Пра гродзенскі мармелад, каву і матацыклы раскажуць у Новым замку

Як гродзенцы выраблялі мармелад і штучную каву, дзе ў горадзе можна было пад’есці і чаму не захавалася фабрыка матацыклаў? Гістарычную кнігу «На гродзенскім бруку» з адказамі на гэтыя пытанні прэзентуюць у зале перыёдыкі абласной бібліятэкі ў чацвер, 30 чэрвеня, а 17:00.

Фото: softtour.by

Гісторыкі Андрэй Вашкевіч і Віктар Саяпін прадставяць ужо другое выданне кнігі. Першае выйшла ў 2012 годзе. Аўтары апісалі штодзённае жыццё гродзенцаў ХІХ — першай паловы ХХ стагоддзя праз прызму эканамічнай дзейнасці. Чытачы даведаюцца пра найбольш вядомыя прадпрыемствы тых часоў: тытунёвую фабрыку, фабрыкі матацыклаў, ігральных карт, штучнай кавы і мармеладу і іншыя.

У кнізе расказана, як фарміравалася гарадская камунальная гаспадарка, каналізацыя, электрастанцыя, транспартная сістэма, як брукаваліся вуліцы. З новых раздзелаў — пра суднаходства на Нёмане, гарбарства, будаўніцтва водаправода, гандаль і грамадскае харчаванне.

Выданне аздобленае прыкладна 250 архіўнымі фотаздымкамі, мапай, каляровымі малюнкамі. Напрыканцы кнігі знаходзіцца слоўнік з назвамі прадпрыемстваў, спіс імёнаў вядомых людзей, слоўнік тэрміналогіі, напрыклад, меры вагі, аб’ёму, якія сёння не ўжываецца. Набыць новую кнігу пасля прэзентацыі можна будзе ў крамах горада і выдавецтве «Юрсапрынт» на вуліцы Карла Маркса, расказаў гісторык Андрэй Вашкевіч.