Старадаўні балкон на Будзёнага закрылі металічнымі лістамі

Старажытныя дэталі, якія ў тым ліку дапамагаюць Гродна трымаць статус еўрапейскага гораду, працягваюць знікаць з вачэй гараджан ды турыстаў. Чарговым аб’ектам стаў літы чыгунны балкон на вуліцы Будзёнага, 36.

Будзёнага, 36. Што ёсць...

Убачыць толькі адзін чалавек

Яшчэ нядаўна дом па Будзёнага, 36 быў увесь у лясах — бягучы рамонт. Пайшлі чуткі, што на пярэднім фасадзе зменяць старадаўнія балконныя агароджы на сучасныя. З чатырох гаўбцоў правы ніжні прыцягвае найбольш увагі — ён літы з чыгуну, а значыць, найбольш каштоўны.

Гаспадыня кватэры №15 Ала Міхайлаўна, да якой належыць гаўбец, жыве ў доме 50 год. А дом быў пабудаваны ў 1900 годзе. Жанчына гаворыць, што перад рамонтам да яе прыходзілі, глядзелі, што можна зрабіць з балконам.

— А потым сказалі, што балкон пакінуць, але бачыць яго змагу толькі я. Усю прыгажосць ад гараджан закрыюць лістамі пластыка, — гаворыць гаспадыня.

У кватэры зараз засталася толькі яна ды няўрымслівы папугай Кеша. Ала Міхайлаўна расказала, што астатнія тры балконы на фасадзе таксама былі чыгуннымі, але падчас рамонтаў на працягу года іх замянілі на звычайныя металічныя.

Як расказалі будаўнікі на месцы, згодна з праектам балконную агароджу сапраўды закрыюць паўпразрыстымі чырвонымі лістамі, а зверху прымацуюць новыя аднолькавыя выпуклыя металічныя ўпрыгожванні. Пасля рамонту балконы будуць выглядаць падобна, як у доме на Будзёнага, 58, што стаіць на рагу вуліцы тварам да чыгуначнага вакзала. Толькі тут іх шкліць не будуць, яны застануцца адкрытымі.

А была бы яшчэ адна прывабная дэталь у горадзе

Гарадзенскi мастацтвазнаўца Любоў Зорына ставіцца да такога рамонта, калі старажытныя каштоўныя дэталі замяняюць на «самыя прастецкія», надзвычай адмоўна. Яна мяркуе, што каштоўнасць аўтэнтычных старажытных дэталяў у тым, што яны прысутнічалі ў будынку ад пачатку, стваралі агульнае ўражанне ад пабудовы.

— Навошта чалавеку нага? Яна была ў яго першапачаткова. Пратэз, хоць і прыгожы, не заменіць сапраўднай нагі, — параўноўвае спецыяліст.

Мастацтвазнаўца адзначыла, што чыгунныя балконы не патрабуюць пра сябе вялікага клопату. Агароджу трэба час ад часу фарбаваць і сачыць, каб была добра замацаваная. Цікава, што чыгун не ржавее. Праўда, ён хоць і даўгавечны, але крохкі — кідаць такія балконы з вышыні нельга. Любоў Зорына дадала, што яшчэ нядаўна ў доме №36 на вуліцы Будзёнага старажытнымі былі ўсе чатыры балконы, а таксама брыль над фасадным уваходам. Аднак паступова яны ўсе зніклі.

Дарэчы, ў доме яшчэ засталіся старыя металічныя парэнчы і ўзорная кафля. Але ж падчас рамонтаў яна была моцна забруджана фарбай.

Пакуль мы рыхтавалі матэрыял у друк, гаўбцы паспелі перакрыць чырвонымі металічнымі лістамі. Праўда, пакуль толькі тры, але сярод іх і чыгунны.

 

Чытайце таксама:

Ночью в центре Гродно сносили здание, которому больше 100 лет (добавлено видео)

Гісторыкі прапануюць палічыць у старым Гродне ўсе печкі, вокны і дзверы