Новы сезон пачынаюць курсы беларускай мовы «Моваведа»
Першыя заняткі новага навучальнага года курсаў беларускай мовы «Моваведа ў Гародні» адбудуцца а 20:00 у пятніцу, 16 кастрычніка, на вул. Будзёнага, 48 у двухпавярховым доме ва ўнутраным двары.
Заняткі будуць прысвечаныя тэме «Мова — гэта каштоўнасць». А на наступных сустрэчах удзельнікі разгледзяць, як будаваць шчаслівую сям’ю, выхоўваць дзяцей, знайсці свой любімы занятак, як заўсёды заставацца актуальным і карысным у грамадстве. Наведвальнікі курсаў атрымаюць тлумачэнне пытанняў, звязаных з тэорыяй мовы, падчас абмеркавання тэмы заняткаў. Арганізатары абяцаюць, што «разынкай» курсаў сёлета стане магчымасць палепшыць сваё ўласнае жыццё.
Заняткі ладзяцца ўвечары раз на тыдзень. Уваход вольны. У мінулым навучальным годзе курсы «Моваведа» наведвалі 10–15 чалавек, расказала вядоўца курсаў Таццяна Сушко.
Сваімі ўражаннямі ад курсаў падзяліліся навучэнцы.
Наталля, мэнэджэр:
— Да курсаў «Моваведа» я не размаўляла на беларускай мове. Наведваючы заняткі, паступова змагла загаварыць па-беларуску. Атрымала на курсах не толькі мову, але і любоў да радзімы, мне сталі неабыякавыя свае карані.
Антось, будаўнік:
— Дзякуючы курсам «Моваведа» я лепш авалодаў мовай і пачаў з гонарам размаўляць на ёй усюды. Зараз я ўжо не саромеюся размаўляць па-беларуску, бо ведаю, што мая мова не горшая за іншыя мовы свету, а шмат у чым і лепшая. Значна пашырыў моўны запас, кругагляд. Калі размаўляю па-беларуску, то адчуваю сябе лепей: прачнулася любоў да радзімы, адказнасць за яе, хочацца быць гаспадаром, а не кватарантам, хочацца жыць тут, не пакідаць сваё месца, служыць Богу і людзям.
Наталля, педагог:
— Я ўжо даўно шукала такія курсы, бо мне патрэбна было моўнае асяроддзе з невялікай колькасцю людзей і спакойнай абстаноўкай. І я гэта атрымала. Я зразумела, што нас шмат — людзей, якія любяць Беларусь і хочуць размаўляць на роднай мове.
Даведка «ВГ»
«Моваведа» — гэта своеасаблівая моўная прастора, дзе людзі могуць у нязмушанай форме размаўляць па-беларуску, удасканальваць валоданне беларускай мовай, паглыбіцца ў значэнне беларускіх словаў, знаёміцца з каштоўнасцямі беларусаў на працягу гісторыі, пашырыць свой кругагляд і даведацца шмат розных моўных цікавостак.
У тэму
Бясплатныя курсы беларускай мовы «Мова Нанова Гародня» ладзяцца па панядзелках на вуліцы Будзёнага, 48а–63: а 18:00 для дзяцей і а 19:00 для дарослых.