да іх хочацца дакранацца, іх хочацца распаўсюджваць.

Менавіта такімі прадметамі напоўненая крама «Лёля»: з настроем, нечаканасцю, прадчуваннем цудаў. Амаль усе яны нясуць і практычную, і эстэтычную функцыі. Каб займацца чыстай эстэтыкай, сёння мала часу. На паліцах утульнай крамы змяшчаюцца посуд, адзенне, цацкі, упрыгожванні, паштоўкі, нататнікі, прадметы інтэр’еру, дудачкі Мар’яна Скрамблевіча — вядомага майстра з Адэльска. Усё гэта працы беларускіх рамеснікаў, у тым ліку гарадзенскіх.

Дзіцячых тавараў будзе больш

Вось паліца з гліняным посудам. Ёсць этнічныя, зробленыя па старых тэхналогіях і музейных экспанатах збаны, глякі, кубкі. Ёсць стылізаваны пад даўніну посуд і цалкам сучасная кераміка. Да прыкладу, тут можна набыць піялкі і кубкі папулярных мінскіх майстроў з Moonceramic, замоваў у якіх больш, чым яны паспяваюць вырабляць. З іх твораў глядзяць добрыя панды і мілыя мумі-тролі. Малюнкі з надпісамі душэўныя і цёплыя.

— Мне казалі, што як пачнеш карыстацца такімі рэчамі, то іншымі не зможаш. Я спачатку смяялася. А цяпер рука сама цягнецца менавіта да глінянага кубка. Ён такі цёпленькі! — усміхаецца Даша.

Модніцы змогуць тут выбраць капялюш, шалік, шаль, рукавіцы, торбачкі, а моднікі — гальштукі-мятлікі для «выхаду ў свет». Гэтыя элементы вязаныя, валяныя, шытыя з тканіны або вырабленыя са скуры. На сценах некалькі стэндаў з упрыгожваннямі: завушніцы, брошкі, бранзалеты, калье.

Асобны накірунак — тавары для дзяцей. Малым прапануюць экалагічныя драўляныя цацкі, зробленыя без аніводнага цвіка, цацкі на руку або валяныя пальчыкавыя звераняты. Дзяўчынак пацешаць мяккія лялькі з тканіны, якіх можна апранаць або рабіць ім прычоскі, і калыскі для цацак. У будучыні на дзіцячым накірунку зробяць большы акцэнт.

У пераднавагодні час тут шмат елачных цацак, анёлкаў, паштовак.

Хэнд-мэйд не абавязкова дорага

Усе рэчы ў «Лёлі» ручной працы. Існуе стэрэатып, што хэнд-мэйд каштуе ў разы больш. Сапраўды, тут знойдзеш тавары і болей за 100 рублёў, як посуд вялікага памеру або некаторыя жаночыя торбачкі, капелюшы. Але ёсць даступныя: талеркі па 7 рублёў, драўляныя смоўжыкі па 5–6, анёлкі і зайчыкі па 2 рублі.

— Да нас прыходзяць людзі рознага дастатку, — расказвае Даша. — Ёсць рэчы, якімі сябе можна пабалаваць з зарплаты: брошачкі, посуд. Сябры часта «скідаюцца» на падарунак. У такім выпадку ў нас цалкам пад’ёмныя траты. Можна зрабіць падарунак сабе або адправіць за мяжу сувенір з беларускай «атмасферай». Акрамя таго, мы запрашаем усіх прыходзіць проста паглядзець на рэчы, як у выставачнай зале.

Лёля збірае майстроў

Некаторыя майстры прыходзяць сюды за натхненнем. У краме плануюцца майстар-класы па роспісе, вырабе лялек, разьбе па дрэве і іншых накірунках. У будучыні на паліцах з працамі з’явіцца інфармацыя пра майстроў, іх фотаздымкі за працай, будуць ладзіцца экскурсіі па краме, каб людзі маглі больш даведацца пра творцаў. Крама «Лёля» можа стаць пляцоўкай камунікацыі, абмену досведам для рамеснікаў.

Лёля частуе кавай

Кожную суботу да Новага года ўсіх наведвальнікаў крамы пачастуюць бясплатнай кавай з прафесйінага каваапарата. Для гэтага не абавязкова нешта набываць, дастаткова зайсці ў госці.

Наш адрас: Гродна, Вялікая Траецкая вуліца, 7.

Тэлефон: +375-29-551-02-21

Інфармацыю пра нас можна знайсці на сайце liolia.by або ў сацсетках (/kramaliolia).

Крама «Лёля» працуе ў аўторак–пятніцу з 10:00 да 19:00, у суботу–нядзелю з 11:00 да 17:00.

Прыемных сустрэч у краме «Лёля»!

ИП Ванович В.И. УНП 591193080