Гарадзенец напісаў лепшыя ў Беларусі фантастычныя аповесці

Гарадзенскі пісьменнік Пётр Сямiнскi атрымаў дыплом за лепшы твор 2013 года ў намiнацыi “дэтэктыўная i прыгоднiцкая лiтаратура”. Гэта адбылося падчас Дня беларускага пісьменства, што адзначалі ў Заслаўі на мінулым тыдні.

Гарадзенскі пісьменнік Пётр Сямiнскi атрымаў дыплом за лепшы твор 2013 года ў намiнацыi “дэтэктыўная i прыгоднiцкая лiтаратура”. Гэта адбылося падчас Дня беларускага пісьменства, што адзначалі ў Заслаўі на мінулым тыдні.

Мерапрыемствы ладзіліся напрацягу двух дзён. Напярэдадні традыцыйная навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да святыняў” выправілася з Благадатным агнём і асветніцкай місіяй ад храма Святой Тройцы, што ў вёсцы Загор’е Брэсцкай вобласці, па прыходах Гродзеншчыны і Міншчыны. Як апавядаў пастаянны ўдзельнік пілігрымкі паэт Вадзім Спрынчан, сёлетняя экспедыцыя наведала храмы і манастыры Навагрудскага раёна, асвяціла Благадатным агнём падвор’е Свята-Благавешчанскага жаночага манастыра, пабывала на Лідчыне, Валожыншчыне, Маладзечаншчыне.

У межах свята адбылася маштабная прэзентацыя Бібліі Францыска Скарыны, надрукаванай па старажытных тэхналогіях, таму нельга яе лічыць факсімільным выданнем. Гэта ўпершыню цалкам адноўленая кніга на самаробнай паперы з ільну. Дзеля гэтага быў рэканструяваны станок ХVI стагоддзя. Між іншым, ён таксама быў прадстаўлены ў Заслаўі ў павільёне “Кніга і прэса Беларусі”, а кожны жадаючы мог паспрабаваць уласнаручна надрукаваць аркуш скарынаўскай Бібліі.

Адметнай падзеяй Дня пісьменства стала адкрыццё ў цэнтры горада помніка князю Ізяславу. Як вядома, імя юнага князя, які разам з маці полацкай князёўнай Рагнедай пасяліўся тут па загаду князя Уладзіміра, дало імя паселішчу. Скульптар увасобіў у вобразе Ізяслава абаронцу і адукаваную асобу: князь абапіраецца на меч, а правай рукой прыціскае да грудзей кнігу. Дарэчы, пячатка з імем Ізяслава лічыцца адным з самых даўніх помнікаў беларускага пісьменства.

Дваццаць першае па ліку свята было багата на выставы, прэзентацыі, канцэрты, майстар-класы і конкурсы. Больш як на кіламетр працягнуліся гандлёвыя рады, дзе акрамя кніг, сувеніраў, вырабаў народных умельцаў і тавараў прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці можна было знайсці смачныя стравы нацыянальнай кухні.

Узнагароджанне пераможцаў і лаўрэатаў Рэспубліканскага конкурсу на лепшы літаратурны твор года адбывалася на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы каля гарадскога вала пад сценамі колішняга старажытнага кальвінскага збору, а цяпер Спаса-Праабражэнскай царквы. Дыпломы і статуэткі “Залатых купідонаў” аўтары кніг, прызнаных кампетэнтным журы лепшымі, атрымлівалі з рук віцэ-прэм’ера Анатоля Тозіка, міністра інфармацыі Ліліі Ананіч, міністра адукацыі Сяргея Маскевіча, старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалая Чаргінца.

Дыплом лаўрэата за лепшы твор 2013 года ў намiнацыi “дэтэктыўная i прыгоднiцкая лiтаратура” атрымаў i гродзенскi пiсьменнiк Пётр Сямiнскi. Ён прадставіў на конкурс дзве кнігі прыгодніцка-фантастычных аповесцей.

На ўрачыстым закрыцці свята эстафета была перададзена прадстаўнікам горада Шчучына Гродзенскай вобласці, дзе будзе праходзіць Дзень беларускага пісьменства ў наступным, 2015 годзе.