Жыхарам горада пакажуць Гродна VII стагоддзя

Убачыць Цесную жыдоўскую вуліцу, старажытныя каналізацыйныя люкі і доказы таго, што Гродна існуе ўжо 13 стагоддзяў, гарадзенцы змогуць 4 і 5 мая. У незвычайнае падарожжа па горадзе запрашае краявед Віктар Кірэеў.

Фото: radzima.org

Экскурсія пройдзе ў два этапы. Першая частка, больш тэарэтычная і храналагічная, пачнецца ў 19:00 у сераду, 4 мая, ў этакраме «Цудоўня» на Вялікай Траецкай вуліцы, 14. Вядоўца Віктар Кірэеў падчас інтэрактыўнай медыялекцыі распавядзе пра гісторыю гарадзенскіх вуліц. У другой частцы ўдзельнікі пройдуць па старых вуліцах горада і пазнаёмяцца з цікавымі невядомымі дробязямі пра горад. Напрыклад, яны даведаюцца, як кур’ёзна перайменавалі вуліцу 12-га Ліпеня, дзе захаваліся каналізацыйныя люкі польскіх часоў і старыя вадасцёкавыя трубы. Экскурсавод абяцае прывесці аргументы ў доказ таго, што паселішча на месцы Гродна існавала яшчэ з VII стагоддзя, а не з ХІІ, як мы прызвычаіліся лічыць. Другая частка пачнецца а 18:30 у чацвер, 5 мая, па адрасе Вялікая Траецкая вуліца, 14 і працягнецца некалькі гадзін. На яе трэба папярэдне запісацца падчас лекцыі або па тэлефоне +375-33-623-26-16, расказаў гаспадар этнакрамы «Цудоўня» Андрэй Несцяровіч.