Дзеці з хоспіса паказалі гарадзенцам мюзікл
Дзеці з інваліднасцю паказалі гарадзенцам свае таленты і расказалі пра мары. Мюзікл «Брыдкае качаня» прайшоў у лютэранскай кірсе ў суботу, 6 снежня.
Некаторыя прыехалі на вазках, іншыя прыйшлі кульгаючы ды абапіраючыся на дарослых, кагосьці прынеслі на руках… Да гэтага маленькага свята перад Божым Нараджэннем яны рыхтаваліся паўгода. Убачыць новую трактоўку казкі Ханса Хрысціяна Андэрсэна, які, дарэчы, быў лютэранінам, прыйшло некалькі дзесяткаў чалавек.
Дзеці-інваліды разам з валанцёрамі Гродзенскага дзіцячага хоспіса падрыхтавалі мюзікл пра дзяўчынку Насту, якая ўвесь час сядзіць дома каля акна і не бавіцца, як іншыя дзеці. Яна, прыкаваная да інвалідскага вазка, баялася, што аднагодкі не прымуць яе ў сваю кампанію. Крок за крокам Наста з дапамогай мамы пераадольвала свой страх. Нарэшце яна пасябравала з іншымі дзецьмі ды ўбачыла, што мае сваю каштоўнасць нягледзячы на фізічныя абмежаванні.
Падчас мюзікла дзеці з хоспіса пелі па-англійску, чыталі вершы пра Гродна ды шкоднага ката, выконвалі музычныя творы на піяніна і нават танец на крэсле. Валанцёры дапаўнялі спектакль сучаснымі танцамі ды спевамі, а гледачы аднадушна падтрымлівалі артыстаў. Імпрэзу прысвяцілі Дню інваліда і Дню валанцёра, якія адзначаліся 3 ды 5 снежня адпаведна.
Дырэктар Гродзенскага дзіцячага хоспіса Вольга Шульга патлумачыла, што тэматыка тэатральнай пастаноўкі абраная невыпадкова: стаўленне да дзяцей-інвалідаў без стэрыятыпаў дапаможа ім раскрыць свае таленты. На імпрэзе прагучала таксама пропаведзь аб шчасці, якое міфічныя богі схавалі ад людзей у месца, дзе яго найцяжэй знайсці — унутр самога чалавека.
— Хрысціянская царква заўсёды ставілася да людзей роўна, незалежна ад іх абмежаванасцяў ці паходжання, — прывітаў сабраўшыхся лютэранскі пастар Уладзімір Татарнікаў. — Давайце будзем рабіць дабро — Бог верне нам яго ў сто і тысячу разоў больш. Паглядзіце на валанцёраў: яны аддаюць свой час і сілы, але атрымліваюць радасць ад камунікацыі з дзецьмі. Зараз час чакання Божага Нараджэння, калі варта задумаца пра свае стаўленне да Бога ды іншых людзей.
Спектакль быў бясплатным, але гледачы аддзячылі маленькім выступоўцам слодычамі ды іншымі падарункамі. Падчас імпрэзы можна было набыць рэчы, зробленыя бацькамі дзяцей-інвалідаў ды валанцёрамі. Яны падрыхтавалі не толькі прыгожыя сувеніры кшталту боціка для падарункаў, елачкі з пер’я ці чароўных мягкіх коцікаў, але і такія практычныя рэчы, як самаробнае мыла з пахамі ружы ды кавы, «бомбачкі» з крэмам для ванны або ўласна аздобленыя свечкі.
Даведка «ВГ»
У Гродзенскім дзіцячым хоспісе знаходзіцца каля паўсотні дзяцей. Валанцёры, пераважна студэнты факультэта псіхалогіі гродзенскага ўніверсітэта, дапамагаюць дзецям рабіць хатнія заданні, гуляюцца з імі, займаюцца на гуртку па інтарэсах.