Гарадзенцам прапануюць палічыць усіх буслоў у вобласці
Кожны ахвотны можа палічыць буслоў і буслянят у сваёй мясцовасці. Беларусь у сёмы раз удзельнічае ў міжнародным перапісе буслоў.
Як расказаў рэдактар сайта “Птушкі штодня” гарадзенскі арнітолаг Зміцер Вінчэўскі, міжнародныя ўлікі буслоў праводзяцца раз на 10 гадоў. Паводле апошняга, у 2004 годзе ў Беларусі гнездавалася каля 22,5 тысячы пар буслоў. Цікава, што кожны дзесяты бусел у свеце — “беларус”. Наша краіна займае чацвёртае месца па колькасці гэтых птушак пасля Польшчы, Іспаніі і Украіны. Найбольш населены бусламі раён — Палессе.
Каб прыняць удзел у перапісе, патрэбна палічыць усіх буслоў у сваёй мясцовасці: вёсцы, горадзе ці вуліцы. Пажадана на тэрыторыі па-над 100 км2, але можна і меншай. Важна заўважыць усіх птушанят, якіх кепска бачна ў гнязде. Найлепш гэта атрымаецца, калі дарослыя бацькі вяртаюцца ў гняздо пакарміць буслянят.
На сайце арганізыцыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” з’явілася старонка, дзе можна знайсці ўзор анкеты для ўнесяння дадзеных і адрасы, па якіх дасылаць вынікі падліку.