«Гамлет» пад вадой у выкананні лялек і аднаго акцёра

Падводныя марыянеткі з Польшчы ўпершыню прыехалі ў Беларусь. Яны выканалі «Гамлета» на сцэне тэатра лялек.

 

Ідэя стварэння незвычайных марыянетак прыйшла ў галаву польскаму акцёру Адаму Вальнаму з тэатра аднаго акцёра Walny teatr. Раней ён нідзе не сустракаўся з такімі персанажамі, а зрабіў іх спецыяльна для спектакля «Гамлет».
— Справа не ў арыгінальнасці. Гэта пытанне драмы. Была патрэбная ізаляцыя лялек ад акцёра на сцэне. Частка герояў бачыць духа айца Гамлета, а частка — не. Яны закрытыя ў сваім свеце, — тлумачыць Адам.
Сам ён грае ў спектаклі ролю духа айца Гамлета і кіруе марыянеткамі. Адам не толькі адзіны акцёр у сваім тэатры, але і рэжысёр, сцэнарыст, стваральнік лялек. Кожную марыянетку ён рабіў цягам 10–14 дзён.
— Лялькі — гэта вельмі сур’ёзная справа, — мяркуе акцёр. — Яны не толькі для дзяцей.
Марыянеткі драўляна-каменныя, пагружаныя ў асобныя акварыумы з вадой. Перад самым выступам адзін з іх нечакана пацёк. Звычайна Адам ставіць дэкарацыі загадзя і глядзіць, дзе непарадак. А тут не хапіла часу ўсё праверыць. За дзесяць хвілін перабралі некалькі варыянтаў — заклеіць шкло, падбіць скрыню малатком, уключыць у дэкарацыі вядро… Урэшце ваду напалову адпампавалі. Праўда, невялікі капеж усё роўна стаў часткай спектаклю.
Але Адам прызвычаены да нечаканасцяў. Гаворыць, што заўсёды што-небудзь адбываецца:
— То рука адпадзе ў лялькі, то нага.
— А што вам найбольш перашкаджае на сцэне?
— Цікава, што калі забываю словы, то можа атрымацца лепш, чым калі іх памятаю. Калі лялька непаслухмяная, то можа граць лепш, чым калі б добра слухалася. Але лялькі адразу так зробленыя — крыху непаслухмяныя. Канешне, лепш, калі ёсць увага з боку зала. Няўжо ж нехта прыходзіць на прадстаўленне, каб есці чыпсы?!
Апрача падводных марыянетак Адам выкарыстоўвае тэатр ценяў, вулічныя формы анімацыі малюнка. Напрыклад, калі аўтар накладвае рулоны паперы з малюнкамі адзін паверх другога і з дапамогай святла атрымлівае ўвесь час новыя адлюстраванні, пры гэтым апавядаючы гісторыю.
«Гамлета» граў па-польску. Але ж Шэкспіра на іншаў мове ў выкананні лялек успрымаць было не надта проста. Праўда, на лепшае ўспрыманне ўплывалі «спецэфекты»: вада ў акварыумах афарбоўвалася праз трубачкі ў розныя колеры. І, напэўна, не патрэбна было нічога тлумачыць, калі напрыканцы ўсе акварыумы густа заліліся чырванню.