Хіпстэр Якуб Колас быў падарожнікам». Гарадзенец перанёс знакамітых дзеячаў у сучаснасць

Вядомых беларускіх дзеячаў перанёс у сучаснасць гродзенскі студэнт-гісторык Алесь Перагудаў. Максім Багдановіч у яго ўяўленні пераўтварыўся ў хіпстэра, а Францішак Багушэвіч — у байкера.

Праект «Падарожнікі ў часе» прадстаўляе восем выбітных дзеячаў беларускай гісторыі XIX–XX стагоддзяў у новых вобразах.

— Я паспрабаваў уявіць, як бы яны выглядалі, калі б жылі сёння побач з намі, — тлумачыць Алесь. — У першую чаргу зврятаў увагу на знешнасць і узрост. Канешне, істотны быў іх накірунак дзейнасці. Я выбіраў тых, пра каго ведаю больш, знаёмы з іх творчасцю. Некаторыя вобразы з’яўляліся адразу, як, напрыклад, Максім Багдановіч. Гэта мой улюбёны паэт і адначасова самы блізкі вобраз у праекце. Успрымаю яго як рамантыка, хіпстэра. Але ён адрозніваецца ад хіпстэра Якуба Коласа — той хутчэй быў падарожнікам, да таго ж старэйшы па ўзросце.

Беларускі і польскі паэт Францішак Багушэвіч нечакана паўстаў у вобразе байкера з тату на біцэпсах. Аўтар тлумачыць, што такая асацыяцыя паўстала перад усім праз суворую знешнасць літаратара. Навуковец і падарожнік у Паўднёвую Амерыку Ігнат Дамейка прадстаўлены на чаўне недзе ў тропіках, а Янка Купала як тутэйшы паляўнічы. Кіраўнік паўстання 1863 года Кастусь Каліноўскі чакана застаўся і ў праекце гарачым змагаром. А форму элітных войскаў апрануў ваенны і палітычны дзеяч пачатку ХХ стагоддзя Станіслаў Булат-Балаховіч.

Хлопец натхніўся расповедам выкладчыка ўніверсітэта пра падобны праект у Брытаніі і вырашыў паўтарыць яго ў Беларусі. Увасабленне ідэі заняло каля месяца. Тэхнічнай часткай хлопец займаўся самастойна. Ён размалёўваў арыгінальныя чорна-белыя фотапартрэты людзей, а пасля рабіў фотамантаж з сучаснымі здымкамі, пазычанымі з прастораў інтэрнэту.

— Вельмі спадзяюся, што гэтыя працы не пакрыўдзяць нікога. Памятайце, што ўсё гэта толькі мая фантазія, — раіць студэнт.

Інтэрнэт-каментатары выказваюць розныя меркаванні наконт рэалізацыі ідэі, аднак водгукі захаплення значна пераважаюць. Менш чым за суткі праектам у сацсетках падзяліліся дзесяткі людзей.

Аўтар мае намер працягнуць праект, але пакуль не ведае, калі дакладна.

— Напэўна, гэта будуць таксама вядомыя беларускія дзеячы, але пакуль не магу сказаць, хто менавіта. Акрамя таго ёсць абмежаванні: я магу ўзяць толькі людзей, чые фотаздымкі захаваліся, а значыць, тых, што жылі пазней сярэдзіны XIX стагоддзя, — удакладняе аўтар.

Даведка «ВГ»

Алесь Перагудаў скончыў трэці курс па спецыяльнасці «Гісторыя» гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Найбольш цікавіцца гісторыяй Беларусі і Гродна. Студэнт ужо вядомы гарадзенцам як аўтар іншых праектаў. Ён расшыфроўваў знакі на сценах Каложы, параўнаў вядомыя месцы старога і сучаснага Гродна на фотаздымках, распрацоўваў варыянты брэнда роднага горада, афармляў паштоўкі са старажытнымі гродзенскімі рэцэптамі.