Благадатны агонь прывязуць у Гродна

Благадатны агонь ад гроба Хрыста ў Іерусаліме прывязуць у Свята-Пакроўскі сабор у пятніцу, 4 верасня, а 20:00. Акцыя прымеркавана да дня беларускага пісьменства.

Фото: region.ej.by

Святыня наведае храмы Свіслачы і Вялікай Бераставіцы ўдзень пятніцы. Увечары ў гродзенскім саборы пры благадатным полымі адбудзецца малебен, пасля чаго лампаду завязуць у Свята-Раства-Багародзічны жаночы манастыр. Раніцай у суботу шлях працягнецца праз Верцялішкі і Скідзель да Шчучына. Святыню штогод на Вялікдзень прывозяць з Іерусаліма ў кафедральны сабор у Мінску, дзе яна захоўваецца.

Перад днём пісьменства агонь падарожнічае па Беларусі і накіроўваецца ў горад, дзе ладзяць свята пісьменства. Сёлета традыцыйная навукова-асветніцкая экспедыцыя з благадатным агнём ладзіцца ў 22-гі раз. Яго падарожжа пачалося 2 верасня праз Баранавічы, Івацэвічы, Бярозаўскі раён, Пружаны. Благадатны агонь прыпамінае аб уваскрасенні Хрыста і святле, які дае людзям. У гэтым падарожжы супадае фізічнае і духоўнае святло, а таксама свет асветы, які прыносіць пісьменства, патлумачыў настаяцель Свята-Пакроўскага сабора святар Георгій Рой.