«Мы яго ведалі і… не ведалі». Родныя і сябры пра Васіля Быкава

Са сваіх 79 год жыцця Васіль Быкаў пражыў у Гродне трыццаць. У гэтым горадзе засталіся супярэчлівыя ўспаміны аб яго асобе. Ён заракаўся ніколі не пісаць пра вайну. Уважліва слухаў, але ніколі не казаў пра сябе. Катаўся на чаўне, хаця мог дазволіць сабе аўтамабіль. Усе яго паважалі, але яго паплечнікаў спрабавалі завербаваць, каб сачылi за пісьменнікам.

Са сваіх 79 год жыцця Васіль Быкаў пражыў у Гродне трыццаць. У гэтым горадзе засталіся супярэчлівыя ўспаміны аб яго асобе. Ён заракаўся ніколі не пісаць пра вайну. Уважліва слухаў, але ніколі не казаў пра сябе. Катаўся на чаўне, хаця мог дазволіць сабе аўтамабіль. Усе яго паважалі, але яго паплечнікаў спрабавалі завербаваць, каб сачылi за пісьменнікам.

 

Данута Бічэль, гарадзенская пісьменніца: “Казаў, што ніколі не напіша пра вайну”

З Васілём Быкавым і Аляксеем Карпюком мы часта сустракаліся на сумесныя размовы. Часцей — на вуліцы, бо дома мог быць подслух. Яны называлі мяне “свойскі хлопец”, прынялі як свайго сябра. У нас была безліч размоваў — на шпацырах па беразе Нёмана. Быкаў так цяжка перажываў вайну, што казаў, што ніколі не будзе пра яе пісаць. А пасля распачаў пісаць толькі пра вайну.

Быкаў быў вельмі цёплым. Меў вочы вельмі ўважлівыя да сваіх суразмоўцаў. Увесь увага, як філосаф. Але што ў сярэдзіне ў яго рабілася, невядома.

Аднойчы мы прыйшлі да Васіля Уладзіміравіча ў госці з сябрам з Мінску. Ён частаваў нас канапкамі з вяндлінай. Пасля запрасіў пакатацца на чаўне па Нёмане. Сябар меў білет на цягнік і адмовіўся. Тады Васіль Уладзіміравіч запрасіў іншага свайго сябра Валянціна Чэкіна, каб наша сустрэча не выглядала інтымнай. На крэйдавых гарах Быкаў меў керасінку, на ёй зрабіў нам каву. А потым мы добра разам пасядзелі ў рэстаране «Сосны».

Пісьменнік прыцягваў у горад добрых, цікавых людзей. У госці да яго часта прыязджаў Макаёнак. Быкаў меў свайго выдатнага асабістага цырульніка. Яго знаёмы народны лекар рыхтаваў яму сродак супраць астмы, што засталася ў яго пасля вайны. Не было людзей, якія б яго не паважалі, з усімі ён быў добры.

Заўсёды падчас сходаў нешта маляваў у нататніку. Памятаю яго малюнак, як ён бяжыць на п’едэстал, і под iм даты жыцця: 1924–1985. Праўда, пражыў ён больш. А на адной з кніжак ён пакінуў мне просты аўтограф: “Хай табе, Данута, будзе добра і шчасліва”.

Аляксей Пяткевіч, беларусазнаўца: “Мяне хацелі завербаваць”

Мы з ім доўга жылі побач. Я працаваў выкладчыкам беларускай літаратуры ва ўніверсітэце. Клікаў яго да студэнтаў. Усе новыя аповесці Быкава абмяркоўваліся з яго ўдзелам. Ён выказваў нечаканыя думкі, пра што ніхто не думаў. Выходзіў па-за размову пра аповесць на жыццёвыя пытанні.

Калі яго пыталіся, чаму не набудзе аўтамабіль, адказваў: “Мне б на кані пакатацца”. Любіў свой човен. А пасля набыў аўтамабіль апошняй маркі. Хаця я ніколі не бачыў яго за рулём.

Ён гаварыў з паўзамі, манатонна. Быў вельмі стрыманы, ніколі не казаў пра свой унутраны стан, што адчувае, думае. Абсалютна не пускаў у сябе — ніколі. Мы яго ведалі і… трохі не ведалі. У кампаніі ён вельмі часта ўцякаў у сябе, адключаўся. Схіляў галаву на бок. Здавалася, слухаў, але нешта сваё было для яго важней, чым тое, што адбывалася вакол.

Я часта дакараў яго, беларускага пісьменніка, за тое, што ўжывае часам рускую мову. Мяркую, што ў гарадзенскі перыяд ён нацыянальна выхаваўся.

Ён ведаў, што за ім сачылі. Мяне аднойчы хацелі завербаваць, каб сачыў за ім. Я расказаў пра гэтага Быкаву. Ён разрагатаўся і сказаў, што я ўжо не першы. Дарэчы, наконт эмацыйных рэакцый — ён рэагаваў не так, як усе. Калі ўсе смяяліся, у яго нават мускул не варухнецца, яму было не смешна.

Калі мы даведаліся, што ён разводзіцца з жонкай, мы ў жаху былі. Гэты ад’езд нас ашаламіў. Мы яго асуджалі, прычым моцна. Быкаў для нас быў само сумленне, эталон маральнасці, а тут — такое. Мы ведалі Надзею Андрэеўну добра — яна была проста ідэальнай жонкай, цягнула ўсё на сабе, выхоўвала дзяцей.

Калі ён з’ехаў, я не крыў свайго стаўлення да яго ўчынку. Думаў, што ён абразіўся на мяне. Але ж калі мы сустрэліся праз гады ў Гродне на літаратурным сходзе, ён убачыў мяне, раскінуў рукі і мы абняліся так хораша. У мяне ад сэрца адлягло. А як заходзіў да яго дадому ў Мінску, ніколі не заставаў Ірыну Міхайлаўну.

За два гады да яго ад’езду за мяжу я прыйшоў да яго ў госці. Ён выглядаў такім панылым, нібы замучаным жыццём. Па размове ён адлучыўся і прынёс мне чарачку каньячку і цукерачку. Як многа значыў гэты жэст! Я доўга не мог прыйсці ў сябе. Гэта і сардэчнасць Быкава, і разам з тым яго магчымасці ў той час.

Васіль Быкаў, малодшы сын: “Ён мой любімы пісьменнік”

Бацька меў дэмакратычны характар, ніколі не настойваў ні на чым, не выказваўся ў форме загаду. Я запомніў яго далікатнасць. Яна заўсёды мне давала прастору для манеўру, для выбару. Адначасова я цаніў яго меркаванне, парады, просьбы. У школьныя часы мне было няёмка, калі я штосьці рабіў няправільна, не так, як ён хацеў.

Бацька быў уважлівы да дробных просьбаў. З камандзіровак ён заўсёды нешта прывозіў. У мяне не было сцізорыка, і ён мне яго прывёз. Гэта была рэдкая рэч. І ўвогуле ён быў добры. Неяк мы з хлопцамі майстравалі самакаты ў двары. А ён ішоў у плашчы ды з партфелем з працы. Убачыў, што мы, малыя, калоцім малаткамі, і паспрабаваў дапамагчы. Ён не саромеўся прыняць удзел. Гэта мне вельмі падабалася.

Мы бывалі разам не надта часта, бо ў мяне, як у хлопца, быў свой свет. Памятаю час, калі айцец захапіўся тэхнікай. Ён, яго калегі, паплечнікі, знаёмыя набывалі маторныя чаўны. Гэта быў бзік у інтэлігенцкага асяроддзя тых часоў. Гэта і мяне цікавіла, але не сама тэхніка, а магчымасць пабываць на прыродзе. Я з задавальненнем ездзіў уверх па Нёмане. У той час было мала тэхнікі, бацька ставіўся да гэтага сур’ёзна. Для мяне гэта была паездка цалкам у іншы свет, бо рака з вады — зусім іншая, чым рака з берага. Можна было палавіць рыбу.

Бацька падтрымліваў маё дзіцячае захапленне маляваннем. Ён мне набываў альбомы, фарбы, літаратуру па жывапісу. Гэта была тэма, блізкая яму. Я шмат маляваў і бачыў, што ён гэтаму рады.

Мы сустракаліся і пасля ад’езду бацькі ў Мінск. Гэта быў цяжкі для яго час, для нас — таксама. Калі ён быў у Фінляндыі, рэгулярна званіў. Паведамляў мне, калі прыязджаў у Мінск ці Гродна. Ён любіў прайсціся па Савецкай вуліцы, па Алега Кашавога (цяпер вуліца Вялікая Траецкая), ацэньваў, як што змянілася. Калі не было інтэрнэту і мабільнага тэлефона, ён пісаў шмат лістоў, паштовак. Апошнім часам у Беларусі бываў рэдка. Мы сустракаліся на дзень-два.

Апошні раз я бачыў бацьку напярэдадні яго смерці. Прыехаў да яго ў шпіталь у Мінск. Ён быў у кепскім стане. Я паразмаўляў з яго ўрачом. Я сам урач і разумеў, да чаго ўсё ішло. Аднак не падазраваў, што ўжо праз некалькі дзён яго не стане. Мне было вельмі балюча, што бацька адыйшоў без мяне — так атрымалася, што я тады быў за мяжой. Ён трымаўся малайцом, наколькі гэта было магчыма. Але нашая сустрэча не была вельмі радаснай.

У мяне ёсць такая ж настальгія, як і ў бацькі, па старым Гродне, старых дварах, вуліцах. Тут упершыню бацька атрымаў сваё месца для жыцця. Двор на Алега Кашавога быў самым дарагім успамінам. Тут ён пачынаў пісаць, пачынаў працаваць. На нейкі час арганізавалася яго жыццё як пісьменніка, як чалавека. Калі ён прыязджаў у Гродна, ён заўсёды выходзіў на Савецкую, прыходзіў на Алега Кашавога. Двор змяніўся, знеслі плоты, але рэшта засталася такая, як і раней. У яго шмат здымкаў на беразе Нёмана, каля замкаў. Ён заўсёды хацеў наведаць Гродна, але — не застацца тут жыць, бо ўсё змянілася. Але нейкае пачуццё ў яго засталося, ён быў зацікаўлены горадам.

Для мяне не сюрпрыз, што у Гродне дагэтуль няма вуліцы Васіля Быкава ці памятнай шыльды. Дастаткова ведаць, як складваліся яго апошнія гады ў Беларусі. Нават калі ветэраны ставяць шыльду на палачках «У гэтым доме жыў пісьменнік Васіль Быкаў», нехта яе вырывае ды ўносіць. Шкада, канешне. Калі б ён быў іншым чалавекам, то магчыма даўно была б вуліца яго імя. Але ён відаць «заслужыў», каб не было яго вуліцы.

Дух нязгоды быў у ім заўсёды. Тое, што не падабаецца, у нас паказваць не прынята, а бацька ў сілу свайго характару з гэтага пачаў і гэтым скончыў. Не баяўся выказваць сваю нязгоду. Былі прынцыповыя моманты: палітыка русіфікацыі і зжацце зоны незалежнасці, на аснове чаго ўзнік яго канфлікт з уладай.

У маіх дзяцей менш цікавасці да творчасці дзеда. Можа, з часам яна з’явіцца, але да гэтага трэба дасталець. Я таксама ў дзяцінстве не цікавіўся суполкай бацькі і літаратурай.

У Гродне пачаў пісаць, ажаніўся, выхоўваў сыноў

Васіль Быкаў нарадзіўся у вёсцы Бычкі Віцебскай вобласці ў 1924 годзе. Скончыў некалькі курсаў мастацкай адукацыі ў вучылішчы. Падчас вайны яго ледзь не расстралялі як нямецкага шпіёна. Быў паранены, памылкова родным паведамілі аб яго смерці.

У Гродна ў 1947 годзе, паводле Дануты Бічэль, прыехаў таму, што тут было дзе жыць і што есці. Працаваў у мастацкіх майстэрнях. Пасля ўладкаваўся ў газету «Гродзенская праўда». У гэты ж час пачаў пісаць аповесці пра вайну. Тут Быкаў пазнаёміўся са сваёй першай жонкай Надзеяй Андрэеўнай Кулагінай. У іх нарадзіліся два сыны — Сяргей і Васіль. За гарадзенскі перыяд сям’я Быкава змяніла з дзесятак месцаў жыхарства. Найбольш вядомыя з іх тры: вул. Алега Кашавога (цяпер Вялікая Траецкая),
д. 28, кв. 20; вул. Свярдлова, д. 18, кв. 30; вул. Парыжскай Камуны, д.9, кв. 11.

У 1978 годзе Васіль Быкаў з’ехаў у Мінск са сваёй другой жонкай Ірынай Міхайлаўнай Суворавай, якая ў адрозненні ад першай адразу ўзяла прозвішча мужа. Надзея Андрэеўна ў хуткім часе захварэла на рак і памерла. А Васіль Быкаў жыў у Фінляндыі, Германіі, Чэхіі, зрэдку наведваў Беларусь. У Мінск вярнўся за месяц да смерці. Памёр у анкалагічным аддзяленні шпіталя ў Бараўлянах 22 чэрвеня 2003 года. Пахаваны ў Мінску. Сёння ён меў бы трох ўнукаў і трох праўнучак.