Міністр культуры Беларусі аб новых літоўска-беларускіх фільмах, рэканструкцыі Старога замка ў Гродне і 500-гадовых творах
Міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў распавёў «Вячорцы» аб новых літоўска-беларускіх фільмах, поўнай бібліятэцы Францыска Скарыны і лёсе Старога замка ў Гродне.
Барыс Уладзіміравіч, сёння, 29 красавіка, вы падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве з міністрам Літвы Шарунасам Біруцісам на бліжэйшыя два гады. Раскажыце, калі ласка, пра асноўныя моманты гэтага пагаднення.
Кожныя два гады мы падпісваем дакументы, якія ўдакладняюць вялікую праграмму культурнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Літвой. Галоўная іх мэта — удакладніць і ўстанавіць канкрэтныя сувязі паміж установамі культуры. Функцыя міністэрстваў абедзвюх краін — гэта быць парасонам, які стварае ўмовы для рэалізацыі культурных стасункаў. А ўжо кожная арганізацыя павінна знайсці свайго партнера і развіваць гэтыя сувязі ў канкрэтных накірунках.
Па-першае, мы дамовіліся аб сумесным супрацоўніцтве ў галіне кінематографа. У нас існуе база, «Беларусьфільм», якая яшчэ ў працэсе рэканструкцыі, але яе ўжо можна эксплуатаваць не толькі нашым, але і замежным кінематаграфістам. Падчас кінафестывалю «Лістапад», які будзе ў адпаведным месяцы, мы запросім дэлегацыю літоўскіх кінематаграфістаў, якіх мы пазнаёмім з нашай кінематаграфіяй, каб рабіць пасля сумесныя праекты. Ёсць дзяржаўнае фінансаванне як з боку Беларусі, так і з боку Літвы. Праекты выбіраюцца праз механізмы конкурсу. Мы маем агульную гісторыю з Літвой, а гістарычныя фільмы патрабуюць шмат грошай. Таму добра было б нашыя намаганні аб’яднаць.
Другі накірунак — гэта тэатральнае мастацтва. Ёсць зацікаўленасць нашага тэатра Янкі Купалы ў запрашэнні літоўскага рэжысёра Оскараса Каршуноваса для таго, каб рэалізаваць на сцэне тэатра Янкі Купалы наш сумесны тэатральны праект ў 2017 годзе.
Ёсць шэраг прапаноў з боку нашых вышэйшых навучальных устаноў аб абмене студэнтамі. Нацыянальны гістарычны музея Беларусі прапанаваў абменьвацца спецыялістамі і праводзіць стажыроўкі ў галіне рэстаўрацыйных работ. Існуюць канкрэтныя прапановы аб усталяванні дошкі Якубу Коласу ў Вільні. Гэты праект ўжо рэалізуецца.
Вельмі буйны праект, які выходзіць па-за межы ўзаемаадносін паміж Беларуссю і Літвой, — гэта 500-годдзе першай кнігі Францыска Скарыны. У 2017 годзе мы будзем ладзіць вялікую выставу ў Мінску. Дзеля гэтага будзем прасіць усе замежныя бібліятэкі, якія маюць выданні Францыска Скарыны, каб яны далі свае арыгіналы. Таксама мы просім даць нам магчымасць перавесці гэтыя выданні ў лічбавы від. Ужо зараз рэалізуецца праект факсімільнага выдання ў Мінску поўнага збору твораў Францыска Скарыны: з 22 тамоў былі выдадзеныя 11. Гэты поўны збор факсімільных твораў будзе падараваны кожнай бібілятэцы, у тым ліку і шэрагу бібліятэк у Літве.
Якія культурныя падзеі вы можаце адзначыць па-за межамі Беларусі да канца года?
У самы бліжэйшы час будзе рэалізаваны праект, калі мы ў Ватыкане пакажам выставу праваслаўных і каталіцкіх ікон.
Сёння музеі спрабуюць новыя, больш інтэрактыўныя формы працы. Але наведвальнікаў у іх усё роўна няшмат. На вашую думку, што могуць зрабіць музеі сёння, каб прыцягнуць аўдыторыю?
Я з вамі не згаджуся. Па статыстыцы, колькасць наведвання музеяў павышаецца. Калі мы назіраем адток гледачоў ад тэатраў, то ў музеі глядач пайшоў. Па-першае, сваю ролю тут грае ноч музеяў. Прываблівае гледачоў таксама тое, што музеі імкнуцца пашыраць формы працы са сваімі наведвальнікамі і праводзіць канцэрты, творчыя сустрэчы. Па-другое, назіраецца вельмі цікавая тэндэнцыя: з’яўляецца шмат прыватных ініцыятываў, звязаных з калекцыянаваннем, з музейнай дзейнасцю. Мясцовыя жыхары, якія збіралі калекцыі для сябе, нясуць іх ў раённыя краязнаўчыя музеі, прапануюць экспанаванне сваёй калекцыі. Іншыя гараджане захапляюцца іх прыкладам. Я думаю, што ў хуткім часе музеі выйдуць на адно з першых месцаў па зацікаўленасці гледачоў.
Апошнім часам некалькі замкаў былі адноўленыя дзякуючы праграме «Замкі Беларусі». Ці рэальна завершыць рэкаструкцыю Старога замка ў Гродне?
Гэта ўсё рэальна. Ніхто не адлучаў Гродна ад гэтай праграмы. У сувязі з тым, што цяпер існуюць пэўныя фінансавыя цяжкасці, мы трохі замарудзілі гэты працэс, не спыняючы рэалізацыю гэтай праграмы. Але тое, што аднаўленне Старога замка будзе даведзена да канца, гэта безумоўна.